Суд не задаволіў скаргі віцяблянак, якіх затрымалі ўзімку падчас скандынаўскай хады


Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргі шасці віцяблянак на рашэнне суда Першамайскага раёну.

Жанчыны скардзіліся на дзеянні намесніка начальніка аддзелу міліцыі Першамайскага раёну падпалкоўніка Івана Доўгага.

Шасцёра віцяблянак, якія падавалі скаргу ў Віцебскі абласны суд.
Фота: Белсат

У сярэдзіне студзеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў лесе шэсць жанчын: Людмілу Валадкевіч, Тамару Ільіну, Людмілу Камінскую, Алену Каснову, Раісу Кухту і Таццяну Севярынец, калі тыя выйшлі папрактыкавацца ў скандынаўскай хадзе.

Супрацоўнікі міліцыі палічылі заняткі спортам несанкцыянаваным мерапрыемствам.

Віцяблянак пратрымалі ў пастарунку 8 гадзінаў без ежы і магчымасці прыняць лекі. А пасля ўсіх іх – акрамя Таццяны Севярынец – накіравалі на ноч да суда ў ізалятар часовага ўтрымання.

У выніку суд спыніў справы, а жанчыны падалі пазовы на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі: затрыманне і змяшчэнне ў ІЧУ. Суддзя Першамайскага раёну Віцебску Жанна Васільева адхіліла ўсе 6 скаргаў і ўсклала на віцяблянак абавязак заплаціць судовыя выдаткі – па 4 руб. 85 кап. з кожнай.

Hавiны
Жанчыны, якіх затрымалі з палкамі для скандынаўскай хады, падалі ў суд на міліцыю. Скаргі адхілілі
2021.03.13 11:31

З такім рашэннем жанчыны не згадзіліся і падалі скаргі ў абласны суд. Аднак безвынікова, бо суддзі палічылі, што Першамайскі суд увогуле не меў кампетэнцыі разглядаць справу як грамадзянскую.

Hавiны
У Віцебску падчас прагулкі ў лесе затрымалі Таццяну Севярынец і яшчэ пецярых жанчын
2021.01.13 11:50

Віктар Старавойтаў, belsat.eu

Стужка навінаў