Вынікі пошуку для:

У Вільні для дзетак прайшоў майстар-клас гульняў, спеваў і танцаў ад Сержука Тоўсцікава і клубу «Ойра»

Імпрэза была прысвечаная Дням беларускай культуры ў Вільні і мела на мэце папулярызыцыю беларускай нацыянальнай культуры ды інтэграцыю дзетак з нашай краіны.

«Гэтым праектам нам хацелася пашырыць камунікацыю беларусаў паміж сабой, не толькі дзяцей, але і дарослых. Я лічу, што ў нас гэта атрымалася», – кажа адзін з арганізатараў Сяржук Тоўсцікаў.

Фота: Белсат

Падчас імпрэзы можна было патрэнавацца ў акторскім майстэрстве, пагуляцца ў «Кракадзіла», пазнаёміцца з беларускімі духавымі інструментамі, а таксама патанчыць народныя танцы пад дуду.

Блок музыкі-танцаў прэзентаваў дзеткам і іхным бацькам адзін з арганізатараў, Вячка Красулін: «Лічу, што ўсім беларусам трэба ведаць сваю культуру, для фармавання нацыянальнай самасвядомасці, і чым раней – тым лепей. Калі ведаеш свае традыцыі, ты сапраўды існуеш у беларускім кантэксце».

Фота: Белсат

Больш за ўсё дзеткам спадабаліся танцы і гульні: «Гэта мой любімы танец!» – амаль выкрыквае ў захапленні адна з самых маленькіх наведніц.

«Так весела мне даўно не было! Давайце яшчэ!» – падтрымлівае хлопчык побач.

«Сапраўднае лета, – канстатуе 11-гадовы падлетак. – А калі наступны раз?»

Такія супольныя сустрэчы культурніцкія актывісты збіраюцца стала ладзіць на той жа платформе з восені. Акрамя гэтага ў Вільні кожны панядзелак і чацвер можна наведваць танцы для дарослых ад таго ж клубу «Ойра».

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны