«Я зычу вам, суддзі, пракуроры, падумаць пра душу сваю». Апошняе слова Змітра Дашкевіча на судзе


14 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёну Менску быў агучаны прысуд Змітру і Насце Дашкевічам. Пракурор запытваў па паўтара года калоніі для абодвух, аднак суддзя Таццяна Пірожнікава прызначыла паўтара года пазбаўлення волі Змітру і тры гады «хатняй хіміі» Насце. 13 ліпеня Зміцер выступіў у судзе з апошнім словам. Радыё «Свабода» апублікавала аўдыязапіс. Прыводзім у тэкставым варыянце.

Зміцер Дашкевіч.
Фота: nashaniva / Twitter

Апошняе слова Змітра Дашкевіча:

«Канечне, я разумеў, што мяне чакае, але тое, што я пачуў ад пракурора, гэта вышэй за разуменне.

Ісус даў нам уладу адпусціць грахі чалавеку ці пакараць. Які павінен быць грэх, што маці чатырох дзяцей, немаўляткі неданошанага, просяць пасадзіць у турму?

Я часам задаю сабе пытанне, што думаюць гэтыя людзі, калі просяць выносіць прысуды. Было б прасцей, каб мы бачылі перад сабой звяроў. А так яны ходзяць, усміхаюцца. Следчыя, якія пішуць гэтыя справы, просяць прабачэння, усміхаюцца, цукеркі носяць на закрыццё справы.

Летась да мяне падышла дзяўчына са слязамі на вачах. Кажа: «Вось даведалася, што вы тут стаіце, прыйшла папрасіць прабачэння». Я не зразумеў, пра што яна гаворыць. Кажа: «Тата мой у 2004 годзе даў вам 14 сутак, памятаеце?» А я вельмі добра запомніў, таму што гэта быў адзіны выпадак, калі мне 14 сутак давалі. І вось праз 17 гадоў да мяне падышла дачка суддзі і сказала: «Прабачце».

Напэўна, адзін з самых шчымлівых момантаў за гэтыя больш чым 20 гадоў. Я не паспеў у яе запытаць, але напэўна, яна размаўляла з татам, тата думаў пра гэта ўсе гады.

Даючы мне 14 содняў, разумеў, што ён робіць беззаконне. Нават 14 сутак, хоць у той момант я не вельмі расстроіўся б і 14 гадам. А тут паўтара года мы просім матулі з немаўляткам на руках.

Што адбываецца зараз, немагчыма зразумець. Калі падчас арышту мяне білі пры маёй жонцы цяжарнай і казалі: «Что говорит этот человек? Пусть говорит нормально. Пусть нормально разговаривает».

Калі везлі ў машыне, гэты губопавец сказаў: «Я б цябе знішчыў толькі за тое, што ты дзяцей…» Я кажу: «Паслухай, што я раблю не тое?» Ён: «Ну вось лісты пішаце, мы пазнаходзілі лісты, далучылі да крымінальнай справы».

Знайшлі лісты, якія дзеці нашыя пісалі Марыі Калеснікавай: «Маша, мы молімся за цябе, мы любім цябе». Вось гэта злачынства – дзеці пішуць лісты палітвязням.

Калі мяне арыштоўвалі на Акрэсціна па крымінальнай справе, таксама губопаўцы смяяліся: «Жонка будзе нараджаць у турме».

Я думаў, што гэта самы страшны дзень у маім жыцці, але сёння, напэўна, яшчэ страшнейшы.

Настачка, прабач мне, што я цябе ў гэта ўцягнуў. Не мог уявіць ніколі, што такое можа з намі адбыцца. Я ўвесь час разважаў, што я нясу гэты крыж, але я не мог падумаць у страшным сне, што я ўскладу гэты крыж на цябе. Даруй мне, што я так мала думаў пра цябе.

Я кахаю цябе і малюся за цябе і за нашых дзетак, за неданошанага Даніільчыка нашага. Ты святая жанчына. Я не ведаю такіх. Даруй, што я падвёў цябе.

Я не разумею, што адбывацца. Людзі з вышэйшымі юрыдычнымі адукацыямі лічаць, што злачынца – гэта той, хто супраць гвалту выйшаў, а не той, хто робіць гвалт. Злачынцамі яны лічаць таго, хто хоча праўды, а не таго, хто кажа «часам не да законаў».

Спадзяюся на Божую волю, хоць я не разумею, што адбываецца, скажу вам так.

У тым, што такая сістэма можа існаваць, няма сумневу. Я проста зычу вам, суддзі, пракуроры, падумаць пра душу сваю. Я заўсёды кажу на судах (хоць гэта і бессэнсоўна): Ісус Хрыстос кажа – «Што ты дасі за душу сваю, калі прыйдзе дзень суда справядлівага?Што ты дасі за душу сваю, калі будзе суд сапраўдны?»

Вы назвалі сябе судом. Бог называе сябе судом. Імя Бога – суддзя. І я адказваю: прыйшоў суддзя і судзіў мяне справядліва за тое, што выйшаў 23-га з дзецьмі і раздаваў буклеты «Малітва за Беларусь», Бібліі раздаваў.

У дзень сапраўднага суда вы нічога не дасце за сваю душу. І дай Бог, каб вашыя дзеці праз 17 гадоў ці праз 17 месяцаў ці вы самі прыйшлі і сказалі: «Прабач».

І, бачыць Бог, не жадаю нікому з вас зла. Адзінае, каб вы трошку задумаліся, што вы робіце, ці ёсць нешта, што б вы не зрабілі, калі вам загадаюць, ці ёсць для вас нейкія межы».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў