Еўразвяз не будзе прызнаваць пашпартоў, якія Расея выдае ўкраінцам


Расейскія пашпарты, выдадзеныя ўкраінцам у межах указу Пуціна аб спрошчаным атрыманні грамадзянства РФ, не будуць прызнавацца ў краінах Еўразвязу, заявіў кіраўнік замежнапалітычнай службы ЕЗ Жузэп Бурэль.

Пашпарты РФ, самаабвешчанай ДНР і Украіны.
Фота: РИА Новости

У панядзелак, 11 ліпеня, прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін падпісаў указ, які спрашчае ўкраінцам атрыманне расейскага грамадзянства. Спрашчэнне датычыць жыхароў усёй Украіны, а не толькі ЛНР, ДНР, Херсонскай і Запарожскай вобласцяў, як было да новага ўказу.

Жузэп Бурэль заявіў, што як Еўразвяз не прызнае пашпартоў, выдадзеных на тэрыторыях самаабвешчаных ДНР і ЛНР і ў акупаваных вобласцях Украіны, так не будзе прызнаваць і гэтых.

«Новае расейскае заканадаўства, якое спрашчае для ўсіх украінцаў працэдуру атрымання грамадзянства Расеі, – гэта яшчэ адно абуральнае парушэнне ўкраінскага суверэнітэту, звязанае з незаконнай вайной. ЕЗ ніколі не прызнае гэтых пашпартоў», – напісаў Бурэль у сябе ў «Тўітэры».

Яшчэ на пачатку чэрвеня Еўразвяз у адмысловай заяве з нагоды спрашчэння працэдуры атрымання грамадзянства РФ для жыхароў акупаваных тэрыторыяў Украіны асуджаў дзеянні Расеі, у тым ліку ўвядзенне расейскага рублю, змяненне мовы навучання і праграмаў у школах.

«Любыя спробы змяніць статус частак украінскай тэрыторыі – яўнае парушэнне міжнароднага права, Статуту ААН і Канстытуцыі Украіны, яны яшчэ больш падрываюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і не будуць прызнаныя Еўразвязам. Расея, яе палітычнае кіраўніцтва і ўсе, хто датычны да парушэнняў міжнароднага права і міжнароднага гуманітарнага права, будуць прыцягнутыя да адказнасці за гэтыя незаконныя дзеянні», – адзначалася ў заяве.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў