Што за «новыя распрацоўкі ў мікраэлектроніцы» паказалі Лукашэнку? ФОТА


Аляксандр Лукашэнка 14 чэрвеня сабраў у Палацы незалежнасці нараду пра развіццё мікраэлектронікі. Звязаны з ягонаю прэс-службай ананімны Telegram-канал «Пул первого» паказаў, якімі айчыннымі распрацоўкамі хваліліся перад Лукашэнкам. Гэтую выставу той разглядаў, як сцвярджаюць, больш за гадзіну.

«Айчынныя распрацоўкі» ў мікраэлектроніцы, якімі пахваліліся перад Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 14 чэрвеня 2022 года.
Фота: pul_1 / Telegram

На першым фота – «мікразборкі» (мікрасхемы з рознымі тыпамі кампанентаў) невядомага прызначэння, пазнак на іх не відаць. Яны не выглядаюць надзвычай складанымі ці надзвычай малымі.

«Айчынныя распрацоўкі» ў мікраэлектроніцы, якімі пахваліліся перад Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 14 чэрвеня 2022 года.
Фота: pul_1 / Telegram

У чым навінка або асаблівасць газавага сэнсара з другога фота, няясна: газавыя сэнсары на аснове аксідаў металаў, у тым ліку з некалькімі працоўнымі зонамі, існуюць даўно. Напрыклад, у гэтым аглядзе 2014 года прафесара БНТУ гаворыцца, што апошнія два дзясяткі гадоў «вялікая ўвага надаецца распрацоўванню новых тыпаў сэнсараў, якія дазваляюць вымяраць вельмі малыя канцэнтрацыі забруджвальных рэчываў». Газааналізатары, у залежнасці ад прызначэння, могуць каштаваць пару дзясяткаў долараў або некалькі тысячаў.

«Айчынныя распрацоўкі» ў мікраэлектроніцы, якімі пахваліліся перад Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 14 чэрвеня 2022 года.
Фота: pul_1 / Telegram

На трэцім фота ў публікацыі «Пула первого» паказаная мікрасхема са слядамі неахайнага паяння, на ёй – перадузмацняльнік «Ampl08.11R» і ўзмацняльнік «Ampl-8.52», характарыстыкі і прызначэнне якіх у адкрытых крыніцах не называліся. Вядома толькі, што пробную партыю вырабілі на «Інтэграле», пра што адсправаздачыліся 31 траўня.

«Айчынныя распрацоўкі» ў мікраэлектроніцы, якімі пахваліліся перад Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 14 чэрвеня 2022 года.
Фота: pul_1 / Telegram

На чацвёртым фота – гетэраструктуры з нітрыду галію. Тлумачэнняў таго, што ў іх новага, на фота няма. Імі ў Беларусі займаюцца прынамсі з канца 1990-х, яны задзеяныя ў стварэнні сховішчаў інфармацыі, святладыёдах, дысплэях і лазерах.

«Айчынныя распрацоўкі» ў мікраэлектроніцы, якімі пахваліліся перад Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 14 чэрвеня 2022 года.
Фота: pul_1 / Telegram

Датчык дэфармацыі з пятага фота пастаўляўся на беларускія прадпрыемствы ўжо з 2019 года (1 асобнік, які каштаваў 361 рубель і 20 капеек, але ў наступным годзе паставілі ўжо 47 асобнікаў), а таксама ў Індыю. Сістэма маніторынгу канцэнтрацыі метану таксама вырабляецца прынамсі з 2019 года. І тым, і другім ужо хваліліся ў 2020 годзе, але чым гэтыя прадукты лепшыя за замежныя аналагі, невядома.

«Айчынныя распрацоўкі» ў мікраэлектроніцы, якімі пахваліліся перад Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 14 чэрвеня 2022 года.
Фота: pul_1 / Telegram

Мікрасхемы з шостага фота – аналагі замежных распрацовак. Можна разабраць, напрыклад, што адна мікрасхема – аналаг LT3085MP, прэзентаванай у 2008 годзе, яшчэ адна – аналаг LT1308B, прэзентаванай у 1999-м. Рэгулятар MP2307, аналаг якога паказаны на тым жа фота, выпускаўся прынамсі з 2006 года. Серыю чыпаў 5322CXXXX выпускаюць на «Інтэграле» прынамсі з 2018-га.

Такія чыпы каштуюць пару долараў або пару еўраў. Тое, што гэтыя чыпы старыя, не значыць, што ад іх няма ніякай карысці, але значыць, што іх вытворчасць даўно наладжаная, таму можа быць няпроста стварыць канкурэнтаздольны аналаг.

«Айчынныя распрацоўкі» ў мікраэлектроніцы, якімі пахваліліся перад Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 14 чэрвеня 2022 года.
Фота: pul_1 / Telegram

Дзяржаўны завод «Інтэграл» за 2020 год (больш свежых звестак у адкрытым доступе няма) меў выручку ад рэалізацыі прадукцыі на Br 189,342 мільёна, чысты прыбытак – Br 3,238 мільёна і доўгатэрміновыя абавязкі на Br 78,874 мільёна пры доўгатэрміновай дэбіторскай запазычанасці Br 120 тысячаў. На кампанію тады працавалі 4555 чалавек, за год кампанія страціла 288 працаўнікоў.

«Нашыя распрацоўкі здольныя здзівіць і, галоўнае, ацверазіць людзей, якія выношваюць агрэсіўныя планы ў дачыненні Беларусі і Расеі, Саюзнай дзяржавы ў цэлым, – казаў Лукашэнка. – Але нават у абароннай сферы мы пакуль што залежныя ад імпартных кампанентаў. Асабліва тых, якіх мы ніколі не будзем вырабляць у Беларусі праз тое, што яны нам штучна патрэбныя, адзінкава».

Ён заклікаў унікаць залежнасці ад заходніх распрацовак там, дзе гэта магчыма, але прызнаў, што быць цалкам незалежным ад глабальнай эканомікі немагчыма.

Hавiны
Будуць караць розгамі? На «Інтэграле» работнікам забаранілі карыстацца тэлефонамі
2021.09.04 11:16

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў