Гадавіна абвяшчэння вынікаў выбараў і блакаванне сайту медыцынскай дапамогі. Галоўнае за 371-ы дзень беларускага пратэсту

Belsat.eu падводзіць вынікі 14 жніўня – 371-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Год таму ЦВК абвесціў вынікі прэзідэнцкіх выбараў

Паводле гэтых вынікаў, Аляксандр Лукашэнка ў шосты раз перамог на выбарах і набраў 80,1 % галасоў, Святлана Ціханоўская заняла другое месца з 10,1 % галасоў. Але паводле платформы «Голас», ён набраў 34 %, а Святлана Ціханоўская – не менш за 56 %.

Святлана Ціханоўская галасуе ў Менску. Беларусь. 9 жніўня 2020 г. Фота: Александр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Незалежных назіральнікаў практычна не дапускалі да назірання за галасаваннем. Большасць з іх выпраўлялі на вуліцу, некаторыя сачылі за галасаваннем праз вокны, нават з біноклямі.

Адразу пасля выбараў пачаліся масавыя пратэсты, у першыя некалькі дзён сілавікі брутальна разганялі мірныя дэманстрацыі, масава катавалі затрыманых, пасля чаго пратэсты сталі пашырацца.

Год таму ЦВК абвясьціла перамогу Лукашэнкі. Альтэрнатыўны падлік: Ціханоўская перамагла ў першым туры

У Беларусі заблакавалі сайт дыстанцыйных кансультацыяў лекараў

Апоўдні 14 жніўня сайт Okdoc.me платформы «еЗдароўе» стаў недасяжным для карыстальнікаў у Беларусі.

Сайт «еЗдароўе» скіраваны не толькі на дапамогу беларусам з іхнымі хваробамі, але і на падтрымку дактароў, якія страцілі працу праз рэпрэсіі. Цяпер сайт дасяжны толькі праз VPN.

«Грамадзе», «Зялёным» і «Справядліваму свету» адмовілі ў памяшканнях для канферэнцыі

Сацыёлаг Таццяна Вадалажская выйшла на свабоду пасля 10 содняў затрымання ў межах крымінальнай справы

Таццяна Вадалажская. Фота: belmarket.by

Таццяну затрымалі 4 жніўня: да яе прыйшлі з ператрусам, а пасля затрымалі. На наступны дзень пасля затрымання стала вядома, што Таццяна затрыманая на 10 содняў паводле крымінальнага артыкулу, дэталі якога дагэтуль невядомыя.

Таццяна застаецца падазраванай па артыкулу 342 КК і адпушчана пад падпіску аб нявыездзе

iSANS: Лукашэнка фактычна ўступае ў антыўкраінскі хаўрус з Расеяй

Гарадзенскі дзіцячы госпіс вырашылі ліквідаваць

Заняткі ў Гарадзенскім Дзіцячым Госпісе. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Ліквідацыя госпісу неяк звязаная з пятым пакетам санкцыяў Еўразвязу. Пра гэта гаворыцца ў лісце, які прыйшоў у адказ на зварот:

«Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэту ў адказ на ваш зварот, звязаны з пятым пакетам санкцыяў, паведамляе аб накіраванні ў Гарадзенскі абласны суд позвы аб ліквідацыі грамадскага дабрачыннага аб’яднання «Гарадзенскі дзіцячы госпіс».

«Патэлефанавалі з новазеландскага Інтэрполу»: гісторыя беларускі, якую спрабавалі дастаць на іншым канцы свету

За тыдзень ад гадавіны выбараў менскія суды паспелі прызначыць амаль 400 содняў арышту

На працягу гэтага тыдня ў Менску судзілі затрыманых у знакавыя для Беларусі дні – гадавіну леташніх прэзідэнцкіх выбараў і пачатку мірных акцый пратэсту. Усяго менчукам толькі за тыдзень прысудзілі штрафы на 13 920 рублёў і 397 сутак адміністрацыйнага арышту.

Усяго ў Менску на гэтым тыдні асудзілі мінімум 30 чалавек.

Удзельніка пратэстаў летась асудзілі на 15 дзён арышту, сёння за тое самае – тры гады калоніі

Міністэрства фінансаў выдаткуе больш за 200 млн на падвышэнне заробкаў сілавікам і бюджэтнікам

Паводле пастановы Савету Міністраў на падвышэнне заробкаў сілавым структурам і бюджэтнікам плануецца выдзеліць 206,53 млн рублёў (82,5 млн долараў).

Так, 187,944 млн з іх перададуць у абласныя бюджэты.

Астатнія 18,6 млн будуць размяркавыны паміж Міністэрствам унутраных спраў, Міністэрствам аховы здароўя, Міністэрствам абароны, Міністэрствам спорту і турызму.

«Крыптавалюты будуць папулярныя ў Беларусі, як і VPN». Размова з Андрэем Стрыжаком

Палітзняволены галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч па памяці аднавіў у СІЗА карту Беларусі.

Ягор Марціновіч па памяці аднавіў карту Беларусі ў СІЗА. Фота: Adaria Gushtyn / Facebook

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Адар’я Гуштын.

«Не ведаю, ці любіць нехта Беларусь больш за Ягора. Тры разы мы спрабавалі перадаць яму карту Беларусі, але гэта лічыцца забароненым прадметам у СІЗА. Таму Ягор сам, па памяці, намаляваў мапу. Атрымалася даволі дакладна. Праверце свой родны горад) Ён наведаў 113 са 118 раёнаў Беларусі. Планаваў гэтым летам наведаць тыя, што засталіся», – напісала Адар’я ў Facebook.

Ужо больш за месяц Ягор Марціновіч знаходзіцца за кратамі. Яго схапілі 8 ліпеня, збілі, а потым учынілі ператрус у ягонай кватэры.

У Цверы размалявалі дзверы расейскага актывіста, які быў назіральнікам на леташніх выбарах у Беларусі

Лукашэнка стварае сельскагаспадарчыя войскі

АД, belsat.eu

Тэгі: навіны
Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны