«ByPol» распавёў, хто ўдзельнічаў у затрыманні і катаваннях Сцяпана Латыпава


Ініцыятыва «ByPol» падрыхтавала расследаванне аб тым, хто затрымліваў палітвязня Сцяпана Латыпава і хто мог ужываць да яго катаванні, з-за якіх ён здзейсніў спробу самагубства.

Нагадаем, што Латыпаў паспрабаваў пакончыць з сабой у зале суда 1 чэрвеня, уткнуўшы ў горла востры прадмет. Яго забралі з залы суда на машыне хуткай дапамогі.

Затрыманне Сцяпана Латыпава.
Фота: TUT.by

Гэта адбылося, калі паказанні ў якасці сведкі даваў бацька Сцяпана.

«Бацька! Пасля спаткання да мяне прыйшоў ГУБАЗ. Паабяцаў, што калі я не прызнаю віны, у мяне будзе прэс-хата, крымінальныя справы супраць родных і суседзяў. Прэс-хата ў мяне была – 51 дзень. Так што ты рыхтуйся», – сказаў Латыпаў, звяртаючыся да бацькі перад тым, як нанесці сабе пашкоджанні.

Сцяпан Латыпаў быў затрыманы 15 верасня 2020 года людзьмі без апазнавальных знакаў у двары свайго дому. Паводле яго, затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу, якія і ўжывалі да яго катаванні.

«ByPol» высветліў, што затрымлівала Латыпава не 3-е ўпраўленне ГУБАЗіКу пад кіраўніцтвам Міхаіла Бедункевіча, вядомае аперацыямі супраць палітычных апанентаў, а 1-е ўпраўленне, якое займаецца карупцыяй.

Паводле звестак ініцыятывы, распрацоўваннем Латыпава займаўся падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Сігайла. Ён сфабрыкаваў справу супраць палітвязня і кіраваў ператрусам-пагромам у кватэры Латыпава.

Таксама ў ператрусе ўдзельнічалі намеснік начальніка 1-га аддзелу і падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Жыўлюк, старэйшы ўпаўнаважаны 1-га аддзелу Андрэй Кулікоў, старэйшы ўпаўнаважаны ў асабліва важных справах Аляксандр Яфіменка, якія дагэтуль удзельнічалі ў разгонах пратэстоўцаў. Аднак гэта не поўны спіс.

Пры затрыманні выкарыстоўваўся шэры мікрааўтобус «Volkswagen» на жоўтых нумарах таксі, які выкарыстоўвае 1-е аддзяленне ГУБАЗіКу. За стырном быў старэйшы ўпаўнаважаны Вадзім Барынскі.

Усе яны ўжо ўнесеныя ў санкцыйныя спісы ЗША і Еўрапейскага Звязу.

Артыкулы
Сцяпан Латыпаў спрабаваў перарэзаць сабе горла ў зале суда
2021.06.01 15:47

АД, belsat.eu

Стужка навінаў