Зранку сілавікі прыходзяць з вобшукамі да праваабаронцаў і журналістаў


З самай раніцы з пастановай на ператрус сілавікі прыйшлі да юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімера Лабковіча і сябры рады «Вясны» Валянціна Стэфановіча.

Праваабаронцы Уладзімер Лабковіч і Валянцін Стэфановіч. Калаж з фота: «Вясна. Правы чалавека ў Беларусі» / Facebook

Уладзь Лабковіч паспеў сцісла паведаміць пра гэта ў сваім Facebook. «Ператрус», – напісаў ён.

Падрабязнасцяў пакуль няма.

Артыкулы
Стэфановіч пра палітвязняў: Улады Беларусі выкарыстоўваюць памілаванне для захавання аблічча
2021.06.14 11:58

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што каля 9-й ранку супрацоўнікі ДФР прыйшлі з ператрусам да гарадзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава.

А ў Менску затрымалі праваабаронцу Сяргея Сыса, у ягоным доме адбываецца ператрус. Затрыманая і праваабаронца Яўгенія Бабаева. Яе павезлі ў Следчы камітэт.

Таксама адсутнічае сувязь са старшынём Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім.

Кіраўнік ПЦ «Вясна» Алесь Беляцкі.
Фота: viasna96 / Telegram

Ператрус адбываецца і ў дырэктара праваабарончай арганізацыі «Lawtrend» Вольгі Смалянкі. Пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook. Вольга дадала, што чакаецца ператрус і ў офісе арганізацыі.

Скончыўся ператрус у праваабронцы і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэя Палуды. Яго затрымалі і вязуць на пляцоўку «Тэрыторыя правоў», дзе таксама адбудзецца вобшук.

У офіс БАЖ таксама прыйшлі сілавікі. Яны выламалі дзверы.

Вобшук у офісе руху «За свабоду» ў Менску, напісаў у сваім Facebook старшыня арганізацыі Юрась Губарэвіч.

 

Сілавікі прыйшлі і ў офіс выдання «Имена».

«У офісе «Имён» нейкія людзі, імаверна, ДФР. Больш нічога сказаць не магу», – напісала ў Facebook стваральніца праекту Кацярына Сінюк.

Ператрус адбываецца ў офісе Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Таксама выломваюць дзверы ў офісе Беларускага Хельсінкскага камітэту. Пра гэта напісаў у сваім Facebook старшыня праваабарончай арганізацыі Алег Гулак.

Прыйшлі з ператрусам да Мікалая Шараха, кіраўніка полацкай філіі Свабоднага прафзвязу і сябры Полацкага праваабарончага таварыства.

Таксама ператрус адбываецца ў Берасці ў Кірыла Кафанава, праваабаронцы з арганізацыі «Human Constanta».

У офісы цэнтра эканамічных даследаванняў «BEROC», праваабарончай арганізацыі «Гендерные перспективы» і партыі БНФ таксама прыйшлі сілавікі.

У Барысаве затрыманы юрыст і праваабаронца Алег Мацкевіч. Яго павезлі ў Следчы камітэт у Менск.

Таксама сёння ў 7:30 раніцы прайшоў ператрус у праваабаронцы «Вясны» Алены Лапцёнак. У пастанове на ператрус значыліся: ч.1 і 2 арт. 342 і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса. Алену павезлі ў Следчы камітэт. Невядома, у якім яна статусе.

Ператрус праходзіць і ў эканаміста Яраслава Раманчука.

У Горадні з вобшукам прыйшлі ў ГА «Цэнтр «Трэці сектар» і арганізацыю «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацыі» у Менску.

Сілавікі зладзілі ператрус у офісе Саюза беларускіх пісьменнікаў. Па стане на 14.43 ператрус завершылі. Офіс апячаталі і канфіскавалі тэхніку.

Ператрус таксама зладзілі і ў кватэры старшыні СБП Барыса Пятровіча. Ён цяпер на волі пад падпіскай пра неразгалошванне і нявыездзе.

Сілавікі прыйшлі і да сябраў грамадскага аб’яднання «Фонд імя Льва Сапегі», паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Пасля ператрусу затрымалі праваабаронцу «Вясны» Уладзіміра Лабковіча і яго жонку Ніну Лабковіч – выканаўчага дырэктара аб’яднання інвестараў «Angels Band».

Адбыўся ператрус у старшыні праўлення адукацыйнага цэнтра «ПОСТ» Сафіі Емельянавай. У яе, акрамя кампутара і тэлефона, забралі зборнік апавяданняў выдавецтва «Наша Ніва»: «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю».

Сілавікі прыйшлі з ператрусам да Анатоля Лябедзькі.

Анатоль Лябедзька пакуль на волі. Падчас ператрусу вынялі сцягі, тэхніку.

А 18:00 стала вядома, што кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі затрыманы. Крымінальную справу супраць яго вядзе Цэнтральны апарат Следчага камітэту. Падрабязнасці высвятляюцца.️ Сувязі з Алесем Бяляцкім не было з самай раніцы, піша «Вясна».

У дырэктаркі SYMPA/BIPART (Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання) Наталлі Рабавай кватэра апячатаная, адзнака ДФР.

У Менску працаўнікі КДБ затрымалі актывістаў Аляксандра Руткевіча і Арыну Каршунову.

Сілавікі прыйшлі ў офіс Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Менску.

Сілавікі затрымалі праваабаронцу Алену Лапцёнак на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы, паведамляе «Вясна».

Праваабаронцу і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэя Палуду затрымалі на 72 гадзіны. Цяпер ён у ізалятары на Акрэсціна.

Андрэй Палуда. Фота spring96.org

Сілавікі зладзілі ператрус у намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Віктара Янчурэвіча. Канфіскавалі тэхніку, сцягі і паперы. Цяпер ён на волі, паведамляе «Вясна».

У апазіцыйных праймерыз для вылучэння адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары возьме ўдзел пяць кандыдатаў. Пра гэта было заяўлена на прэс-канферэнцыі ў офісе «Руху за свабоду». На здымку — Аляксей Сігаеў, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі, Віктар Янчурэвіч. Менск, Беларусь. 4 сакавіка 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Праваабаронца з Горадні Віктар Сазонаў у ІЧУ Кастрычніцкага РАУС. Праваабаронцу затрымалі на 72 гадзіны.

Журналіст праваабарончага цэнтру «Вясна» Сяржук Сыс затрыманы на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы. Сястра яго жонкі паведамляе, што падчас ператрусу хату «разграмілі».

 

Размова
Ці ўдасца ўладам «зачысціць» недзяржаўны сектар?
2021.05.19 22:20

АД, belast.eu

Стужка навінаў