У Цверы размалявалі дзверы расейскага актывіста, які быў назіральнікам на леташніх выбарах у Беларусі


У ноч на 14 жніўня ў Цверы невядомыя размалявалі ўваходныя дзверы ў кватэры актывіста Арцёма Важэнкова. На дзверы напісалі «Убирайся, мразь!» і намалявалі бел-чырвона-белы сцяг, паведамляе мясцовае выданне «7х7».

Некалькімі днямі раней па рашэнні суду яго знялі з выбараў у Заканадаўчы сход рэгіёну.

Размаляваныя дзверы актывіста Арцёма Важэнкова.
Фота: vazhenkovteam / Telegram

Паводле яго слоў, пагрозы ў свой адрас з невядомых акаўнтаў па электроннай пошце і смс ён атрымлівае ўвесь апошні тыдзень.

Пагрозы ў адрас Арцёма Важэнкова.
Фота: vazhenkovteam / Telegram

З’яўленне бел-чырвона-белага сцяга на дзвярах, на думку актывіста, звязана з беларускім мінулым: у жніўні 2020 года ён у якасці назіральніка ад руху «Голас» ездзіў у Беларусь на выбары прэзідэнта. Тады яго затрымалі і абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Пяць содняў ён правёў у ізалятары на Акрэсціна, дзе яго збівалі.

«Спецыяльна ці выпадкова так супала, але сімвалізм гэтага малюнка ў тым, што заўтра, 15 жніўня, спаўняецца год, як мяне вызвалілі з Акрэсціна», – заўважыў Важэнкоў.

Актывіст звязаў інцыдэнт са сваёй грамадска-палітычнай дзейнасцю і ўдзелам у выбарах, але не ведае, хто б гэта мог зрабіць.

Актывіст ужо напісаў заяву ў паліцыю.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў