«Крыптавалюты будуць папулярныя ў Беларусі, як і VPN». Размова з Андрэем Стрыжаком


Як беларусы будуць падтрымліваць фонды, калі ўлада заблакуе сістэму данатаў праз банкаўскія карты? Што чакае НКА, якія працягваюць працаваць або плануюць абскардзіць пастанову аб ліквідацыі? Даведаліся ў Андрэя Стрыжака, сузаснавальніка Фонду салідарнасці BYSOL.

Андрэй Стрыжак, сузаснавальнік Фонду салідарнасці BYSOL. Увесну 2020-га года ён з праектам Byсovid19 развозіў па шпіталях адсутныя сродкі абароны і медтэхніку, а пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года і акцыяў пратэсту стаў дапамагаць пацярпелым, звольненым, стачкамам, палітвязням. СК Беларусі абвясціў Стрыжака ў міжнародны вышук. Яго абвінавачваюць у фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання і рыхтаванні асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Чым займаецца фонд у апошнія месяцы?

– Калі вулічныя акцыі немагчымыя, а любая іншая адкрытая праява салідарнасці караецца вялікімі тэрмінамі, застаецца толькі салідарнасць праз падтрымку фондаў. І людзі падлучаюцца. Нейкі час таму мы правялі сумесную вялікую працу па верыфікацыі дадзеных ветэранаў разам з BY_hepl. Усяго было выплачана дапамогі ў эквіваленце 3 648 929 еўраў. Таксама мы выступілі партнёрамі для Media Solidarity Belarus Campaign у зборы дапамогі для журналістаў. Варта адзначыць, што ў канцы траўня мы былі на своеасаблівым піку ў працы.

Калі ўлада ліквідавала Tut.by і ўзмацніла рэпрэсіі супраць журналістаў, людзі масава сталі выказваць сваю салідарнасць праз ахвяраванні.

– Зробім дапушчэнне, што традыцыйны перавод становіцца немагчымым. Якая будучыня ў фонду?

– У нас няма фактаў пра пераслед тых, хто афармляе ахвяраванне ў BYSOL. Але мы разумеем, што любая ініцыятыва можа разглядацца як антыдзяржаўная дзейнасць і пагражаць наступствамі. Таму метады, якія мы выкарыстоўваем для прыняцця данатаў, прадугледжваюць асобны механізм абароны ахвярадаўцаў. Напрыклад, праца з Facebook.

Офіс Фонду салідарнасці BYSOL у Вільні.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Ахвяраванне праз сацыяльную сетку для банку выглядае як перавод на адзін з мноства сэрвісаў Facebook. Дадаткова развіваем працу ў напрамку крыптавалюты. На дадзеным этапе аперацыі з імі ў Беларусі цалкам законныя, іх выкарыстанне не абмежаванае.

– Малады жыхар сталіцы хутчэй за ўсё без праблем асвоіць данаты ў крыптавалютах. Як быць умоўнай Галіне Пятровай з Глыбокага?

– Такіх Пятровых у нас з BY_hepl сумесна больш за 18 тысяч атрымальнікаў. З досведу ведаю, што людзі вельмі хутка вучацца, калі ім трэба. Цяпер гэта яшчэ адна праграма на тэлефоне, якая не надта адрозніваецца ў абслугоўванні ад банкаўскай карыстальніцкай праграмы. Кагосьці праводзім за руку фактычна праз увесь працэс, а ад кагосьці чуем, што яны ўжо знаёмыя з прынцыпам. Так што акрамя падтрымкі, мы яшчэ павышаем узровень фінансавай пісьменнасці беларусаў.

– Вернемся да працы фонду. Не раз у сеціве з’яўляліся рознага роду злівы. Як гэта пракаментуеце?

– Ніякай адчувальнай інфармацыі аб атрымальніках дапамогі ніколі не выцякала, а ўсё, што станавілася публічным – аспекты ўнутраных узаемаадносінаў арганізацыі. Гэта натуральны працэс, калі людзі прыходзяць і сыходзяць.

Від з акна ў віленскім офісе Фонду салідарнасці BYSOL.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Часцяком публічным робіцца прыватнае меркаванне, якое не стрымаць падпіскаю аб нераскрыцці.

Таму наш метад – праца з блокам інфармацыі з абмежаваным доступам. Гэта звесткі нашых атрымальнікаў дапамогі ў Беларусі. А астатняе… Калі пра гэта кажуць два чалавекі, ёсць патэнцыйная магчымасць, што інфармацыя стане агульнадаступнай. Мы гэта цалкам усведамляем.

– А яшчэ ёсць і негатыўныя каментары і кэйсы атрымальнікаў вашых ахвяраванняў.

– Тут як у бізнэсе: 90 % карыстальнікаў паслугамі не даюць ніякай зваротнай сувязі, але 10 % кліентаў лёгка фармуюць негатыўны паток інфармацыі аб працы. У нейкі момант гэта было для нас выклікам, таму што негатыўныя каментары спалучаліся з ціскам дзяржпрапаганды. Цяпер сітуацыя спрасцілася, а наш асноўны профіль працы – персанальныя зборы на сайце, кропкавае ўздзеянне і развязанне пытанняў.

BYSOL больш не працуе з вялізнымі масамі людзей, як гэта было ў перыяд са жніўня да снежня 2020 года. Цяпер ёсць магчымасць дэталёва разабрацца ў кожным выпадку, прапрацаваць адкладзеныя кэйсы і закрыць там свае абавязкі.

Андрэй Стрыжак, сузаснавальнік Фонду салідарнасці BYSOL.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Акрамя гэтага ў нас распрацаваная сістэма працы з людзьмі, якія атрымалі моцную эмацыйную і псіхічную траўму. Яшчэ адзін з няпростых для нас напрамкаў – міжнародная крымінальная юрысдыкцыя. Мы дапамагаем міжнародным сілам, якія вядуць разгляд і пераслед тых, хто катаваў удзельнікаў мірных пратэстаў у Беларусі. Тут даводзіцца працаваць з вельмі траўматычным досведам гвалту.

– Ці падтрымліваюць фонд бізнесоўцы? Гаворка пра тых, якія засталіся ў Беларусі.

– Буйны бізнес публічна нас ніколі не падтрымліваў. Публічна выказваліся толькі прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, якога ў большасці сваёй у Беларусі ўжо не існуе. Гэтая сфера разгромленая, выціснутая з краіны, многія сядзяць. Цяпер цяжка сказаць: выйграў ці прайграў Лукашэнка ў доўгатэрміновай перспектыве. Таму ў нашай працы здараюцца нечаканыя сітуацыі, калі цікавыя людзі шукаюць страхаванне ў фондзе на дзень Х.

Офіс Фонду салідарнасці BYSOL. Вільня, Літва. 20 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

З іншага боку мы выразна бачым і ведаем прыхільнікаў Лукашэнкі, якія мабілізаваныя ўладай. На жаль, гэта знак сумных перспектываў для бізнесу ў Беларусі.

Сітуацыя са «Шкодай» паказальная. Калісьці нашая краіна была напаўшэрай зонай, дзе нейкі дзіўны чалавек кіраваў дзяржавай 26 гадоў, але не перашкаджаў бізнесу. Цяпер бізнесмены ўбачылі рызыкі, усвядомілі пагрозы.

Агулам мой прагноз у дачыненні бізнесу – умерана негатыўны. Будзе расці падатковая нагрузка і пачнуць змяншацца падатковыя выплаты ўнутры краіны. На жаль, але сфера IT, якая прыносіла нядрэнныя валютныя прыбыткі, знішчаецца.

– Як цяпер справы з падтрымкай фондаў з-за мяжы? Іншыя фонды, дыяспары?

– Дзяржавы ў цэлым дастаткова выразна выказалі сваю пазіцыю наконт Беларусі і адстойваюць яе. Але ўвогуле цікавасць да Беларусі ўпала. У свеце шмат неспакойных месцаў, усюды пастаянна нешта адбываецца.

Офіс Фонду салідарнасці BYSOL у Вільні.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Што тычыцца дыяспары, то яна пад моцным уплывам інфармацыйнага поля краіны, у якой знаходзіцца. Але наогул людзі працягваюць актыўна данаціць, цікавяцца тым, што адбываецца ў Беларусі. Цяпер як раз фармуецца касцяк і ў дыяспарах, і ва ўнутрыбеларускіх колах, якія гатовыя працаваць на перамены рознымі спосабам у залежнасці ад сваіх магчымасцяў. Напрыклад, пакуль можам працаваць з дварамі, мы гэта робім. Ёсць магчымасць падтрымліваць сем’і палітвязняў праз данаты – выкарыстоўваем кожную магчымасць кропкавага ўздзеяння на рэжым.

– Ці можна вылучыць самыя актыўныя дыяспары?

– Беларусы ЗША падтрымліваюць структуры, якія працуюць на заводах. Раней гэтыя аб’яднанні называлі стачкамамі, цяпер сістэма працы змянілася, але людзі працягваюць працаваць у Беларусі, структуруючыся і ўплываючы на тое, што адбываецца на прадпрыемствах.

Дыяспары ў Літве, Нямеччыне, Вялікай Брытаніі, у скандынаўскіх краінах, дзе шведская суполка беларусаў – самая буйная. Дыяспара ў Польшчы актыўна працуе па аказанні дапамогі тым, хто з’ехаў. Магу сказаць, што мы назіраем розную форму ўключанасці, якая часта залежыць ад магчымасцяў у канкрэтнай краіне.

– Давайце пагаворым аб будучыні НКА ў Беларусі. Да чаго варта рыхтавацца?

– У НКА пайшоў зваротны адлік жыцця ў той форме, у якой яны існавалі ўсе гэтыя гады. Дзяржава ажыццяўляе зачыстку, якая, на іх думку, павінна абясшкодзіць і ліквідаваць усе «антыдзяржаўныя» элементы.

Офіс Фонду салідарнасці BYSOL у Вільні.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Усё пачыналася з інфармацыі аб пазбаўленні льготнага статусу некаторых арганізацый, цяпер мы гаворым ужо аб працэсе ліквідацыі часткі з іх. Усё, што не ўпісваецца ў сістэму «Белай Русі», БРСМ і да іх падобных, будзе кастрыравацца. Думаю, што ўлады паказальна пакінуць пару структураў, якія працуюць афілявана з «Чырвоным Крыжам», можа быць з ЮНІСЕФ [Дзіцячы фонд ААН – рэд.].

Несалодка прыйдзецца астатнім. Асаблівы ўдар адчуе сфера сэрвісных арганізацыяў. Як дыстанцыйна дапамагчы сем’ям з дзіцём з інваліднасцю? Як дыстанцыйна выдаваць шпрыцы нарказалежным?

З іншага боку, год пандэміі паказаў, што многія рэчы можна рабіць дыстанцыйна, усё залежыць ад пераасэнсавання дзейнасці і рызыкаў. А яшчэ варта задаць пытанне, ці можа арганізацыя дазволіць сабе жыць у іншай краіне і працаваць з адлегласці.

Наш праект ByCovid19 быў чыста валанцёрскім. Мы жылі ў Беларусі, выдаткоўвалі на харчаванне стабільную суму грошай, атрымлівалі валанцёрскае падтрыманне ад мясцовых рэстаранаў і кавярняў. Ніхто з нас не быў так моцна залежным ад праблемаў, звязаных з забеспячэннем сваіх патрэбаў. Знаходжанне за мяжой – гэта іншыя нагрузкі адносна арэнды жылля і кошту жыцця ў цэлым. Таму асабліва цяжкім момант рэлакацыі будзе для тых НКА, якія працавалі на грантавым фінансаванні або існавалі за кошт ахвяраванняў грамадзян Беларусі.

Офіс Фонду салідарнасці BYSOL у Вільні.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Наступствы разгрому незалежных СМІ прыводзяць нас да страты рэсурсу крытычнага мыслення. Цяпер гэтая адказнасць кладзецца персанальна на кожнага.

Tut.by быў вельмі магутным фільтрам ачышчэння патоку інфармацыі, але чым больш актыўна працуюць структуры грамадзянскай супольнасці, накіраваныя на змены ў краіне, тым больш актыўна па іх б’е прапаганда.

– Каб не страціць матывацыю да працы ў такіх умовах, патрэбныя рэсурсы. Як сябе адчувае каманда BYSOL?

– У кожнага ёсць свой унутраны рэсурс і крыніцы яго папаўнення. Цяпер у камандзе людзі, у якіх ёсць запал. Але ёсць і тыя, што сышлі. Хтосьці ставіў часовыя рамкі для працы з Фондам, хтосьці кіраваўся рамкамі праектнай дзейнасці. Я працую з 27 сакавіка 2020 года, калі пачаўся праект ByCovid19. І скажу: часам складана.

Гэта як бегаць з рыдлёўкай на дах рэактару, хапаць два кавалкі графіту, кідаць уніз і бегчы назад. І колькі такіх цыклаў засталося – няясна.

Але ўвогуле можна прыстасавацца. Вельмі дапамагае навык камунікацыі з людзьмі. Менавіта таму наш офіс у Вільні каштуе нам нуль еўраў і нуль цэнтаў.

Від з акна ў віленскім офісе Фонду салідарнасці BYSOL.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Людзям бывае цяжка. Але нашая мэта – вярнуцца ў Беларусь. Пажадана жывымі і здаровымі.

Рэпартаж
«Я перадаю ўвесь боль беларусаў свету». Адмысловы рэпартаж пра жыццё Святланы Ціханоўскай пасля рэгістрацыі ў ЦВК
2021.06.29 10:00
Артыкулы
«Пра Багінскую кажуць як пра сімвал, а для мяне яна бабуля». Размова з Янай Чарняўскай
2021.08.10 12:03

Саша Альтэр, Аліса Ганчар/АА belsat.eu

Стужка навінаў