Кіраўнік САЗ заклікае вярнуць супрацьковідныя захады – маскі, сацыяльную дыстанцыю, тэсты


Кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус занепакоены ростам захворвання на COVID-19, выкліканым новымі штамамі, і таму звярнуўся да ўсіх краінаў з заклікам вярнуць супрацьэпідэмічныя захады: масачны рэжым, сацыяльную дыстанцыю, добрае ветранне памяшканняў, тэставанне, піша «Sky News».

САЗ заклікае вярнуць масачны рэжым.
Фота: Белсат

Паводле Тэдраса Гебрэесуса (Tedros Adhanom Ghebreyesus), павелічэнне захворвання стварае дадатковую нагрузку на медыкаў і на сістэмы аховы здароўя, якія і так ужо перагружаныя, хоць цяпер сітуацыя нашмат лепшая, чым у пачатку пандэміі.

«Новыя хвалі захворвання паказваюць, што COVID-19 яшчэ не закончыўся. Я таксама занепакоены ўсё большай колькасцю смерцяў», – сказаў кіраўнік САЗ і заклікаў урады краінаў вярнуцца да супрацьковідных захадаў, такіх, як маскі, добрае ветранне памяшканняў, сацыяльная дыстанцыя, пратаколы тэставання і лекавання ковіду.

Аналітыка
COVID вярнуўся: у Еўропе новая хваля, у віруса новы падштам. Што вядома
2022.07.12 08:00

Гебрэесус таксама зазначае, што на сённяшні дзень існуе «сур’ёзны разрыў» ва ўспрыняцці рызыкі распаўсюджвання віруса навукоўцамі, палітыкамі і грамадскасцю.

«Пакуль вірус цісне на нас, мы павінны даваць адпор. Вядома, быў дасягнуты значны прагрэс. У нас ёсць эфектыўныя інструменты, якія дапамагаюць пазбегчы інфікавання, шпіталізацыяў і смерцяў. Аднак мы не павінны разглядаць гэта як нешта, што само па сабе разумеецца», – сказаў кіраўнік САЗ і заклікаў краіны рэгулярна пераглядаць і карэктаваць свае планы рэагавання на COVID-19 у залежнасці ад зменлівай сітуацыі.

Сярод штамаў і падштамаў каронавіруса, якія цяпер фіксуюцца САЗ, найбольшую занепакоенасць выклікае ВА.2.75 ці, о-мікрон цэнтаўр, які быў упершыню заўважаны ў Індыі ў траўні гэтага года. Паводле навукоўцаў, гэты варыянт віруса можа хутка распаўсюджвацца, і супраць яго не дзейнічае імунітэт, здабыты пасля вакцынацыі ці папярэдніх захворванняў.

Інтэрв’ю
Доктар Мартаў пра новую хвалю COVID-19, медыкаў на вайне і смерць Пуціна
2022.07.13 12:58

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў