Пра прысуд Кацярыне Андрэевай

Журналістцы вынеслі прысуд – 8 гадоў за дзяржаўную здраду ў закрытым судзе. Для нас зразумела, дзеля чаго арганізоўваўся закрыты суд – быццам праз гэта мы не даведаемся, што было ў матэрыялах справы. І без гэтага ведаем. Там не было нічога, акрамя жадання сілавікоў зламаць чалавека, атрымаць подпіс аб прызнанні віны, раскаянні і супрацоўніцтве са следствам. І, на жаль, ведаем не па чутках.

Калі ў 2020 годзе я быў адвакатам у Менску, у мяне ў вытворчасці была справа па абвінавачванні аднаго з палітычных актывістаў.

Архіўнае фота. Адвакат Сяргей Зікрацкі і Кацярына Андрэева. Менск, 18 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Справа складалася з некалькіх аркушаў з «прызнаннем» актывіста. Прызнанне было атрымана не ў прысутнасці адваката, з якім у зняволенага была дамова, а з «адвакатам па прызначэнні». Нібыта гэты адвакат па нейкім супадзенні быў на дзяжурстве ў момант допыту і засведчыў «добраахвотнасць» прызнання.

Абвінавачванне заключалася ў тым, што зняволены нібыта перадаў камусьці каля 300 долараў на куплю «лазерных указак» для «асляплення амапаўцаў». Пры іх дапамозе нібыта можна было нанесці траўму супрацоўніку міліцыі.

Калі мы былі адны, я задаў пытанне следчаму, ці не бянтэжыць яго такая маленькая колькасць матэрыялаў у справе – ён сказаў, што для «прысуду будзе дастаткова». Я ўдакладніў, што ў справе толькі адно «прызнанне» – і, па-сутнасці, гэта «злачынства без пацярпелага», паколькі ў справе няма:

  • паказанняў пацярпелага ад «асляплення» амапаўца,
  • звестак пра канкрэтную прыладу злачынства, што асляпіла канкрэтную ахвяру,
  • медыцынскай экспертызы,
  • дакументальна пацверджанай прычынна-выніковай сувязі паміж перадачай грошай на куплю ўказак і траўмай міліцыянта. Пры нармальным разглядзе справы абвінавачванню патрабуецца як мінімум даказаць, што траўма была нанесеная пацярпеламу не нейкай абстрактнай, а канкрэтнай прыладай злачынства, набытай менавіта на грошы «абвінавачанага».

Следчы адказаў мне літаральна наступнае: «Нам нічога з гэтага і не трэба. Калі прызнаецца і будзе супрацоўнічаць – сядзе на некалькі гадоў. Калі будзе супраціўляцца –атрымае 10 гадоў за дзяржаўную здраду. А доказы? Ды не патрэбны нам ніякія доказы. Суд будзе закрытым».

8 гадоў за дзяржаўную здраду для журналіста – гэта прызнанне ва ўласным бяссіллі. Гэта значыць, што ў той справе ў закрытым судзе не было насамрэч нічога. Не было ніякіх дзяржаўных сакрэтаў, не было ніякіх пацярпелых, не было нават паперы з подпісам аб прызнанні віны. Гэта значыць, што не змаглі зламаць. І не змогуць. Беларусь жыве, пакуль такія людзі, як Кацярына, жывуць дзеля яе. Дзеля ўсіх нас.

Артыкулы
Кацярына Андрэева ў судзе: Я атрымала больш, чым Салжаніцын
2022.07.13 20:43

Міхаіл Кірылюк / АА для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў