Цэны ў Беларусі працягваюць рост. Што здолее іх запаволіць?


Гадавая інфляцыя ў Беларусі працягвае няўхільна расці. Праўда, ужо відаць, што рост цэнаў запавольваецца. Наколькі гэта працяглы фактар і ці дапамогуць высілкі ўладаў утрымаць рост цэнаў?

Шапік з садавіной і гароднінай у Менску.
Фота: Белсат

У Беларусі індэкс спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі ў траўні ў параўнанні з красавіком склаў 100,7 %, са снежнем 2021 года – 111,9 %. Пра гэта паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Базавы індэкс спажывецкіх цэнаў, што выключае тавары і паслугі, цэны на якія рэгулююцца дзяржавай або залежаць ад сезону, у траўні 2022 года ў параўнанні з красавіком склаў 101,4 %, са снежнем – 112,2 %.

Інфаграфіка
Схадзілі па крамах за дзень да вайны і сёння, купілі тое самае – на колькі больш заплацілі?
2022.06.02 19:20

Як паказвае афіцыйная статыстыка, гадавая інфляцыя ў Беларусі працягвае разганяцца. У сакавіку яна склала 15,9 %, красавіку – 16,8 %, а ў траўні дасягнула 17 %.

І гэта пры тым, што план на гадавую інфляцыю, распрацаваны ўладамі Беларусі, прадугледжваў, што за 2022 год цэны ў краіне вырастуць не больш як на 6 %. То бок, з пачатку года ён ужо перавышаны ўдвая, а за год – амаль утрая.

Што і як даражэла

Прадукты з пачатку года падаражэлі на 12,9 %, а за год – увогуле на 19,3 %. За месяц яны сталі даражэйшымі на 1 %.

Нехарчовыя тавары за травень падняліся ў цане таксама на 1 %, а вось з пачатку года сталі даражэйшымі на 14 %, а за год – на 18,7 %.

Паслугі тым часам у траўні патаннелі на 0,2 %. Аднак у параўнанні са снежнем яны падаражэлі на 7,3 %, траўнем 2021 года – на 10,6 %.

Фота
Колькі каштуюць агуркі, ogórki, agurkai і კიტრი? Пахадзілі па рынках Менску, Варшавы, Вільні і Тбілісі
2022.06.08 12:41

Лідарамі паводле росту цэнаў з пачатку года сталі салодкі перац, які вырас у цане на 71,2 %, свежая белакачанная капуста (рост на 66,2 %), а таксама запчасткі для аўтамабіляў (+56,7 %).

А вось патаннелі адносна снежня толькі сем тавараў і паслугаў са спісу Белстату. Пры гэтым першыя два пункты з гэтага спісу (арэнда аднапакаёвай кватэры і ваўняныя тканіны) патаннелі менш як на 1 %.

Адчувальна зменшыліся ў цане толькі свежыя агуркі – на 52,4 %.

А што з рэгіёнамі

Што да рэгіёнаў, спачатку года прадукты найбольш падаражэлі ў Менскай вобласці – на 14,1 % (+1,2 адсоткавага пункта адносна паказніка па ўсёй краіне). А найменш кошты выраслі на Віцебшчыне – на 11,6 % (–1,3 а. п.).

Нехарчовыя тавары ў Менску выраслі ў цане на 16,5 % (+2,5 а. п.), а ў Віцебскай вобласці – толькі на 11,2 % (–2,8 а. п.).

А вось паслугі адносна снежня найбольш падаражэлі на Берасцейшчыне – на 8,4 % (+1,1 а. п.). Найменшы рост цэнаў зафіксаваны ў Менскай вобласці – 6,4 % (–0,9 а. п.).

Афіцыйныя прафсаюзы знайшлі вінаватых

Ростам цэнаў чарговы раз занепакоіліся афіцыйныя прафсаюзы, якія замест абароны правоў працаўнікоў манітораць цэннікі ў крамах. Паводле іх, у падаражэнні вінаватыя аптавікі, што купляюць у фермераў агуркі і памідоры за бесцань, а цана на іх у крамах «вельмі высокая».

«Закупная цана на ўзроўні 50–60 капеек. Але праз ланцужок пасярэднікаў, дасягаючы паліцы крамаў, мы бачым цану ад 2,5 да 2,7 рубля за той жа агурок», – заявіў намеснік старшыні ФПБ Уладзімір Пазнякоў.

Ён адзначыў, што ў менскіх крамах ёсць капуста з Казахстану па 3,8–3,9 рубля, тады як у Альшанах закупная цана на яе 1,2 рубля. Каб «выкараняць» гэта, плануецца «дэталёвым чынам прасачыць ланцужок цэнаўтварэння і паведаміць пра гэта рэгулятару». Хоць існуюць нават заканадаўчыя праблемы, калі прыватныя падворкі не маюць права працаваць паводле дамоваў з гандлёвымі сеткамі, а апошнія самі не забяспечваюць закупаў.

Hавiны
«Такія моманты неабходна выкараняць». Афіцыйныя прафсаюзы ўзяліся за цэны на гародніну
2022.06.12 13:15

Інфляцыя запавольваецца

У каментары «Белсату» эканаміст Аляксей Харкевіч адзначыў, што цяпер за кошт сезоннага фактару ў Беларусі мусяць знізіцца (і гэта ўжо назіраецца) цэны на пэўныя харчы, што на некалькі месяцаў можа запаволіць інфляцыю ў краіне.

Эксперт таксама нагадаў, што з прычыны неўраджаю летась у Беларусі «цэны дастаткова моцна выраслі» адносна 2020 года. Сёлета ж ёсць спадзеў на добры ўраджай.

Гародніна на Камароўскім рынку ў Менску.
Фота: Белсат

«Калі цяпер нармальна спрацуе сельская гаспадарка, то ёсць усе шанцы, каб да канца лета падысці з нармальнымі лічбамі. Ёсць перадумовы чакаць, што менавіта за кошт прадуктаў харчавання знізяцца тэмпы інфляцыі ўвогуле», – падкрэсліў эканаміст.

Ад піяр-акцыі да часовага эфекту

Што да маніторынгу цэнаў, што ладзяць афіцыйныя прафсаюзы, на думку Аляксея Харкевіча, мае месца «больш піяр-акцыя, чым рэальны інструмент змагання з ростам цэнаў». Асабліва гэта датычыць імпартаваных тавараў.

«Інфляцыя не толькі ў Беларусі. Усё, што закупляецца, адштурхоўваецца ад цэнаў першага імпарцёра. У страту ніхто прадаваць не будзе. Мінусавай нацэнкі ў нас не прадугледжана, і адпаведна з гэтым нічога зрабіць нельга», – мяркуе эксперт.

А вось дзейнасць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю сапраўды можа запаволіць рост цэнаў. Але, адзначыў Аляксей Харкевіч, гэта будзе пунктава і часова.

Напрыклад, у выпадку тавараў доўгага карыстання прадаўцы, калі ім цяпер не даюць павысіць цэнаў, могуць пачакаць некалькі месяцаў і падняць іх пасля. Або вытворцы замест прадукцыі, на якую іх прымушаюць панізіць цэны, могуць выпусціць фармальна новыя тавары за больш высокія цэны, чым патрабуе рэгулятар.

Мужчына з торбамі ідзе па Камароўскім рынку ў Менску.
Фота: Белсат

«Тут часовы лаг з прычыны дзеянняў уладаў ёсць. Але ён дзейнічае на адносна абмежаваную таварную групу і часова», – заявіў эканаміст.

Ён падкрэсліў, што такія захады працуюць толькі вельмі абмежаваны перыяд. Калі ж перыяд робіцца большым, гандаль і вытворцы проста прыстасоўваюцца і «лёгка могуць абыходзіць бар’еры такога рэгулявання».

Аналітыка
Беларусь можа сутыкнуцца з абвальнай інфляцыяй. А план на год ужо правалены
2022.04.15 11:08

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў