Як за два гады ўлады пабудавалі экасістэму супрацьдзеяння экстрэмізму. Асноўныя тэндэнцыі і прагнозы

За апошнія два гады Беларусь з мірнай краіны, дзе нават вулічныя пратэсты захаплялі ўвесь свет сваёй негвалтоўнасцю, ператварылася ў краіну «экстрэмістаў». Цяпер атрымаць рэальны тэрмін за кратамі можна за ўпадабанне допісу ў сацыяльных сетках ці за асабістае ліставанне. Што змянілася ў краіне пасля абнаўлення Закону аб супрацьдзеянні экстрэмізму, распавялі аналітыкі праваабарончай арганізацыі «Human Constanta» ў сваім аглядзе за апошнія месяцы. Пераказваем самае цікавае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Беларускае экстрэмісцкае заканадаўства яшчэ да 2020 года ўжывалася дзяржавай як эфектыўны інструмент рэпрэсіяў. Дзяржава змагаецца з галасамі і меркаваннямі, якія ёй не падабаюцца, называючы гэта «сістэмнаю працаю для навядзення парадку ў інфармацыйным полі». Незалежную журналістыку цяпер улады Беларусі называюць «экстрэмісцкаю дзейнасцю».

«Экстрэмізм» праходзіць чырвонаю ніткаю не толькі ў Законе аб супрацьдзеянні экстрэмізму, але і праз усё беларускае заканадаўства. Гэта цэлая экасістэма. Метастазы экстрэмізму праніклі ўва ўсе сферы беларускага грамадства. Напрыклад, ёсць Закон аб барацьбе з тэрарызмам, які выкарыстоўваецца ў рэпрэсіўных мэтах. Крымінальны кодэкс і Кодэкс адміністратыўных правапарушэнняў таксама ўтрымліваюць «экстрэмісцкія» складнікі. Згадайма Закон аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму і Закон аб генацыдзе беларускага народу, які манапалізуе трактаванне гісторыі. Экстрэмізм пранік нават у заканадаўства аб грамадзянстве.

Які ён, беларускі экстрэмізм?

У 2007 годзе ў Беларусі прынялі Закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Ён заўсёды быў небяспечным інструментам для здушэння меркаванняў. У 2021-м унеслі змены. З’явіўся новы закон, дзе і без таго досыць шырокае і няпэўнае паняцце экстрэмізму зрабілася даўжэйшым і менш вызначаным. Вызначэнне панятку «экстрэмізм» складаецца з 500 словаў і апісвае 18 формаў дзейнасці, якія лічацца экстрэмізмам. Гэта дазваляе даволі шырока і гнутка ацэньваць актыўнасці ды перакананні людзей.

Паводле беларускага закону, экстрэмізм – гэта дзейнасць у планаванні, арганізацыі, рыхтаванні і здзяйсненні замахаў на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт, асновы канстытуцыйнага ладу, грамадскую бяспеку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прыклад экстрэмізму ў Беларусі (на думку дзейнай улады). Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Найважнейшаю зменай у беларускі закон сталася ўвядзенне тэрміну «экстрэмісцкае фармаванне». Яно адрозніваецца ад панятку «экстрэмісцкай арганізацыі», бо для прызнання групы «экстрэмісцкай арганізацыяй» неабходнае рашэнне суда, што ўступіла ў моц, а для прызнання групы «фармаваннем» дастаткова рашэння МУС або КДБ. Такі спрошчаны механізм аб’яўлення групы грамадзянаў «экстрэмісцкім фармаваннем» ставіць пад пагрозу любыя магчымасці самаарганізацыі ды салідарызацыі грамадзянаў.

Супрацьдзеяць экстрэмізму ў Беларусі могуць толькі дзяржаўныя органы, то бок калі праваабаронца ці любы іншы чалавек звернецца ў суд з просьбаю прызнаць якія-небудзь выказванні ці матэрыялы экстрэмісцкімі (напрыклад, выказванні беларускіх прапагандыстаў, якія распальваюць нянавісць), такія пазовы нават не будуць разглядацца.

У Беларусі існуюць тры важныя экстрэмісцкія спісы.

  1. Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў (вядзе Міністэрства інфармацыі). Да 2020 года там былі матэрыялы нацысцкага, анархічнага характару. Пасля 2020-га туды трапілі дваравыя чаты, медыі, тэлеграм-каналы ды іншае. Адказнасць паводле арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавоз інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці» надыходзіць за сам факт распаўсюду інфармацыі, прызнанай экстрэмісцкай. Але калі распаўсюджаная інфармацыя, у якой будзе ўтрымлівацца абраза службовай асобы, Лукашэнкі, суддзі або «распальванне нянавісці ў дачыненні сацыяльных групаў», наступіць крымінальная адказнасць. Паводле арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы», калі злачынства было здзейсненае групай асобаў, можа пагражаць да 12 гадоў пазбаўлення волі.
  2. Пералік арганізацыяў, фармаванняў, ІП, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці (вядзе МУС). Там ёсць забастовачныя рухі, ініцыятыва «Дзе чат», медыі (напрыклад, «Белсат», БелаПАН, радыё «Свабода»).
  3. Пералік арганізацыяў і фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці (вядзе КДБ). Да 2020 года ён быў аналагічным з міжнародным санкцыйным спісам ААН. Пасля 2020-га там апынуліся асобы ў апазіцыі да ўладаў (Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава, Максім Знак ды іншыя).
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выстава «Мастацтвам па рэжыме» Уладзіміра Цэслера ў Варшаве, Польшча. Фота: Белсат

Тэндэнцыі за год пасля зменаў у Законе аб экстрэмізме

  • З’яўленне «экстрэмісцкіх фармаванняў». Іх колькасць імкліва павялічваецца (на канец чэрвеня было 69).
  • Крымінальны пераслед за стварэнне, кіраўніцтва і ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні» (справы супраць Вольгі Залатар, анархічнага «Праменя», Уладзіміра Мацкевіча, журналісткі Ірыны Слаўнікавай).
  • Узмацненне рэпрэсіўнасці экстрэмісцкага заканадаўства. Напрыклад, увядзенне смяротнага пакарання за замах на тэрарызм – на фоне антываеннага руху ў Беларусі. З’явіўся новы склад злачынства за «генацыд беларускага народу». Пакуль выпадкаў не зафіксавалі, але гэта «стральба на сцяне», што можа стрэліць у любы момант. Увялі адказнасць за заклікі да санкцыяў, таксама «экстрэмізм» можа стацца падставаю да пазбаўлення грамадзянства.
  • З’явіліся крымінальныя справы за «экстрэмісцкую» дзейнасць на тэрыторыі іншых дзяржаваў. Напрыклад, справа супраць мэра Рыгі, які замяніў чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы.
  • Шмат справаў за «распальванне варажнечы» па падзеях 28 верасня 2021 года (шматлікія затрыманні і суды за каментары ў сацсетках пра «справу Зельцара») і 24 лютага 2022 года (за каментары пра вайну Расеі супраць Украіны).
  • Спіс «экстрэмістаў» (людзі, на якіх ускладаюцца абмежаванні нават пасля адбыцця імі пакарання). На канец чэрвеня ў гэтым спісе – 426 асобаў.
  • Упершыню беларускія арганізацыі былі прызнаныя тэрарыстычнымі: «Атрад грамадзянскай самаабароны Беларусі», «Супраціў» і дзве арганізацыі ў яго складзе, «Nexta».
  • Ліквідацыя грамадзянскага сектару, НДА і незалежных прафсаюзаў за «экстрэмізм».
  • З’яўляюцца новыя «тэрарысты», пра якіх у праваабаронцаў няма інфармацыі, але якія перыядычна выпадкова праяўляюцца.

Тэндэнцыі за апошнія тры месяцы

  • Новыя крымінальныя справы ў сувязі з вайною ва Украіне за: рэйкавыя атакі (9 справаў) з ужываннем фізічнай сілы і агнястрэльнай зброі пры затрыманні, перадачу інфармацыі пра расейскую вайсковую тэхніку (11 справаў) і за жаданне ваяваць на баку Украіны (5 справаў), затрыманне блогераў, якія ў TikTok крытыкавалі вайну (2 справы).
  • Стала вельмі шмат справаў за «распальванне варажнечы» (24 справы і 18 судоў) і «экстрэмісцкія фармаванні» (37 затрыманняў, 7 прысудаў, 3 суды неўзабаве).
  • Упершыню выкарыстаныя артыкулы аб «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці» і «ўдзеле ў тэрарыстычных арганізацыях». Адна са справаў звязаная з выкладчыкам ва ўніверсітэце.
  • Людзей з журналісцкай супольнасці судзяць ці ўжо пакаралі за «здраду дзяржаве» (Кацярына Андрэева, Дзяніс Івашын, Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна).
  • Экстрэмісцкімі паводле рашэння суда прызнаныя зарэгістраваныя арганізацыі – незалежны прафсаюз працаўнікоў «Горадня Азот» і «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ».
  • Усцяж блакуюцца сайты і інтэрнэт-рэсурсы.

Пра прысуд Кацярыне Андрэевай

Ці можна нешта змяніць?

Не зважаючы на маштаб і актуальнасць праблемы «экстрэмізацыі», беларуская грамадзянская супольнасць абмежаваная ў магчымасцях уплываць на дзяржаўныя органы. У сітуацыі, калі ўсе беларускія праваабарончыя арганізацыі зліквідаваныя ды зазналі палітычны ціск, супраца і ўзаемадзеянне з дзяржаўным апаратам уяўляецца немагчымым.

У такой сітуацыі асаблівую значнасць набывае асвятленне праблемы на міжнародных платформах: у межах судовых і квазісудовых механізмаў, на пляцоўках міжнародных арганізацыяў, у акадэмічных, грамадзянскіх і прафесійных суполках.

Пазітыўных прагнозаў адносна сітуацыі няма. На думку праваабаронцаў, заканадаўства і практыка яго ўжывання для здушэння іншадумства будзе рабіцца яшчэ больш жорсткім.

Саша Гоман belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны