Удзельніка пратэстаў летась асудзілі на 15 дзён арышту, сёння за тое самае – тры гады калоніі


Беларускія законы не дазваляюць двойчы караць за адно і тое ж, але суды так робяць.

«Марш герояў». Менск, Беларусь. 13 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

25-гадовага менчука Аляксея Мальцава асудзілі на тры гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі аульнага рэжыму за ўдзел у пратэстах 13 верасня 2020 года, піша «Вясна».

Яго вінавацілі адразу ў «Групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт. 342 КК РБ) і «Замаху на крадзеж» (ч.2 арт. 205 КК РБ). З чым быў звязаны другі артыкул, праваабаронцы не пішуць.

Што да першага, мужчыну вінавацілі ў наступным. 13 верасня ён нібыта ў стане алкагольнага ап’янення выйшаў на балкон, пабачыў пратэстоўцаў, выкрыкваў лозунг «Жыве Беларусь», пасля заклікаў пратэстоўцаў далучыцца – выйшаў на вуліцу і ўзяў удзел у несанкцыянаваным мітынгу. Ішоў з іншымі людзьмі па праезнай частцы дарогі да «Менск-Арэны», чым перашкаджаў руху транспарту і працы прадпрыемстваў, а калі падышоў да першага шэрагу супрацоўнікаў міліцыі – паказваў ім непрыстойныя жэсты.

Фотарэпартаж
«Рві дыктатуру, як Маша пашпарт». Пазітыўная атмасфера з Марша герояў. ШМАТ ФОТА
2020.09.14 00:18

На пытанне, навошта так рабіў, абвінавачаны адказаў, што глядзеў відэа з пратэстаў, як людзей білі.

У той вечар быў затрыманы каля станцыі метро «Пушкінская», але яго вывезлі за горад на мікрааўтобусе і выпусцілі. Аднак у кастрычніку за падзеі 13 верасня асудзілі на 15 дзён арышту.

Цяпер яго зноў судзілі за ўдзел у тым жа пратэсце. Беларускае заканадаўства не забараняе наўпрост, але і не дазваляе караць за адно і тое ж паводле адміністратыўнага і крымінальнага кодэксу. Адназначна прапісана, што нельга караць двойчы за адно і тое ж паводле Крымінальнага кодэксу (п. 6 арт. 3 КК). Можна хіба караць паводле КК за паўторнае адміністратыўнае парушэнне.

АА belsat.eu

Стужка навінаў