«Улады паставілі сілавікоў нароўні з «палітычнымі». Чым пагражае Беларусі жалезная заслона?


Улады рыхтуюць змяненні ў закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і заезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь». Мы разам з экспертамі паспрабавалі разабрацца, навошта гэта цяпер патрэбна дзяржаве, ці сапраўды нас чакае жалезная заслона і як гэта ўсё адаб’ецца на беларускім грамадстве ў перспектыве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АК / Белсат

У Беларусі адбываецца пераход ад аўтарытарызму да таталітарызму

Законапраект аб змяненнях у закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь» унесены ўрадам у Палату прадстаўнікоў. Разглядаць парламент яго будзе ўвосень. Калі закон будзе прыняты, то ў Беларусі з’явяцца тры катэгорыі людзей, якім будзе забаронены выезд з краіны: сілавікі ўсіх структураў і супрацоўнікі МНС, грамадзяне Беларусі, у дачыненні да якіх вядзецца адміністратыўны працэс нават да прыняцця судом рашэння, тыя, чый выезд паводле КДБ «супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Пра новую заканадаўчую ініцыятыву беларускіх уладаў і тое, чым яна можа пагражаць беларусам і Беларусі, «Белсат» пагутарыў з палітолагам Аляксандрам Класкоўскім, прэс-сакратаркай Святланы Ціханоўскай Ганнай Красулінай і юрыстам і сябрам Каардынацыйнай Рады Міхаілам Кірылюком.

Аляксандр Класкоўскі лічыць, што рашэнне прапісаць забарону на выезд з Беларусі для пэўнага кола людзей у законе сведчыць пра тое, што рэжым Лукашэнкі становіцца ўсё больш жорсткім.

– Цяпер шэраг палітолагаў загаварылі пра тое, што ў Беларусі адбываецца пераход ад аўтарытарызму да таталітарызму. Ва ўсялякім разе ўсё шырэй выкарыстоўваюцца таталітарныя практыкі, – кажа эксперт. – Падобныя абмежаванні былі пры сталінскай сістэме – тады людзям было вельмі цяжка трапіць за мяжу, нават у турыстычных мэтах – трэба было сабраць шмат характарыстыкаў, прайсці інструктаж з боку партыйных органаў, спецслужбаў. Фактычна, гэтыя практыкі цяпер паўтараюцца, што ўпісваецца ў логіку рэжыму, які імкнецца цалкам кантраляваць чалавека – ягонае жыццё, думкі, перасоўванне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ІА / Белсат

Улады будуць гвалтам утрымліваць у краіне медыкаў і айцішнікаў

Аднак адначасова ў новым законапраекце ёсць і цалкам прагматычны бок, лічыць спадар Класкоўскі.

– Лукашэнка і ягонае атачэнне пасля падзеяў 2020 году выціскалі з краіны найбольш прасунутых, перадавых, пасіянарных людзей, якія хацелі пераменаў. Сотні беларусаў былі вымушаныя эміграваць. Да пары да часу, відаць, у начальніцкіх кабінетах паціралі рукі, але потым спахапіліся, што працэс прыняў маштаб занадта небяспечны і для эканомікі, і для іншых сфераў у Беларусі, – кажа палітолаг. – Бракуе медыкаў, масава з’язджаюць айцішнікі. Вымываецца каштоўны чалавечы капітал. Таму я думаю, улады пачнуць гвалтам утрымліваць у краіне прадстаўнікоў прафесіяў, якія патрэбныя народнай гаспадарцы, у першую чаргу медыкаў і супрацоўнікаў ІТ-сферы – менавіта іхны ад’езд будзе тлумачыцца перашкодай інтарэсам нацыянальнай бяспекі.

Відавочна, што ў Беларусі ўзводзіцца менавіта новая «жалезная» заслона, лічыць Аляксандр Класкоўскі. І гэты працэс адбываецца як унутры, так і звонку.

– Цяпер і Еўропа будуе агароджы вакол Беларусі ў прамым і ў пераносным сэнсе, і іншым разам таксама перагінае кій, калі ўзяць тую ж Чэхію, якая фактычна заблакавала магчымасць легалізацыі беларусам і расейцам, – кажа палітолаг. – Але самае страшнае адбываецца ўнутры самой Беларусі, дзе ўлады імкнуцца цалкам кантраляваць жыццё людзей – адных пазбаўляць грамадзянства, іншых трымаць на радзіме як у турме. І на жаль, гэтая заслона надоўга, таму што нават калі ўявіць сабе, што ў Беларусі змяняецца ўлада, будзе патрэбны доўгі час, каб напрацаваць аўтарытэт, давер суседніх краінаў. Тая ж пяціметровая агароджа на мяжы з Польшчай не знікне праз тыдзень пасля таго, як зменіцца палітыка афіцыйнага Менску.

Паводле эксперта, рашэнне ўладаў забараніць выезд з краіны пацягне за сабой інтэнсіфікацыю адтоку беларусаў, пакуль «акно магчымасцяў» яшчэ не зачынілася.

– Людзі будуць імкнуцца хутчэй спакаваць валізкі і ўцячы з краіны, пакуль зусім не апусцілася заслона. Будзе і далей вымывацца найбольш каштоўны чалавечы капітал. А людзі з нізкай адукацыяй, якія цалкам залежаць ад дзяржавы, прывязаныя да яе, як тыя ж сілавікі – застануцца. І гэта будзе азначаць дэградацыю ўсёй сістэмы эканамічных і грамадскіх дачыненняў, таму што будзе пагаршацца якасць чалавечага капіталу ў краіне, – зазначае Аляксандр Класкоўскі.

Новы закон аб выездзе з Беларусі – прастора для карупцыі

Ганна Красуліна, прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай, лічыць, па-першае, сёння зусім не выпадае задавацца пытаннем, ці адпавядае новы законапраект аб выездзе з Беларусі Канстытуцыі, бо Канстытуцыя ў іерархіі беларускіх законаў даўно не займае тое месца, якое павінна займаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: КК / Белсат

– У Беларусі цалкам парушаная іерархія законаў. Нават у судзе адсылка да Канстытуцыі не з’яўляецца дзейснай. Указ прэзідэнта заўсёды важнейшы за Асноўны закон, – кажа спадарыня Ганна. – Не выконваецца ні тая Канстытуцыя, якая была, ні тая, якой яна стала пасля апошняга так званага «рэферэндуму». Таму пра адпаведнасць Канстытуцыі можна ўвогуле не казаць.

Прэс-сакратарка Офісу Ціханоўскай падкрэслівае, што такі закон, калі ён будзе прыняты, – гэта адназначнае парушэнне права грамадзяніна на перасоўванне. Небяспеку новай ініцыятывы ўраду Ганна Красуліна бачыць яшчэ і ў тым, што можа быць створаная прастора для карупцыі.

– У законапраекце абсалютна не прапісаныя крытэры таго, хто адносіцца да катэгорыі людзей, якія могуць трапіць пад забарону на выезд. Усё зроблена такім чынам, што вырашаць будзе нейкі служачы, супрацоўнік КДБ, можна вам выехаць ці не, і будзе рабіць гэта згодна з нейкім сваім уласным уяўленнем, – кажа наша суразмоўца. – Гэта поле для злоўжыванняў – ад асабістай помсты да матэрыяльнай зацікаўленасці за прыняцце пэўнага рашэння.

«Разьбу сарве і знясе выбухам усю верхавіну, якая прыдумляе такія законы»

Нелагічным Ганна Красуліна лічыць пункт законапраекту пра забарону на выезд асобам, супраць якіх вядзецца адміністратыўны працэс як гарантыю аплаты будучага штрафу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі памежнік правярае дакументы ў турыста.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

– Гучыць дзіўна, таму што ў нас і так тых, якія не аплацілі штраф, спакойна разварочваюць на мяжы, – кажа экспертка. – Разам з абсалютна супрацьлеглым законам пра пазбаўленне грамадзянства, а таксама з тым, што ў Беларусі можна нават не ведаць, што супраць цябе вядзецца адміністратыўны працэс, усё гэта – яшчэ адна цаглінка да стварэння абсалютна нелагічнага, цалкам оруэлаўскага свету з парушанай логікай і перавернутай сістэмай адносінаў чалавека і дзяржавы. У нас абсурд усё больш узводзіцца ў ранг закону. Улада стварае нешта кшталту крапаснога права, і хоча паказаць, што ёй вырашаць – пускаць нас некуды ці не. Маўляў, я магу пусціць цябе ці не, а чаму – прыдумаю. А магу нават не тлумачыць, чаму.

Самы цікавы момант законапраекту, паводле спадарыні Ганны – забарона на выезд для сілавікоў і супрацоўнікаў МНС.

– Зразумела, навошта ўлада гэта робіць – бо баіцца, што сілавікі не проста з’едуць, а пяройдуць на іншы бок – таго ж офісу Ціханоўскай ці ў BYPOL, – кажа Красуліна. – Але адначасова такім чынам сілавікоў дзяржава параўнала з тымі, каго яна лічыць парушальнікамі закону. Не ведаю, наколькі ў сілавікоў і супрацоўнікаў МНС яшчэ засталася чалавечая годнасць, каб гэта адчуць, але калі яна ёсць, то гэта павінна іх закрануць. Агулам жа ўсё гэта – чарговае зацягванне гаек, якое прывядзе да таго, што разьбу сарве і знясе выбухам усю верхавіну, якая цяпер прыдумляе такія законы.

У цывілізаваным свеце рашэнне аб забароне на выезд прымае суд на адкрытым працэсе

Паводле юрыста і сябры Каардынацыйнай Рады Міхаіла Кірылюка, новы закон аб выездзе з Беларусі, які прапануюць улады, парушае не толькі Канстытуцыю ва ўсіх рэдакцыях, якія былі, але таксама і міжнародныя дамовы і дакументы, якія падпісвала Беларусь, напрыклад – статут ААН.

– Беларусь падпісвала статут ААН без Лукашэнкі, з ААН не выходзіла, таму абавязаная выконваць тое, што абяцала – а менавіта гарантаваць грамадзянам выкананне правоў чалавека, – кажа спадар Кірылюк.

Паводле юрыста, прапанаваны законапраект цалкам неправавы:

– Забароняць выязджаць людзям, чый выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Беларусі. А хто будзе вырашаць, што гэта за інтарэсы? Супрацоўнік КДБ. А супрацоўніка КДБ у нас ніхто не выбіраў. Яго прызначыў Аляксандр Лукашэнка, які прайграў апошнія выбары. Таму гэта дакладна не той чалавек, які мае права вызначаць, у чым заключаюцца нацыянальныя інтарэсы Беларусі.

У цывілізаваным свеце забараніць выезд з краіны могуць, калі чалавек – фігурант крымінальнай справы ці абвешчаны ў вышук, кажа Міхаіл Кірылюк. Але рашэнне аб забароне прымае не супрацоўнік КДБ, а суд на адкрытым працэсе. І гэтае рашэнне можна аспрэчыць у вышэйшай інстанцыі.

«Адзін – надзіральнік у турме, другі – вязень, але абодва не могуць з гэтай турмы выйсці»

Прадстаўнік Каардынацыйнай Рады, гэтак жа, як і Ганна Красуліна, звяртае ўвагу, што новы закон стварае прастору для карупцыі, бо чыноўнікі змогуць гандляваць правам на выезд.

Репортаж с польско-белорусской границы, где ввели чрезвычайное положение. Пункт проверки автомобилей полицией
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ДД / Белсат

– У цывілізаванай краіне такі законапраект не прайшоў бы карупцыйны фільтр, які з’яўляецца натуральным этапам у законатворчасці, – кажа эксперт.

Юрыст падкрэслівае, што закон перашкаджае інтарэсам большасці беларусаў, аднак асабліва закранае дзве катэгорыі – прыхільнікаў дэмакратычных каштоўнасцяў і сілавікоў.

– Сілавікі гэтым законам пастаўленыя нароўні з барацьбітамі за свабоду, з так званымі «палітычнымі». Атрымліваецца, адзін – надзіральнік у турме, другі – вязень, але яны абодва не могуць з гэтай турмы выйсці, – зазначае спадар Кірылюк. – Гэта паказвае ўзровень даверу сістэмы да сваіх жа службоўцаў. Шукаюць ворагаў сярод сваіх жа.

Міхаіл Кірылюк зазначае, што, канешне, далёка не ва ўсіх беларусаў цяпер ёсць прывілей эміграваць. Аднак юрыст раіць тым, хто застаецца, не губляць надзею і змагацца.

– Як бы гэта ні гучала цяпер. Бо напрыклад, тая ж Польшча фактычна з 1795 году змагалася за аднаўленне сваёй незалежнасці. І шмат было няўдалых спробаў, і крывавых задушэнняў паўстанняў, але палякі не спыніліся і збудавалі сабе дзяржаву, узровень якой Беларусі яшчэ дзесяцігоддзі даганяць. І яны здолелі гэта зрабіць, бо не адмовіліся ад сваёй мары і не спыніліся, – рэзюмуе сябра Каардынацыйнай Рады.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў