Радыкалізм з удзелам КДБ. Што не так з афіцыйнай версіяй «справы ОГСБ»


Увечары 13 ліпеня дзяржаўны тэлеканал ОНТ паказаў прапагандысцкі фільм «20 TERROR 21», прысвечаны так званай «тэрарыстычнай справе», распачатай у сувязі з дзейнасцю тэлеграм-каналу «Отряды гражданской самообороны Беларуси». Расказаная ў стужцы версія КДБ істотна супярэчыць ранейшым заявам Аляксандра Лукашэнкі.

КДБ абвяргае Лукашэнку

Аляксандр Лукашэнка. Крыніца president.gov.by

2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка абвесціў, што спецслужбы нібыта выкрылі «сонныя тэрарыстычныя ячэйкі», мэтай якіх была «гвалтоўная змена ўлады ў дзень Ікс». У прыватнасці, ён згадаў Telegram-канал «Отряды гражданской самообороны Беларуси» («ОГСБ»). Лукашэнка абвінаваціў Літву, Польшчу, ЗША, Украіну і Нямеччыну ў каардынацыі гэтых «ячэек». Асабліва ён звярнуў увагу на адказнасць афіцыйнага Берліну за гэтыя дзеянні:

«Мы ўжо не нейкаму Гайка Маасу, міністру замежных справаў Нямеччыны, выставім прэтэнзіі, але самому канцлеру і камусьці з кіраўніцтва Нямеччыны».

Фільм ОНТ быў зняты на падставе матэрыялаў КДБ, але версія чэкістаў прынцыпова разыходзіцца са словамі Лукашэнкі.

Будынак КДБ у Менску, фота wikimapia.org

Па-першае, у фільме не ідзе гаворкі пра нейкія «сонныя тэрарыстычныя ячэйкі». Калі верыць версіі КДБ, стваральнік «ОГСБ» Дзяніс Хромаў набіраў людзей для супраціву тут і цяпер. Акцыі, у арганізацыі якіх вінавацяць Хромава, не былі прымеркаваныя да нейкага «дня X». Ды і ў прынцыпе ніякіх «ячэек» не існавала: паводле КДБ, удзельнікаў «ОГСБ» зводзілі паміж сабой непасрэдна перад акцыямі. Прычым зводзілі звычайна з кадэбэшнікамі.

Па-другое, нават прапагандысты ОНТ не змаглі абгрунтаваць абвінавачванні, якія Лукашэнка выставіў Нямеччыне, Літве, Польшчы, ЗША і Украіне. «Замежны след» у дзейнасці «ОГСБ» абмяжоўваецца тым, што Дзяніс Хромаў (нік Дзіс) мае грамадзянства Нямеччыны і жыве ў Гамбургу, а яшчэ некалькі адмінаў нібыта перабываюць у Японіі і Украіне. Ніякіх сведчанняў таго, што Хромаў меў дачыненне да заходніх спецслужбаў, ОНТ не прыводзіць, гэтага не сцвярджаюць нават галаслоўна. Прапагандысты толькі кажуць, што Хромаў звязаны з нейкімі «ўплывовымі людзьмі», спасылаючыся на тое, што пра гэта нібыта казаў сам Діс.

Ігар Каламойскі.
Фота: VALENTYN OGIRENKO / Reuters / Forum

У стужцы ОНТ гаворка ідзе пра тое, што ўвесну Дзіс кантактаваў з Юрасём Зянковічам, якога спрабаваў пераканаць у тым, што ён мае выхады на ўкраінскага алігарха Ігара Каламойскага. Сцвярджалася, што выхад на Каламойскага ў Хромава быў праз паліттэхнолага Уладзіслава Рагімава. Прапагандысты акцэнтавалі ўвагу на тым, што Рагімаў – гэта былы піяршчык Уладзіміра Зяленскага і Міхаіла Хадаркоўскага. У фільме паказаныя фрагменты допыту Зянковіча, які казаў, што Дзіс у якасці абавязковай умовы для далейшай супрацы прапаноўваў яму прыехаць у Кіеў і прайсці праверку на дэтэктары хлусні (Зянковіч, праўда, адмовіўся). На падставе гэтага аўтары фільму робяць выснову, што Дзіс звязаны з украінскімі спецслужбамі.

Уладзіслаў Рагімаў.
Фота: mk.ru

Аднак працаўнікі ОНТ свядома маніпулююць фактамі. Доказаў таго, што Рагімаў быў звязаны з кампаніяй Зяленскага не існуе. Затое ёсць сведчанні, што Рагімаў звязаны са структурамі блізкага да Уладзіміра Пуціна алігарха Яўгена Прыгожына, які фінансуе ПВК Вагнэра. Расейскі апазіцыйны палітык Ілля Панамароў наагул называў Рагімава агентам ФСБ. Апошнім часам паліттэхнолаг у публічнай прасторы займаўся адбельваннем рэпутацыі Крамля і распаўсюдам фэйкаў: напрыклад, ён сцвярджаў, што Аляксей Навальны працуе на заходнія спецслужбы і ніхто «Навічком» палітыка не труціў.

Словы або дзеянні?

Фігура стваральніка і адміністратара каналу «ОГСБ» Дзяніса Хромава пакідае шмат пытанняў. Застаецца незразумела, што звязвае Дзіса з Беларуссю і чаму ён раптам зацікавіўся барацьбой беларусаў супраць дыктатуры. Як вынікае з інфармацыі ОНТ, Дзяніс Хромаў нарадзіўся ў расейскім Хабараўску, правёў дзяцінства і вучыўся ва Украіне і яшчэ падлеткам разам з маці пераехаў у Гамбург, бо маці выйшла замуж за немца. Там ён атрымаў прозвішча Хофман. Да верасня 2020 года займаўся бізнесам, але збанкрутаваў і пасля гэтага ўзначаліў тэлеграм-канал «ОГСБ». Дзіўны паварот біяграфіі, які складана рацыянальна патлумачыць.

Скрыншот з відэа. Крыніца: ОНТ / YouTube

У фільме ОНТ распавядаецца, што «сурёзныя, радыкальныя тэмы» сталі абмяркоўвацца ў чаце «ОГСБ» у канцы сакавіка – пачатку красавіка 2021 года. Варта адзначыць, што здольнасць саміх удзельнікаў тэлеграм-чату нешта зрабіць у рэальнасці, а не толькі абмяркоўваць у сеціве, ставілася пад сумнеў самімі фігурантамі «справы ОГСБ». Палітвязень Ягор Дуднікаў, якога называюць адным з адміністратараў каналу, казаў у фільме, што ў чаце былі «адныя прыдуркі, у якіх, акрамя словаў, дзеянняў абсалютна ніякіх». Негатыўна характарызуе чальцоў суполкі і арыштаваная Наталля Матвеева: «зборышча прыдуркаў».

Між тым, паводле ОНТ, 16 красавіка распачалася аперацыя КДБ супраць «ОГСБ». Як сцвярджаюць у КДБ, з таго часу «інфармацыйны рэсурс кантраляваўся за кошт укаранення ў гэты чат супрацоўнікаў пад выглядам удзельнікаў».

Паводле прапагандыстаў, адзін з агентаў КДБ выдаваў сябе за чальца страйкбольнай каманды, ён пераканаў Дзіса, што «мае цэлую групу» падрыхтаваных аднадумцаў і даслаў яму некалькі відэа трэнінгаў. Цікава, што ОНТ пры гэтым пахваліўся: у адным з гэтых пастановачных страйкбольных відэа зняўся прапагандыст Ігар Тур, які нават прайшоў адмысловае рыхтаванне дзеля гэтага.

Скрыншот з відэа. Крыніца: ОНТ / YouTube

Дэталь вельмі дзіўная, бо незразумела, навошта прыцягваць да сакрэтнай «антытэрарыстычнай» аперацыі працаўніка тэлебачання, улічваючы, што ролю страйкбаліста ў масцы мог выканаць любы сілавік. Гэты крок можна зразумець толькі ў тым выпадку, калі сама аперацыя рыхтавалася менавіта ў прапагандысцкіх мэтах, а не ў мэтах бяспекі.

Тэрарызм – толькі пры дапамозе КДБ

«ОГСБ» вінавацяць у правядзенні трох радыкальных акцыяў: спробе падпалу лесанарыхтоўчай тэхнікі, спробе падрыву расейскага вузла сувязі «Вілейка» і спробе нападу на прапагандыста Рыгора Азаронка. Усе яны рыхтаваліся пры актыўным удзеле ўкаранёных агентаў КДБ.

Затрыманне Наталлі Матвеевай. Скрыншот з відэа. Крыніца: ОНТ / YouTube

Наталлі Матвеевай, якая, паводле следства, сама падахвоцілася спаліць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасе, чамусьці ў дапамогу даюць укаранёнага чэкіста, каб ён проста здымаў акцыю на камеру (імаверна, іх кіроўца таксама працаваў на спецслужбы). Калі верыць фільму, з ідэяй падарваць вузел сувязі ў Вілейцы Хромаў нібыта асабіста звяртаецца да агента КДБ, падрабязна распавядае пра свой план, хаця ў выніку выкананне акцыі даручаюць зусім іншым людзям: Вадзіму Гулевічу, Аляксею Глотаву і Кірылу Ашурку. (Апошні, як вынікае са стужцы ОНТ, добраахвотна адмовіўся ад удзелу ў акцыі, але гэта яго не выратавала – ён усё роўна быў арыштаваны). З агента КДБ пачынаецца і рыхтаванне нападу на Азаронка: менавіта да кадэбэшніка звяртаецца Хромаў, а Сасноўскага даюць сілавіку ўжо ў якасці напарніка.

Найбольш абсурдна ў гэтым сэнсе выглядае эпізод нападу на Азаронка. Лукашэнка ў сваім выступе 2 ліпеня так апісваў напад на прапагандыста:

«Ён (Азаронак. – Заўв. belsat.eu) першым з бандзюгам, які ішоў на яго (і ён ведаў, што ён узброены), пачаў бойку. Ён паваліў яго і пачаў з ім змагацца. Літаральна секунды – і былі захопленыя гэтыя мярзотнікі, уся група і гэты выканаўца».

Фільм ОНТ абвяргае словы Лукашэнкі цалкам. Аказваецца, чалавек, які распачаў штурханіну з Азаронкам, быў укаранёным агентам КДБ. Менавіта ён і быў узброены пісталетам. А Дзмітрый Сасноўскі, якога Лукашэнка назваў галоўным выканаўцам нападу, на момант затрымання нават не паспеў падысці да Азаронка і ніякай зброі з сабой не меў. Кіроўца, які прывёз Сасноўскага і кадэбэшніка на месца, мяркуючы па ўсім, таксама быў працаўніком спецслужбаў. У выніку ніякай група «мярзотнікаў» захопленая не была: быў арыштаваны адзін чалавек, а ўсе астатнія працавалі на КДБ.

Чалавек у бардовай байцы, які спрабуе схапіць Азаронка, – агент КДБ. Дзмітрый Сасноўскі (у чорнай байцы), якога затрымаюць праз секунду, нават не паспеў павярнуцца ў бок прапагандыста. Скрыншот з відэа. Крыніца: ОНТ / YouTube

Іншых акцыяў, акрамя гэтых трох, мяркуючы з фільму, «ОГСБ» не праводзіла і не рыхтавала. Атрымліваецца, што ўвесь рэальны радыкалізм «ОГСБ» быў завязаны на дзейнасць агентаў КДБ. Што даволі дзіўна, улічваючы, што ў чаце «ОГСБ» каля 1,7 тысячы ўдзельнікаў, а на канал падпісаныя амаль 4,5 тысячы чалавек.

У святле гэтых фактаў паўстае пытанне: у якой ступені дзейнасць «ОГСБ» з самага пачатку кантралявалася і накіроўвалася спецслужбамі? І ці не было ў дадзеным выпадку правакацыі або падбухторвання да злачынства?

Hавiны
«Гэта абсурд». КДБ затрымаў менскага праграміста ў межах «тэрарыстычнай справы»
2021.07.13 16:01
  • 8 ліпеня КДБ заявіў, што ў Беларусі ладзіцца «шырокамаштабная аперацыя для зачысткі ад радыкальна настроеных асобаў». Чэкісты заявілі, што, у прыватнасці, гаворка ідзе пра ўдзельнікаў суполак «Отряды гражданской самообороны Беларуси» і «Буслы ляцяць». Аднак вядома, што ў межах масавых арыштаў пад пераслед трапляюць журналісты, праваабаронцы, эксперты і простыя грамадзяне, якія не мелі ніякага дачынення да гэтых тэлеграм-каналаў.
  • Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Следчы камітэт заяўляе, што са жніўня завялі больш як 2400 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі, а Генеральная пракуратура сцвярджае, што за гэты перыяд было зарэгістравана больш за 3000 такіх «злачынстваў». Дакладная колькасць рэпрэсаваных у крымінальным парадку застаецца невядомай. Стварэнне «тэрарыстычнай справы» выглядае як чарговы віток самых масавых у найноўшай гісторыі Беларусі палітычных рэпрэсіяў.
  • На 14 ліпеня 555 асобаў прызнаныя палітычнымі вязнямі. Пачынаючы з лета 2020 года тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, больш за 33 000 асобаў былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Згодна з рознымі ацэнкамі, ад 4 да 15 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў