Не тэрарысты, але ўсё ж… Навошта беларусаў уносяць у спіс асобаў, датычных тэрарыстычнай дзейнасці


Пасля выбараў 2020 года Беларусь стала вельмі «тэрарыстычнай» краінай. Такую выснову можна зрабіць са спісу асобаў, датычных тэрарыстычнай дзейнасці, што на сваім сайце публікуе Камітэт дзяржбяспекі. Але навошта рэжым займаецца гэтым? Разбіраліся разам з праваабаронцам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ВО / Белсат

КДБ Беларусі працягвае дадаваць усё новых беларусаў да спісу асобаў, датычных тэрарыстычнай дзейнасці. Асноўную колькасць у ім складаюць асобы, прызнаныя тэрарыстамі рознымі міжнароднымі арганізацыямі. Але доля беларусаў сярод іх робіцца ўсё большай.

Хто ў спісе

На сёння ў пераліку 878 асобаў, з іх 135 – грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Або амаль кожная шостая асоба са спісу. Для параўнання: грамадзянаў Афганістану мы налічылі толькі 124.

Спіс «тэрарыстаў» вельмі разнастайны і, як выглядае, фіктыўны. Тут і вядомыя палітыкі ды актывісты, як Святлана і Сяргей Ціханоўскія, Павел Латушка, Марыя Калеснікава, Мікалай Аўтуховіч, Павел Вінаградаў, блогеры Сцяпан Пуціла, Антон Матолька ды Ігар Лосік, праваслаўны святар Сяргей Разановіч ды іншыя. Ёсць як асуджаныя, так і не.

Абвінавачваюцца яны пераважна паводле зусім не тэрарыстычных артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варажнечы»), 293 («Масавыя беспарадкі»), 295 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні зброі»), 309 («Наўмыснае пашкоджанне транспартнага сродку ці шляхоў зносінаў»), 361 («Заклікі да санкцыяў»).

Паводле тэрарыстычных артыкулаў (289, 290, 290-4, 290-5 і 359 КК), у тым ліку за фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці або пагрозы, абвінавачваюцца толькі 63 асобы, то бок менш за палову. Гэта рэйкавыя партызаны, што перашкаджалі расейскай вайне з Украінай, асобы, што псавалі машыны сілавікоў, актывісты «Супраціву» і прадстаўнік BYPOL ды гэтак далей. У здзяйсненні непасрэдна актаў тэрарызму вінавацяцца, напрыклад, вядомыя «тэрарысты» Ціханоўская, Матолька і Латушка.

Незразумелы алгарытм

Пры гэтым, як адзначыў у каментары «Белсату» юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка, гэтых людзей са спісу ўсё ж не прызнаюць тэрарыстамі, а толькі ўносяць у пералік асобаў, датычных тэрарыстычнай дзейнасці.

«Гэты спіс вядзецца Камітэтам дзяржбяспекі паводле правілаў, прызначаных Саветам міністраў. Падставы для ўключэння ў гэты спіс – гэта асуджэнне ці прыцягненне ў якасці абвінавачванага паводле цэлага шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, што ўключаюць у сябе не толькі тэрарыстычныя склады, дзе ёсць слова «тэрарызм» або мяркуецца падобнае дзеянне, але і іншыя склады, якімі кваліфікуюць цяпер пратэставую дзейнасць», – адзначыў праваабаронца.

І людзей уносяць у спіс, бо яны фармальна трапляюць пад гэтыя крытэры.

«Для нас, для праваабаронцаў «Вясны», не зусім зразумелы алгарытм, узяты на ўзбраенне спецслужбамі Беларусі. Бо ўключаюцца ў гэты спіс далёка не ўсе асуджаныя паводле адпаведных артыкулаў. І ўключаюцца яны туды ў розны перыяд: хтосьці – на этапе расследавання справы, хтосьці – ужо пасля даўняга вынясення прысуду», – распавёў Павел Сапелка.

Якія наступствы

Што да наступстваў для ўжо асуджаных палітвязняў пасля ўнясення іх у названы спіс, гэта будуць перадусім абмежаванні ў фінансавай сферы.

Гэтак, асабліваму кантролю будуць падлягаць іхныя фінансавыя аперацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«На справе гэта, як правіла, будзе выглядаць як абмежаванне ў атрыманні нейкіх грошай на рахунак, абмежаванне ў распараджэнні гэтымі грашыма. Яны ў сваім становішчы выяўляюцца як рэальныя тэрарысты, прызнаныя такімі міжнароднай супольнасцю», – заявіў юрыст.

Таксама, паводле яго, такія рашэнні, на думку ўладаў, мусяць мець «пэўны рэпутацыйны вектар»: на гэтых людзей будзе ставіцца кляймо тэрарыстаў.

«Гэта вельмі фармальныя дзеянні, якія нашага праваабарончага стаўлення да тых, хто асуджаны за рознага кшталту дзеянні, звязаныя з пратэстамі і здзяйсненнем сваіх асноўных правоў і свабодаў, не мяняюць», – падкрэсліў Павел Сапелка.

Не паўплывае гэты спіс і на стаўленне дэмакратычных урадаў да фігурантаў са спісу, упэўнены праваабаронца.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў