Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 14 ліпеня


Штодня ў Беларусі адбываюцца палітычна матываваныя суды і затрыманні, а вязням, якія ўжо знаходзяцца ў зняволенні, ствараюць здзеклівыя ўмовы. Хроніка рэпрэсіяў за чацвер, 14 ліпеня – у аглядзе «Белсату».

Старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікола Шарах.
Фота: Вясна

У Полацку затрыманы старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікола Шарах. Як паведамляюць ягоныя паплечнікі, суд над ім адбудзецца 15 ліпеня.

У Іванаве ператрусы праходзілі ў актывістаў і ў тых, каго раней прыцягвалі па палітычных справах — паведамляецца, што некаторым людзям разграмілі кватэры. Міліцыянты застрэлілі сабаку настаўніцы Алены Пуцыковіч, якая адбывае «хатнюю хіміі» за два рэпосты з інфармацыяй пра міліцыянтаў. Міліцыянты хацелі таксама застрэліць сабаку Марыны Кіявец, але тая змагла яе абараніць. У Марыны трое непаўнагадовых дзяцей, аднак яе дагэтуль не вызвалілі пасля ўчорашняга затрымання (па законе, яе павінны былі адпусціць праз 3 гадзіны). Паведамляецца, што на яе склалі тры пратаколы, таму могуць судзіць некалькі разоў запар — пасля сённяшняга суда жанчыну адразу перазатрымалі.

Таксама стала вядома, што сёння адбыліся суды над затрыманымі: Тамара Падымка — 30 базавых штрафу, Марына Кіявец — 29 базавых штрафу, Дзіяна Міховіч — 15 сутак арышту.

Сярод затрыманых Савіцкі, Дзмітрый Сянчук і Аляксандр Юшкевіч. Затрыманні праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і АЛМАЗу. У адным з РАУСаў мужчыне павязалі на шыю БЧБ-сцяг і пагражалі задушыць. У кішэні яму таксама засунулі БЧБ-сцягі — так з ім запісвалі «пакаяльнае відэа».

Мікалай Аўтуховіч трымае галадоўку, якую ён абвясціў у панядзелак з-за таго, што яму перадаюць лісты толькі ад маці, а таксама ён не атрымлівае газеты. Уладзімір Гундар пачынае прымаць ежу.

Hавiны
Мікалай Аўтуховіч працягвае трымаць галадоўку
2022.07.14 20:59

Суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Наталля Панасенка прызначыла Ганне Кандраценка тры гады калоніі агульнага рэжыму, а таксама штраф у памеры 100 базавых велічынь (3200 рублёў) за абразу суддзі, чыноўніка, супрацоўніка міліцыі і Лукашэнкі.

Пракурор просіць прызначыць Юліі Лаптановіч 5 гадоў калоніі і штраф у памеры 3 200 рублёў. Судовы працэс вядзе суддзя Віктар Сянько. Палітзняволеную абвінавачваюць паводле шасьці артыкулах Крымінальнага кодэкса.

журналіст Юрый Ганцарэвіч.
Фота: Вясна

За фотавыявы вайсковай авіятэхнікі ў Берасці асуджаны журналіст Юрый Ганцарэвіч на 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

КДБ унёс у «спіс тэрарыстаў» яшчэ двух чалавек. У спіс дадалі 27-гадовага Эдварда Вільчэўскага (абвінавачваецца паводле арт. 130 і арт. 293 КК) і 35-гадовага Сяргея Кірыковіча (абвінавачваецца паводле арт. 130 КК). Цяпер у «тэрарыстычным» спісе КДБ 880 чалавек, 139 з якіх — беларусы.

З’явілася «пакаяльнае відэа» з вайсковым экспертам Ягорам Лебядком. На ім ён кажа, што дае інтэрв’ю «экстрэмісцкім каналам», у жніўні 2020 наведваў акцыі пратэсту, а таксама размясціў на сваёй Facebook-старонцы плакат часоў фашысцкай Нямеччыны.

Hавiны
Сілавікі характарызуюць Лебядка як «блогера», але менавіта ягоныя прагнозы былі дакладныя
2022.07.14 16:03

Палітзняволенаму Змітру Дашкевічу прысудзілі 1,5 года калоніі, яго жонцы Насце — 3 гады «хатняй хіміі». Пракурор запрасіў для Дашкевічаў па 1,5 гады калоніі, аднак суддзя Таццяна Пірожнікава прысудзіла жанчыне тры гады «хатняй хіміі» — месяц таму Наста нарадзіла чацвёртае дзіця.

Hавiны
«Я зычу вам, суддзі, пракуроры, падумаць пра душу сваю». Апошняе слова Змітра Дашкевіча на судзе
2022.07.14 12:38

Мікалаю Статкевічу была аб’яўлена вымова, быў пазбаўлены перадачы (адзінай на год згодна з рэжымам), адпраўлены ў ШІЗА на восем содняў і пазбаўлены спаткання. Акрамя гэтага, палітвязня паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». 15 ліпеня Мікола павінен выйсці са штрафнога ізалятару, але ён мяркуе, што тэрмін яму могуць працягнуць.

14 ліпеня спаўняецца год, як старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч былі кінутыя за краты за сваю праваабарончую дзейнасць. Гэты дзень стаў «чорным» для грамадзянскай супольнасці: год таму зранку сілавікі прыйшлі з вобшукамі да праваабаронцаў «Вясны», Беларускага хельсінкскага камітэту, «Lawtrend», прадстаўнікоў незалежных медыяў і актывістаў недзяржаўных арганізацыяў, партыяў і рухаў па ўсёй краіне. У гэты дзень затрымалі 11 сябраў «Вясны», якіх трымалі за кратамі ад 3 да 10 содняў.

Артыкулы
«Вясна» за кратамі: год з разгрому праваабарончай супольнасці
2022.07.14 13:53

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў