Выдалі ордар на арышт сына Кадафі за сувязь з расейскімі «вагнераўцамі»

Саіфа аль-Іслама Кадафі апісваюць як «расейскага фаварыта» на ролю кіраўніка Лівіі. Ён збіраўся вяртацца ў палітыку, нягледзячы на міжнародны вышук.

Саіф аль-Іслам Кадафі, сын Муамара Кадафі, на судзе ў Зінтане, Лівія. 22 чэрвеня 2014 года. Фота: Ismail Zetouni / Reuters / Forum

Вайсковая пракуратура Лівіі выдала ордэн на арышт Саіфа аль-Іслама Кадафі за сувязь з расейскімі наймітамі, піша BBC. Паводле выдання, ордар выдалі яшчэ 5 жніўня, але зрабілі гэта публічным толькі пасля публікацыі расследавання BBC.

Расейскія найміты прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнера», піша BBC, упершыню з’явіліся ў Лівіі ў 2019 годзе і далучыліся да паўстанцаў у атаках на ўрад, які падтрымлівае Арганізацыя аб’яднаных нацыяў. Той канфлікт завяршыўся замірэннем у кастрычніку 2020 года. Паўстанцы пры падтрымцы Расеі кантралююць усход краіны.

Дыктатар Муамар Кадафі кіраваў Лівіяй з 1969 года, калі ў выніку дзяржаўнага перавароту зрынуў манархію, да грамадзянскай вайны 2011 года, калі яго забілі паўстанцы. Пасля 2011 года грамадзянская вайна працягнулася. Была пакараная смерцю практычна ўся сям’я Кадафі – выжыў толькі сын Саіф аль-Іслам Кадафі.

Дакументальныя фільмы пра дыктатараў: што паглядзець у перапынках паміж пратэстамі

З гэтым сынам да 2011 года звязвалі магчымасць рэформы ў Лівіі: вучыўся ў прэстыжнай Лонданскай школе эканомікі, стаў адным з самых уплывовых пасля бацькі людзей у краіне. Але ў 2011 годзе ён узяў удзел у здушэнні пратэстаў, трапіў у палон да паўстанцаў і быў вызвалены імі толькі праз шэсць гадоў.

У ліпені ў інтэрв’ю «The New York Times» Саіф аль-Іслам Кадафі заявіў, што збіраецца вярнуцца ў палітыку. Пры тым ён знаходзіўся і знаходзіцца ў вышуку Міжнароднага крымінальнага суда за злачынствы супраць чалавецтва падчас здушэння пратэстаў. Яго магчымае вяртанне ў палітыку звязвалі з інтарэсамі Крамля: крыніцы ў Расеі казалі BBC, што ён «фаварыт» Масквы на пасаду кіраўніка Лівіі.

З яго бацькам меў цесныя сувязі Аляксандр Лукашэнка: ён называў Муамара Кадафі не проста сябрам, а «братам». На нядаўняй «Вялікай размове» Лукашэнка называў Муамара Кадафі сваім «настаўнікам» разам з Садамам Хусэйнам і Фідэлем Кастра.

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны