Прэзідэнт Латвіі падказаў мігрантам: «Можаце прасіць прытулку ў Беларусі»


Латвійскія памежнікі тым часам заяўляюць, што з беларускага боку мігрантаў «падганяюць» у Латвію ўзброеныя людзі.

Ілюстрацыйнае фота. Літоўска-беларуская мяжа. Куаджай, Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Прэзідэнт Латвіі Эгілс Лэвітс заявіў 13 жніўня, што мігранты з трэціх краінаў, якія незаконна перайшлі мяжу Латвіі з боку Беларусі, могуць прасіць прытулку ў Беларусі, піша латвійскае выданне LSM.

Пасля перамоваў з прэм’ер-міністрам ён заявіў, што сітуацыя на мяжы з Беларуссю – гэта гібрыдная вайна супраць Латвіі і Еўразвязу, на якую трэба цвёрда рэагаваць. Хуткае паляпшэнне інфраструктуры на мяжы ён назваў абсалютным прыярытэтам.

У Латвіі следам за Літвой вырашылі не прымаць мігрантаў з трэціх краінаў, якія перайшлі беларуска-латвійскую мяжу, а вяртаць іх у Беларусь. Некаторыя ў Латвіі крытыкуюць гэта як парушэнне правоў чалавека. Прэзідэнт так не лічыць:

«Што тычыцца правоў чалавека, то гэта людзі, якія прыбылі ў бяспечную краіну. Беларусь – бяспечная краіна, Беларусь не палюе на гэтых людзей, якія прыбылі з трэцяй краіны. Яны могуць прасіць прытулку ў Беларусі», – заявіў Лэвітс.

Інтэрв’ю
Эскалацыя ці асцярожнасць? Чаго чакаць на беларуска-літоўскай мяжы
2021.08.06 16:00

Прэм’ер Латвіі Артурс Карыньш пагадзіўся з тым, што з боку беларускага рэжыму Латвіі пагражае гібрыдная вайна, як і Літве. Менавіта беларускі рэжым ён лічыць арганізатарам міграцыйнага крызісу. Ён заявіў, што ягоны ўрад дзейнічаў хутка і надаў памежнікам усе неабходныя паўнамоцтвы, каб абараніць мяжу, і даў ім дапамогу вайскоўцаў.

Карыньш паабяцаў, што не дапусціць ніякіх правакацыяў або «контрмераў» беларускага рэжыму на мяжы Еўразвязу.

Hавiны
Даследчыкі з Нямеччыны і Расеі пацвердзілі, што за пастаўкамі мігрантаў стаяць улады Беларусі
2021.08.13 18:09

Пасля рашэння Літвы выдвараць мігрантаў назад у Беларусь Латвія стала затрымліваць істотна больш мігрантаў, а потым таксама вырашыла разварочваць іх. 10 жніўня Латвія ўвяла надзвычайнае становішча на мяжы, 12 жніўня Сейм ухваліў рашэнне адзінагалосна.

Латвійская памежная служба тым часам выявіла выпадкі, калі ўзброеныя людзі на беларускім боку падганяюць мігрантаў у бок Латвіі. Пра падобнае расказваюць і ў Літве, пры чым літоўскія памежнікі не раз чулі страляніну з беларускага боку.

АА belsat.eu

Стужка навінаў