Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 14 ліпеня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 14 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Выгляд пашкоджанага будынку і аўтамабіля на месцы расейскага авіяўдару. Вінніца, Украіна. 14 ліпеня 2022 года.
Фота: Valentyn Ogirenko / Reuters / Forum

Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 37 870 чалавек забітымі.

Цягам апошніх содняў войскі РФ не спынялі наступальных дзеянняў з мэтай займець поўны кантроль над тэрыторыяй Данбасу і іншым рэгіёнамі Украіны. Пры гэтым па-ранейшаму найбольш спакойная сітуацыя адзначалася на поўначы Украіны.

На валынскім і палескім кірунках, паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў істотных зменаў не адбылося. Пры гэтым Міністр унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі паведаміў пра ўзмацненне працы Нацыянальнай паліцыі, ЗСУ і СБУ для барацьбы з дыверсантамі на мяжы з Беларуссю.

На харкаўскім кірунку захоўвалася высокая шчыльнасць артылерыйскіх абстрэлаў украінскіх тэрыторыяў: удары прыйшліся па ваколіцах населеных пунктаў Дзергачы, Чаркаская Лазавая, Дзяменціеўка, Рускія Цішкі, Чаркаскія Цішкі і Слаціна.

На сіверскім кірунку расейцы абстралялі з мінамётаў і рэактыўных сістэмаў залпавага агню ваколіцы населеных пунктаў Дарошаўка і Грабоўскае Сумскай вобласці. У астатнім сітуацыя на кірунку цягам апошніх содняў не змянялася.

Пры гэтым расейцы заявілі, што сам горад Сіверск цяпер знаходзіцца пад іхным аператыўным кантролем. Украінскі бок пакуль не выказаўся наконт гэтага.

На славянскім кірунку падраздзяленні праціўніка намагаліся праводзіць штурмавыя дзеянні ў бок вёскі Курулька, але поспеху не мелі ды адышлі. Таксама расейцы працягнулі артылерыйскія абстрэлы ваколіцаў населеных пунктаў Барвінкова, Даброўна, Курулька, Падолаўка, Чэпіль, Краснаполле і Багародзічнае.

На краматорскім кірунку акупанты вядуць наступ у бок Верхнякаменскага, баявыя дзеянні працягваюцца. Разам з тым яны абстралялі са ствольнай і рэактыўнай артылерыі тэрыторыі каля Грыгораўкі, Сіверску, Краматорску, Верхнякаменскага, Закітнага, Серабранкі і Спірнага.

Наступствы авіяўдару па Вінніцы, Украіна. 14 ліпеня 2022 года.
Фота: Valentyn Ogirenko / Reuters / Forum

Таксама быў нанесены авіяцыйны ўдар па тэрыторыі каля населеных пунктаў Вернякаменскае і Маяк.

На суседнім бахмуцкім кірунку ЗСУ адбілі варожыя атакі на вёскі Кодзема і Вяршыня. Акрамя гэтага расейцы засяродзіліся на артылерыйскіх, ракетных і авіяцыйных ударах па падкантрольных Украіне населеных пунктах Новалуганскае, Нью-Ёрк, Пакроўскае, Вясёлая Даліна, Салядар, Бераставое, Вясёлае, Выемка, Сямігор’е, Вяршныня і Івана-Дар’еўка.

Шчыльныя абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў цягам апошніх содняў назіраліся таксама і на аўдзееўскім, курахаўскім, навапаўлаўскім і запарожскім кірунках. Таксама адзначаецца, што расейцы правялі штурм ваколіцаў і мелі частковы поспех у ваколіцах гораду Камянка Запарожскай вобласці.

На паўднёвабужскім кірунку расейцы трымалі абарону, спрабуючы не дапусціць прарыву Збройных сілаў Украіны. Пры гэтым яны праводзілі артылерыйскія абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў па ўсёй лініі сутыкнення ў Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях.

Пры гэтым украінскія сілы зноў нанеслі ўдар па акупаваным горадзе Новая Кахоўка. Дарадца кіраўніка Херсонскай вобласці Сяргей Хлань паведаміў, што ў выніку быў знішчаны чарговы склад боепрыпасаў расейцаў у раёне заводу «Сокал». Пры гэтым аператыўнае камандаванне «Південь» заявіла, што ўдары былі нанесеныя па двух пунктах упраўлення і пасадачнай пляцоўцы, у выніку чаго загінулі 13 расейскіх вайскоўцаў.

У сваю чаргу цягам апошніх содняў расейскія сілы працягнулі абстрэлы тэрыторыяў углыб Украіны. Так, у выніку ракетнага ўдару па Вінніцы ўдзень 14 ліпеня як мінімум 90 чалавек былі параненыя, 20 загінулі, у тым ліку – трое дзяцей.

Абноўлена
Ракетны ўдар па цэнтры Вінніцы: сярод забітых – дзеці, гараць каля 50 аўтамабіляў
2022.07.14 13:10

Паводле папярэдняй інфармацыі, тры расейскія ракеты трапілі ў будынак з офіснымі памяшканнямі. Пацярпеў таксама Дом афіцэраў і будынкі непадалёк. Удар па Вінніцы быў нанесены крылатымі ракетамі «Калібр», якія запусцілі з падводнай лодкі ў акваторыі Чорнага мора.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў ракетны абстрэл у Вінніцы адкрытым тэрарыстычным актам.

Таксама ўначы расейцы абстралялі Мікалаеў. Па горадзе выпусцілі 9 ракетаў сістэмы С-300. Разбураны гатэль, таксама пацярпеў гандлёвы цэнтр насупраць яго, дзве навучальныя ўстановы і тралейбусны парк. Загінулых няма, адзін чалавек атрымаў раненні.

Тым часам прадстаўнік прарасейскіх уладаў акупаваных тэрыторыяў Запарожскай вобласці Яўгеній Баліцкі заявіў, што на восень у рэгіёне запланавалі правядзенне рэферэндуму аб далучэнні да Расейскай Федэрацыі. Раней падобныя заявы рабіліся і адносна акупаванай Херсонскай вобласці.

Разам з тым кіраўнік замежнапалітычнай службы ЕЗ Жузэп Бурэль заявіў, што расейскія пашпарты, выдадзеныя ўкраінцам у межах указу Пуціна аб спрошчаным атрыманні грамадзянства РФ, не будуць прызнавацца ў краінах Еўразвязу.

Hавiны
Еўразвяз не будзе прызнаваць пашпартоў, якія Расея выдае ўкраінцам
2022.07.14 10:08

Нагадаем, у панядзелак, 11 ліпеня, прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін падпісаў указ, які спрашчае ўкраінцам атрыманне расейскага грамадзянства.

BK belsat.eu

Стужка навінаў