Журналіста з Баранавічаў Юрыя Ганцарэвіча асудзілі да 2,5 года калоніі за фота расейскай вайсковай тэхнікі


14 ліпеня ў Берасцейскім абласным судзе быў агучаны прысуд журналісту мясцовага выдання «Intex-press» Юрыю Ганцарэвічу. За фотаздымкі расейскай вайсковай тэхнікі маладзёна пакаралі двума з паловаю гадамі калоніі.

Юрый Ганцарэвіч.
Фота: Intex-press

Разгляд справы 23-гадовага баранавіцкага журналіста распачаўся 13 ліпеня. Юрыя Ганцарэвіча абвінавачвалі ў тым, што ён 2 сакавіка 2022 года «прыкладна ў 18:09 у нявызначаным месцы ў горадзе Баранавічы з выкарыстаннем у якасці сродку здзяйснення злачынства тэлефона» даслаў у бот тэлеграм-каналу радыё «Свабода» «фотавыявы вайсковай авіятэхнікі, якая знаходзіцца на тэрыторыі аэрадрому 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы, якая дыслакуецца ў Баранавічах, з подпісам «аэрадром у Баранавічах».

Hавiны
У рэдакцыі газеты «Intex-press» адбыўся ператрус
2022.05.12 19:03

Паколькі радыё «Свабода» ў Беларусі прызнаная экстрэмісцкім рэсурсам, то Ганцарэвіча судзілі паводле арт.361-4 КК РБ («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Журналіст цалкам прызнаў сваю віну. На пытанне суда, навошта ён здзейсніў такі ўчынак, Юрый адказаў, што «хацеў паказаць, што ў бок Украіны лётаюць не беларускія самалёты, а расейскія, хацеў даказаць, што Беларусь не ўдзельнічае ў вайсковых дзеяннях».

Суд прызначыў журналісту пакаранне ў выглядзе 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі. Адвакат Ганцарэвіча збіраецца абскарджваць вырак.

Журналіста баранавіцкага выдання «Intex-press» Юрыя Ганцарэвіча затрымалі 27 красавіка 2022 года паводле адміністратыўнай справы. 29 красавіка маладзёна пакаралі 10-дзённым арыштам, але на волю ён не выйшаў – 6 траўня стала вядома пра абвінавачанне ў крымінальным злачынстве.

Беларускія праваабаронцы прызналі Юрыя Ганцарэвіча палітвязнем.

На дзень 14 ліпеня 2022 года ў Беларусі за кратамі застаюцца 30 супрацоўнікаў медыяў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў