Аляксея Навальнага перавялі з калоніі ў Пакрове. Куды – пакуль невядома


Сёння стала вядома, што расейскага палітыка Аляксея Навальнага перавялі з калоніі ў Пакрове Уладзімірскай вобласці Расеі. Пра гэта паведамляе «Медуза» са спасылкаю на палітыка Леаніда Волкава.

Аляксей Навальны, Масква, Расея. 20 лютага 2021 года. Крыніца: прэс-служба суда

Сёння Навальнага меўся наведаць адвакат. Яго пратрымалі ля прапускной брамкі ПК № 2 да 14:00, пасля чаго паведамілі, што супрацоўнікі ФСВП Расеі вывезлі расейскага палітыка Аляксея Навальнага з калоніі № 2 у Пакрове.

Прэс-сакратар Навальнага Кіра Ярмыш распавяла, што адвакатам і родным палітыка загадзя не паведамілі пра перавод. Яна адзначыла, што, паводле чутак, палітыка збіраліся перавесці ў калонію строгага рэжыму № 6 «Мелехава». Аднак пацвердзіць ці зняпраўдзіць гэта пакуль немагчыма.

Ярмыш адзначыла, што праблема пераводу ў іншую калонію палягае ў пагаршэнні ўмоваў для Навальнага. Таксама яна паведаміла, што непакоіцца за жыццё Навальнага, які застаецца сам-насам з сістэмай, якая ўжо спрабавала яго атруціць.

«Таму цяпер галоўная задача – знайсці яго як мага хутчэй», – заявіла Ярмыш.

Нагадаем, што 22 сакавіка расейскі суд прыгаварыў Аляксей Навальнага да дзевяці гадоў калоніі строгага рэжыму па абвінавачанні ў махлярстве і непавазе да суда. Расейскі суд палічыў, што палітык у карыслівых мэтах збіраў факты для антыкарупцыйных расследаванняў, быццам імкнуўся завалодаць сабранымі грашыма.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў