Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч у СІЗА па памяці аднавіў карту Беларусі


Палітзняволены галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч па памяці аднавіў у СІЗА карту Беларусі.

Ягор Марціновіч па памяці аднавіў карту Беларусі ў СІЗА.
Фота: Adaria Gushtyn / Facebook

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Адар’я Гуштын.

«Не ведаю, ці любіць нехта Беларусь больш за Ягора. Тры разы мы спрабавалі перадаць яму карту Беларусі, але гэта лічыцца забароненым прадметам у СІЗА. Таму Ягор сам, па памяці, намаляваў мапу. Атрымалася даволі дакладна. Праверце свой родны горад) Ён наведаў 113 са 118 раёнаў Беларусі. Планаваў гэтым летам наведаць тыя, што засталіся», – напісала Адарʼя ў Facebook.

Ужо больш за месяц Ягор Марціновіч знаходзіцца за кратамі. Яго схапілі 8 ліпеня, збілі, а потым учынілі ператрус у ягонай кватэры.

Затрыманы разам з Ягорам кіраўнік аддзелу рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко таксама застаецца за кратамі. Напрыканцы ліпеня з’явілася інфармацыя, што Скурко захварэў у СІЗА на Валадарскага на COVID і яго змясцілі ў медычную частку.

Ім прад’явілі абвінавачванне па ч.2 арт. 216 КК («Нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання групай асобаў») за тое, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасобаў.

Артыкулы
Затрыманым супрацоўнікам «Нашай Нівы» прад’явілі абвінавачванне
2021.07.28 21:53

АД, belsat.eu

Стужка навінаў