Стэфановіч пра палітвязняў: Улады Беларусі выкарыстоўваюць памілаванне для захавання аблічча


Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.
Фота: Deutsche Welle

Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч пракаментаваў «Deutsche Welle» інфармацыю пра тое, што палітычным зняволеннем прапануюць напісаць прашэнне аб памілаванні.

З ягоных словаў, у праваабаронцаў ёсць прынцыповая пазіцыя: вызваленне ўсіх палітвязняў без выключэнняў:

«Мы лічым, што павінна быць шырокая амністыя, і ўсё павінна быць аформлена законам аб амністыі, менавіта палітычнай. Напрыклад, у суседняй Расеі такія палітычныя амністыі ўжываліся некалькі разоў».

Паводле Стэфановіча, гэта можа стаць першым крокам для дээскалацыі сітуацыі ў краіне, але трэба, каб падзея не ператваралася ў гандаль і вызваленне часткі палітвязняў.

Праваабаронца кажа, што ўлады Беларусі павінны спыніць рэпрэсіі і ціск:

«Мы бачым пераслед кожны дзень, робяцца больш жорсткімі законы. Калі яны хочуць пераканаць Захад у разрадцы, то трэба спыніць раней узбуджаныя справы і не ствараць новых. Інакш як гэта будзе выглядаць: адных вызваляем, а іншых пры гэтым працягваем саджаць?»

Стэфановіч сцвярджае, што цяпер у Беларусі паўтараецца сітуацыя 2011 года.

«Не выпадкова напярэдадні гэтых падзеяў была сустрэча Юрыя Васкрасенскага і Уладзіміра Макея, дзе абмяркоўвалася пытанне шырокай амністыі асуджаным за падзеі з траўня 2020 года. Я думаю, гэты працэс звязаны з пагрозаю ўзмацнення санкцыяў ЕЗ і ўступлення ў сілу санкцыяў ЗША», – кажа праваабаронца.

Такога меркавання прытрымліваецца і былы палітвязень, гісторык Дзмітрый Дрозд: «Я яшчэ 3–4 месяцы таму казаў, што будзе гэты сцэнар, ён для Лукашэнкі вельмі зручны. Ён набраў закладнікаў, а потым іх вызваліў – і Еўропа зняла санкцыі, усе шчаслівыя і задаволеныя. Цяпер ён будзе рабіць тое ж самае, толькі закладнікаў набраў у 10 разоў больш».

«Такі спосаб – памілаванне – улады Беларусі выкарыстоўваюць для захавання аблічча. Логіка ўлады зразумелая: маўляў, гэтыя апазіцыянеры ўсё ўсвядомілі, папрасілі іх вызваліць, ну я і выпусціў, – кажа Стэфановіч і ўдакладняе, што на такое, відавочна, пагодзяцца не ўсе. – Для Бабарыкі, Калеснікавай, Ціханоўскага гэта прынцыповае пытанне, яны на гэта ніколі не пойдуць».

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў