Беларусь збіраецца ўступіць у ШАС


Беларусь збіраецца ўступіць у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва і ўжо падрыхтавала заяўку на чалецтва. Пра гэта 14 чэрвеня заявіў спецпрадстаўнік прэзідэнта Расеі ў ШАС Бахтыер Хакімаў, перадае ТАСС.

Да гэтага, з 2015 года, Беларусь мела толькі статус назіральніка.

Сцяг ШАС.
Фота: Sputnik

«8-га чысла ў мяне была кансультацыя з начальнікам галоўнага ўпраўлення МЗС Беларусі, ён даў зразумець, што беларускі бок звернецца з просьбай аператыўнага прыняцця Рэспублікі Беларусь у ШАС. І з гэтай нагоды ўжо падрыхтаваная прапанова прэзідэнту. Як сказаў мой суразмоўца, гэтая заяўка распрацаваная ў міжведамасным фармаце і ўхваленая кабінетам міністраў рэспублікі», – сказаў Хакімаў на паседжанні Савету нацыянальных каардынатараў ШАС, якое праходзіць у Ташкенце.

Раней МЗС Кітаю заклікаў ШАС да ўмацавання адзінства і барацьбы супраць санкцыяў Злучаных Штатаў, каб «у цяперашніх умовах не дапусціць вяртання да мыслення часоў халоднай вайны».

Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва была заснаваная ў 2001 годзе ўладамі Кітаю, Расеі, Казахстану, Таджыкістану, Кыргызстану і Узбекістану. У 2017 годзе да яе далучыліся Пакістан, Індыя і Іран. Назіральнікамі пры ШАС таксама ёсць Манголія і Афганістан.

ШАС – не вайсковы блок, але займае прамежкавую пазіцыю. Галоўнымі задачамі арганізацыі абвешчаныя «ўмацаванне стабільнасці і бяспекі дзяржаваў-удзельніцаў, барацьба з тэрарызмам, сепаратызмам, экстрэмізмам, наркатрафікам, развіццё эканамічнай супрацы, энергетычнага партнёрства, навуковага і культурніцкага ўзаемадзеяння».

Hавiны
Прэзідэнт ЗША яшчэ на год працягнуў санкцыі супраць уладаў Беларусі
2022.06.14 09:01

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў