Рамана Пратасевіча прывялі на брыфінг сілавікоў


Раман Пратасевіч на брыфінгу МУС, МЗС і ўзброеных сілаў. Скрыншот

14 чэрвеня на брыфінг МЗС аб перахопе самалёта «Ryanair» прывялі затрыманага падчас той аперацыі Рамана Пратасевіча.

Камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сілаў Ігар Голуб заявіў, што «перахопу і суправаджэння» самалёта «Ryanair» знішчальнікам МіГ-29 не было. Паводле Голуба, калі пасажырскі самалёт павярнуў на Менск, МіГ-29 быў далёка. «Бліжэй за 50 км МіГ-29 не падыходзіў да «Боінга», – заявіў ён. Голуб дадаў, што калі б знішчальнік загадзя атрымаў задачу на перахоп самалёта, то дзейнічаў бы «цалкам паводле іншага алгарытму».

Затое, дадаў Голуб, у яго ёсць пытанні да камандзіра пасажырскага самалёта. Голуб намякнуў, што самалёт «Ryanair» не збіраўся рабіць пасадку ў Вільні і загадзя планаваў паварот на Менск.

Старшыня Следчага камітэту Дзмітрый Гара заявіў, што распачатая крымінальная справа па факце непраўдзівага паведамлення аб мініраванні. «Мы больш за ўсіх зацікаўлены ў тым, каб высветліць праўду», – дадаў ён.

Раман Пратасевіч заявіў, што пачуваецца выдатна і ў яго выдатны настрой, ён не мае ніякіх скаргаў. Паводле яго, сляды на ягоных руках, якія раней былі заўважаныя на прапагандысцкім відэа ОНТ, гэта «сляды ад сцяжак, бо затрыманне было нечаканым, у супрацоўнікаў не было кайданкаў». Пратасевіч тройчы паўтарыў, што пачуваецца выдатна і нават гатовы прайсці любую незалежную экспертызу.

«Сябры, я адчуваю сябе выдатна, у мяне няма ні на што скаргаў, ніхто мяне не біў. Не распаўсюджвайце далейшых чутак. Сапраўднымі закладнікамі сітуацыі стала Сафія і мае бацькі, якія знаходзяцца ў Польшчы ў стане інфармацыйнага вакууму… Маіх бацькоў папросту выкарыстоўваюць, за іх спінамі стаяць канкрэтныя палітычныя дзеячы… Я больш чым упэўнены, што мае бацькі могуць бяспечна вярнуцца дадому», – заявіў ён.

Журналісты спыталі ў Рамана, ці абяцалі яму нешта за супрацу. «Ніякага гандлю са следствам не было, – адказаў ён, – Удзел у гэтым мерапрыемстве, як і інтэрвʼю спадару Маркаву, добраахвотны. Ніхто не прымушаў да супрацы са следствам».

Раман распавёў, што яму на следстве паказвалі інфармацыі з інтэрнэту, дзе яго ў тым ліку называлі «ледзь не здраднікам» пасля відэа на ОНТ.

«Маё сумленне абсалютна чыстая. Я нікому не здраджваю. Я дапамагаю следству, я дапамагаю сваёй краіне і маю намер дапамагаць далей», – заявіў ён.

Раман Пратасевіч заявіў, што раней «свята верыў у нейкія ідэалы», але потым «расчараваўся», бо яму былі недаспадобы «палітычныя гульні» і «ўнутраныя сваркі». «Я не змяніў сваіх палітычных поглядаў. Я магу шчыра сказаць, што не буду палітычным прыхільнікам прэзідэнта. Так, я шчыра яго паважаю, як чалавека, які змог выстаяць перад усім тым націскам, які распачаўся летам і працягваецца дагэтуль», – дадаў ён.

Дзмітрый Гара распавёў, што Соф’я Сапега першапачаткова была затрыманая па падазрэнні ў злачынстве паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Потым ёй выставілі абвінавачванне ў распальванні варожасці. Гара таксама заявіў, што Пратасевічу выставілі абвінавачанне паводле трох артыкулаў: арт. 342, 293 і 130 КК.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў