Год таму ЦВК абвясьціла перамогу Лукашэнкі. Альтэрнатыўны падлік: Ціханоўская перамагла ў першым туры


Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, Аляксандр Лукашэнка набраў 80,1 % галасоў на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Паводле платформы «Голас», ён набраў 34 %, а Святлана Ціханоўская – не менш за 56 %.

Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская галасуе ў Менску. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Цэнтральная выбарчая камісія падвяла канчатковыя вынікі прэзідэнцкіх выбараў 14 жніўня 2020 года. Паводле гэтых вынікаў, Аляксандр Лукашэнка ў шосты раз перамог на выбарах і набраў 80,1 % галасоў, Святлана Ціханоўская заняла другое месца з 10,1 % галасоў, Андрэй Дзмітрыеў меў 1,2 %, Ганна Канапацкая – 1,67 %, Сяргей Чэрачань – 1,14 %, а супраць усіх прагаласавалі 4,59 %.

Дзмітрыеў, Чэрачэнь, Канапацкая і Ціханоўская падалі ў ЦВК скаргі аб непрызнанні выбараў. Іх адхілілі, а ў Чэрачня нават не прынялі – давераных асобаў не пусцілі ў ЦВК. Інаўгурацыя Лукашэнкі прайшла таемна і толькі 23 верасня.

Што бачылі назіральнікі

Незалежных назіральнікаў практычна не дапускалі да назірання за галасаваннем. Большасць з іх выпраўлялі на вуліцу, некаторыя сачылі за галасаваннем праз вокны, нават з біноклямі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі незалежных назіральнікаў масава затрымлівалі. Яшчэ на раніцу дня выбараў было вядома пра 37 затрыманых назіральнікаў і 8 зніклых. Многіх затрымалі пасля выбараў, некаторых катавалі.

Аднак нават некаторыя прызначаныя ўладамі назіральнікі расказвалі пра фальсіфікацыі, а чальцы некаторых выбарчых камісіяў не толькі выдалі выніковыя пратаколы, у якіх перамагла Ціханоўская, але і «злівалі» фота, аўдыё і відэа фальсіфікацыяў.

Hавiны
«Як вы прасілі, так мы вам і адказалі» Рэпартаж з выбарчага ўчастку ў Менску
2020.08.09 14:11

Што было на вуліцах у гэты дзень год таму

Адразу пасля выбараў пачаліся масавыя пратэсты, у першыя некалькі дзён сілавікі брутальна разганялі мірныя дэманстрацыі, масава катавалі затрыманых.

11 жніўня Святлану Ціханоўскую ўлады вывезлі ў Літву супраць яе волі. 12-га прайшла першая мірная жаночая акцыя на менскай Камароўцы, у той жа дзень вызвалілі першых затрыманых, якія расказалі пра катаванні.

Па стане на 14 жніўня ў сувязі з пратэстамі былі забітыя або загінулі не менш за пяць чалавек. Па краіне, ад сталіцы да невялікіх мястэчак, праходзяць масавыя «ланцугі салідарнасці» і першыя мірныя мітынгі, сходы рабочых заводаў, акцыі медыкаў, але да першага маршу пратэсту на сотні тысячаў людзей застаецца яшчэ два дні. Вось што адбывалася 14 жніўня:

Артыкулы
Год, які змяніў нашае жыццё. Згадваем, што адбывалася ў Беларусі на пратэстах і не толькі
2021.08.09 09:15

Як «Голас» зрабіў альтэрнатыўны падлік

Онлайн-платформа «Голас» разам з платформай «Зубр» і ініцыятывай «Сумленныя людзі» апублікавала выніковую справаздачу аб прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі 21 жніўня 2020 года.

Выбарчы ўчастак. Менск, Беларусь. 6 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Беларусам прапаноўвалі паведамляць платформе пра свой выбар, фатаграфаваць запоўненыя бюлетэні і ананімна высылаць іх «Голасу» праз інтэрнэт. Усяго праз «Голас» прагаласавалі 1 261 127 выбарнікаў, 1 047 933 пацвердзілі свой галасаванне праз нумар тэлефону.

Амаль праз год «Голас» апублікаваў яшчэ адно даследаванне, дзе падрабязна разглядзеў свае звесткі ад выбарнікаў, а таксама пратаколы выбарчых камісіяў.

Узяўшы за аснову пратаколы, якія палічылі нефальсіфікаванымі на падставе звестак ад выбарнікаў, «Голас» экстрапаляваў лічбы і заявіў: за Ціханоўскую прагаласавалі не менш за тры мільёны чалавек, або 56 % выбарнікаў з улікам рэальнай яўкі, а Лукашэнка набраў 34 %, яшчэ 10 % атрымалі іншыя кандыдаты.

Даследнікі лічаць, што ў ЦВК не было сапраўдных вынікаў галасавання, паколькі фальсіфікацыі адбываюцца на ўзроўні ўчастковых камісіяў. Таму, верагодна, дапускаюць аналітыкі, рэальны вынік выбараў вядомы толькі старшыням камісіяў, а значыць, ніхто не ведае рэальных вынікаў агулам па краіне.

Фота
Пратэсныя фота 2020. Як гэта было
2021.08.10 09:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў