Галоўны рэдактар «Брестской газеты»: Улады блакуюць доступ і баяцца праўды, але людзі навучыліся шукаць інфармацыю


Пасля выбараў у 2020 годзе і масавых рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці з боку ўладаў у нашай краіне не засталося ніводнага друкаванага незалежнага выдання. Апошні нумар грамадска-палітычнай «Брестской газеты» выйшаў у канцы 2020-га. У размове з «Белсатам» галоўны рэдактар штотыднёвіку Віктар Марчук распавёў, чаму ў нашай краіне журналісты і рэдактары раптам сталіся крымінальнікамі.

Галоўны рэдактар «Брестской газеты» Віктар Марчук.
Фота: Зміцер Дук / Белсат

«Брестская газета» стала, бадай, першай у вобласці, якую пасля выбараў у 2020 годзе закрылі ўлады. Галоўны рэдактар выдання Віктар Марчук мяркуе, прычынаю нападу на газету сталася тое, што цягам гадоў штотыднёвік быў адзінаю незалежнаю друкаванаю газетай, якая выходзіла ў абласным цэнтры. У іншых цэнтрах незалежныя газеты даўно зніклі.

– Нашая газета выходзіла ў Берасці да канца 2020 года. Але ў канцы лістапада 2020-га мы атрымалі паведамленні з боку друкарні, што з 1 студзеня 2021 года яны нас не будуць больш друкаваць. Гэта выглядала даволі дзіўна, бо мы былі добрым кліентам для фірмы, заўсёды аплочвалі загадзя друкаванне накладу. Мы былі плацежаздольнымі. Я тэлефанаваў у друкарню, але дырэктар фактычна адмовіўся са мною размаўляць, сказаў толькі, што рашэнне ўжо прынятае і яно не абмяркоўваецца. А ўжо пасля нас, у 2021 годзе, улады дабраліся і да газеты «Іntex-pres» у Баранавічах, да «Ганцавіцкага часу» ў Ганцавічах, а таксама да астатніх друкаваных выданняў ува ўсёй краіне.

Hавiны
Берасцейская тыпаграфія адмовілася друкаваць газету «Ганцавіцкі час» у 2022 годзе
2021.12.01 16:31

– Улады прыпынілі выхад друкаванага выдання, але ці спыніла гэта працу рэдакцыі?

– Мы разам з папяроваю версіяй газеты працавалі над сайтам, які паўстаў у 2009 годзе. Як і ўсе сучасныя медыі, мы працавалі адначасова нават у трох кірунках: друкаванае выданне, сайт, а таксама і распаўсюджвалі інфармацыю ў сацыяльных сетках. Вядома, што пачыналі мы з папяровага выдання. У 2002 годзе, калі мы стваралі газету, тады нават ніхто і не ўяўляў, якую ролю адыграе ў будучым для медыяў інтэрнэт. Як зменіцца медыйная прастора ў сувязі з развіццём сеціва. Але з часам брэнд «Брестская газета» пашырыўся і на сеціва. І нам зусім не сорамна за свой брэнд.

– У Берасці, калі з’явілася вашая газета, гэта стала сапраўднаю падзеяй, бо шмат хто абмяркоўваў з’яўленне ў такі няпросты час для друкаваных выданняў у Беларусі новага папяровага штотыднёвіка.

– З нашага боку гэта было нешта кшталту нават вар’яцтва, і многія нам пра гэта казалі, калі мы пачалі рэгістраваць новае выданне. Мы гэта таксама разумелі, але вельмі хацелася зрабіць нешта сваё. Не буду ўдавацца ў падрабязнасці, як нам удалося зарэгістравацца, але ў многім гэта быў проста шчаслівы збег акалічнасцяў. Нам пашанцавала, бо доўгі час да таго, як мы зарэгістраваліся і потым вельмі доўгі час пасля нашай рэгістрацыі, новых грамадска-палітычных выданняў у Беларусі не ўзнікала.

У холе гатэлю «Моладзевы» – першае месца дыслакацыі рэдакцыі «БГ». Калектыў адзначае Новы год. Крыніца: архіў «Брестской газеты»

А тое, што мы выйшлі на гэты рынак, гэта сапраўды цікава, я памятаю тыя пазіцыі, якія займалі канкурэнты, «Вечерний Брест» на той момант меў 40 тысячаў наклад, «Брестский курьер» – 17 тысяч асобнікаў, а ў нас першы нумар выйшаў 18 лістапада 2002 года, а новы, 2003 год мы пачыналі з накладу 2 тысячы. Але мы хацелі працаваць. Даводзілася часта прыкладаць неймаверныя высілкі. Ніхто не верыў, што мы выжывем. Нават у друкарні, калі я прывозіў матэрыялы, у нас запытваліся, ці ўдасца нам пратрымацца тры месяцы. Мы пратрымаліся насамрэч даволі доўга і змаглі б пратрымацца яшчэ. Але ў 2021 годзе газеты не стала, бо так пастанавілі ўлады Беларусі.

– Пасля забароны друкаванага выдання ўлады працягнулі пераслед рэдакцыі, сайту?

– Сайт «Брестской газеты» працаваў да 8 ліпеня 2021 года. А ў гэты дзень у офіс рэдакцыі завіталі працаўнікі КДБ, такім чынам у сілавікоў стартаваў сезон барацьбы з незалежнымі выданнямі. 8 ліпеня 2021 года працаўнікі МУС завіталі ў рэдакцыю «Нашай нівы», дзе ўчынілі ператрус і схапілі некалькі чалавек. Мы даведаліся пра гэта, паспелі інфармацыю апублікаваць на нашым сайце. І ў гэты момант пагрукалі да нас. Ператрус зладзілі не толькі ў офісе рэдакцыі, але таксама і кватэрах пяцярых нашых працаўнікоў. Адметна, што з рэдакцыі сілавікі вывезлі абсалютна ўсё, нават маніторы. Хоць складана сабе ўявіць, якая сакрэтная інфармацыя можа захоўвацца ў маніторах. Засталіся толькі крэслы і сталы. Пасля гэтага стала ясна, што нам спакойна працаваць не дадуць.

У рэдакцыі выдання.
Фота: прадстаўленае Белсату

У канцы лістапада 2021 года суд пастанавіў, што матэрыялы «Брестской газеты» экстрэмісцкія. З таго часу таксама наш сайт заблакавалі. Але медыі, я казаў раней, – гэта не толькі сайт, газета, але і сацсеткі. У сучасным свеце існуе даволі шмат каналаў для распаўсюду інфармацыі, чым мы і карыстаемся. Пры гэтым мы зусім не змянілі сваёй пазіцыі, не змянілі рэдакцыйнай палітыкі. Але наш калектыў стаў трохі іншы, мы не тая рэдакцыя ў класічным яе выглядзе, якая была да 2020 года. Цяпер такую форму называюць гібрыднымі рэдакцыямі, але гэта не зусім так, што існуе офіс, прыходзяць сюды людзі, сядаюць на працоўныя месцы і працуюць.

– Супраць вас як галоўнага рэдактара сілавікі таксама распачалі нейкі пераслед?

– Не, наколькі мне вядома, супраць мяне няма заведзеных крымінальных справаў, хаця не так даўно мне ў паштовую скрыню прыйшла позва з Следчага камітэту. Мне перадалі, што ў позве пазначанае патрабаванне з’явіцца ў якасці менавіта сведкі. Але ў нашай краіне складана казаць пра выкананне законаў: 8 ліпеня 2021 года мы ўсе былі сведкамі, але гэта не стала перашкодаю, каб учыніць ператрусы ў нашых дамах у тым ліку. Мы ж не падазраваныя, не абвінавачаныя. Што да позвы, то, вядома, я не змог наведаць Следчага камітэту.

– Як так сталася, на вашую думку, што асобы, якія займаліся журналістыкаю, галоўныя рэдактары, якія дзясяткі гадоў таму стваралі выданні, а потым цягам дзясяткаў гадоў працавалі, былі паважанымі ў грамадстве, у тым ліку і сярод чыноўнікаў, раптам у адзін момант пераўтварыліся ў крымінальнікаў?

– Гэта сапраўды дзіўная сітуацыя. Крымінальнікам у нашай краіне ўлады могуць зрабіць кожнага, нават калі няма прычынаў для завядзення крымінальнай справы. Я думаю, што ўлады проста вельмі не хочуць, каб людзі ў краіне атрымлівалі аб’ектыўную інфармацыю. Не тую, якая ліецца з экранаў тэлебачання або друкуецца ў дзяржаўных выданнях, а каб людзі не маглі даведацца праўды. І гэта сапраўды страшна. Таму намагаюцца запалохаць людзей, імкнуцца зрабіць так, каб перасталі гэтым займацца. Але, не зважаючы на гэта, уладам не ўдасца дасягнуць сваёй мэты, хаця цяпер за кратамі 29 журналістаў, каля тысячы ёсць палітычнымі вязнямі. І гэта жах. Улады мусяць трымаць грамадства ў страху, бо калі цяпер аслабяць градус страху, узровень рэпрэсіяў, то людзі зноў могуць падняць галаву. А гэтага ўлады вельмі баяцца. І калі раней арыштоўвалі вядомых і ўплывовых, то цяпер хапаюць нават не публічных асобаў, але тых, хто выходзіў на мітынгі ў 2020 годзе. Сілавікі капаюць архіўныя здымкі, каб прыйсці, схапіць, напалохаць.

Галоўны рэдактар «Брестской газеты» Віктар Марчук.
Фота: Зміцер Дук / Белсат

– Улады паслядоўна запалохваюць людзей, арыштоўваюць журналістаў, імкнуцца знішчыць свабоду слова. Але ці магчыма дасягнуць гэтай мэты ў сучасным свеце?

– Вядома, што пры існым развіцці тэхналогіяў гэта наагул немагчыма. Калі б гадоў 50 таму гэта адбывалася, то такія захады мелі б поспех, а цяпер гэта немагчыма. І прыклад той жа Расеі паказвае, што такое нерэальна зрабіць. Так, рэжымы ў нас вельмі падобныя. І намаганні беларускага рэжыму не будуць мець поспеху, бо сёння беларускія незалежныя медыі сталі мацнейшымі, яны шмат чаму навучыліся. Ды і людзі таксама многаму навучыліся. Калі да 2020 года беларусы кепска ведалі, што такое VPN, то цяпер толькі адзінкі не ведаюць што гэта, а большасць добра карыстаецца.

Людзі навучыліся шукаць інфармацыю. Калі раней былі толькі нейкія закладкі, то цяпер могуць шукаць і сталі больш прасунутымі. Прадстаўнікі медыяў калі раней факусавалі на сайтах, то цяпер пераключыліся на сацсеткі, дзе аўдыторыя нашмат большая, чым на асобным сайце. Улады проста расшавялілі гэты мурашнік і раззлавалі, думаю, што нас можна назваць мурашамі, але цяпер мы, гэтыя мурашы, злыя і кусаем нашмат мацней, чым раней.

Hавiны
У Беларусі адмаўляюцца друкаваць «Газету Слонімскую», у рэдакцыі якой раней ладзілі ператрусы
2021.06.04 11:51

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў