«Маіх сяброў забраў КДБ»: гісторыя студэнткі, якая змагла збегчы ад пераследу па «справе студэнтаў»


Наста Крывашэева, былая студэнтка МДЛУ, была адной з тых, да каго 12 лістапада прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Тады адбылася аблава на студэнцкую супольнасць. Дзяўчыне ўдалося схавацца. Яна кажа, што пачувала сябе як дзяўчынка-габрэйка ў нацысцкай Германіі з фільму «Трусік Джоджо». Цяпер Наста знаходзіцца ў Варшаве, сумуе па блізкіх і ладзіць акцыі ў падтрымку затрыманых па “справе студэнтаў” і іншых палітвязняў.

Настя Кривошеева дело студентов
Наста Крывашэева, была адной з тых, хто збег з Беларусі праз справу студэнтаў. Спачатку яна жыла ў Кіеве, цяпер пераехала ў Варшаву, Польшча. 1 чэрвеня 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Мы пагутарылі з Настай пра затрыманне яе сяброў, пераслед сілавікамі і вымушаную эміграцыю.

Першыя паведамленні пра затрыманне

За тыдзень да «чорнага чацвярга» – так актывісты называюць 12 лістапада, Наста выйшла з Акрэсціна пасля содняў. У ізалятары з ёй праводзілі допыты, спрабавалі даведацца, хто арганізатар студэнцкіх акцыяў пратэсту. Але пасля прызначанага тэрміну – адпусцілі.

Першыя трывожныя паведамлення ў «чорны чацвер» сталі прыходзіць калі Наста знаходзілася ва ўніверсітэце. У той дзень яе наяўнасцю на парах цікавілася адміністрацыя.

«Памятаю, як пачалі прыходзіць паведамленні, што хтосьці заўважыў каля дома бусы, а камусьці ўжо пазванілі ў дзверы. Але адчування, што зараз адбываецца нешта настолькі важнае і значымае, – не было».

Пасля заняткаў, калі Наста спускалася за паліто, зʼявілася інфармацыя, што да двух студэнтак прыйшлі з ператрусам у інтэрнат. Тады дзяўчына зразумела, што адбываецца нешта нядобрае.

Настя Кривошеева дело студентов
Варшава, Польшча. 1 чэрвеня 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Ведаючы, што ў пэўны момант за актыўнымі студэнтамі могуць прыйсці, яны пазначылі для сябе «чырвоную лінію», якая азначала «усё, мы не ў бяспецы і за намі хутка прыйдуць». Такой мяжой быў ператрус у Аланы Гебрэмарыям.

«І вось мы даведаліся, што ў кватэры Аланы выламалі дзверы. Хоць тады яшчэ было невядома: гэта да яе ці не, мы зразумелі, што трэба нешта рабіць. Я чытала паведамленні і не магла спыніцца, не магла схадзіць за курткай. У мяне трэсліся рукі, але з-за такога адрэналіну я заставалася спакойнай і цвярозай, у мяне не было панікі.

Я ўзяла паліто і проста села на лаўку чытаць паведамленні далей, думала, што мне рабіць. Пасля выйшла з універсітэту і пайшла на метро з думкай, што наўрад ці мяне прама там будуць затрымліваць. Адтуль патэлефанавала маме, сказала, што больш не буду даступная і дастала сімку з тэлефона».

Hавiны
«Справа студэнтаў»: як прайшлі першыя сем дзён суда
2021.05.25 10:50

За мной прыйшлі

Пасля ўніверсітэту Наста паехала да бабулі на кватэру: яна планавала ў падобным выпадку хавацца ў пустой кватэры яе суседкі.

Разам з бабуляй жыве яе сын з жонкай і двума дочкамі. «Яны яшчэ тады здзівіліся, што я гарбаты з імі не папʼю», успамінае дзяўчына.

Бабуля Насты ўзяла ключы, і разам яны зайшлі ў кватэру суседкі насупраць.

«Бабуля на гэтай кватэры яблыкі сушыць. Яна паказала мне ўсё там і вярнулася ў сваю кватэру па акуляры, каб перабраць гэтыя яблыкі. Тады я захацела захаваць усё, што адбываецца, запомніць кожную дэталь таго дня і запісала ў нататніку: «Маіх сяброў забраў КДБ».

Пакуль жанчына пайшла па акуляры, Насця ўключыла тэлевізар, але не змагла глядзець навіны. Пераключыла на мульцікі, каб неяк адключыцца ад таго, што адбываецца.

Настя Кривошеева дело студентов
Варшава, Польшча. 1 чэрвеня 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

«Праз мульцікі я пачула ў бабулінай кватэры мужчынскія галасы, якіх там не павінна быць. Адразу зразумела, хто гэта. Бабуля яшчэ называла іх хлопчыкамі. Нас падзялялі толькі дзверы, якія нават не былі цалкам зачыненыя. Я не магла паглядзець, што там адбываецца, нават паварушыцца не магла, проста замерла. Зразумелая справа, навошта яны туды прыйшлі».

Той момант, як сілавікі зайшлі ў кватэру да бабулі, Наста не чула. Яна згадвае галасы, як нехта настойліва казаў, што яны дакладна бачылі, як дзяўчына зайшла ў падʼезд і што ёй проста няма дзе быць.

Трое содняў на чужой кватэры

Пасля сыходу сілавікоў Наста падышла да акна, кватэра суседкі была на першым паверсе. «Іх бус без нумароў стаяў лабавым шклом на мяне. Я баялася падысці да акна, нават хадзіць па кватэры, і проста легла на падлогу. Потым пабачыла, што бабулін тэлефон застаўся ў мяне: падключылася да інтэрнэту, усталявала ёй тэлеграм, напісала маме і знаёмай, што я ўсё яшчэ на свабодзе».

Настя Кривошеева дело студентов
Варшава, Польшча. 1 чэрвеня 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Мікрааўтобус з сілавікамі стаяў пад домам усю ноч, а яго фары свяцілі прама ў акно кватэры, дзе хавалася студэнтка. Раніцай яны пачалі правяраць падʼезд, хадзіць па паверхах, упэўніныя што Наста недзе там. Пасля гэтага зʼездзілі да бацькоў дзяўчыны і вярнуліся.

У бацькоў ператрусу не было: яны не адкрылі дзверы і некалькі дзён не ўключалі святло і тэлевізар. Але іх акаунты тэлеграму спрабавалі ўзламаць.

«У мяне было такое адчуванне, што я дзяўчынка-габрэйка з фільму «Трусік Джоджо», якая хавалася ў сцяне аднаго з дамоў у нацысцкай Германіі», – распавядае Наста.

Так дзяўчына пражыла тры дні: без святла, мабільнай сувязі і бяспекі. Да таго ж на самой кватэры акрамя сушаных яблыкаў нічога не было. Бабуля прыносіла ежу: адкрывала сваімі ключамі дзверы і сыходзіла.

«Было не зусім зразумела, што рабіць далей. Можна было жыць у гэтай закрытай кватэры або зʼехаць у вёску і жыць наогул без сувязі. Ці зʼехаць з краіны. Да гэтага я была ўпэўненая, што няма сілы, здольнай выпхнуць мяне з Беларусі».

Hавiны
Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу аб арганізацыі студэнцкіх пратэстаў у Менску
2021.03.31 11:49

Адна. Пераход мяжы

Дзяўчына павінна была вырашыць, што рабіць. З сабой у яе наогул нічога не было, ні пашпарта, ні грошай, нічога. Былі толькі падручнікі па італьянскаму, якія засталіся пасля пар. На трэція содні пашпарт і чысты ноўтбук усё ж такі прывезлі.

«Я паглядзела, што ў двары няма мікрааўтобусаў і вырашыла, што трэба ехаць. Пераапранулася ў зусім чужыя рэчы і выйшла з падʼезду, а ноччу была ўжо на мяжы з Украінаю. Праверылі са знаёмым мой статус: усё яшчэ выязная».

Насця выйшла перад беларускай мяжой, і пешшу пайшла да беларускага пагранічнага пункта пропуска. На вуліцы ішоў дождж, а на мяжы стаялі адны фуры.

Настя Кривошеева дело студентов
Варшава, Польшча. 1 чэрвеня 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

«Як толькі памежнікі пачалі правяраць мае дакументы – у іх зʼявіліся пытанні, сталі абмяркоўваць нешта. Сказалі, што ў базе нейкая праблема і да мяне прыйдзе начальнік. Але мне ўжо было ўсё роўна. Павялі ў нейкі кабінет для поўнага дагляду, разабралі кашалёк на часткі, дасталі ўсе, расклалі ўсе чэкі, карткі. Выклалі ўсё на стол як на фотаздымках следчага камітэту.

У падшэўцы знайшлі нейкія партызанскія налепкі, пра якія я і забылася. Вось тады ўсё ўпала ўнутры. Яшчэ адсканавалі ўсе старонкі нататніку, пералічылі грошы, якія ў мяне былі з сабою, каля 100 еўра».

Увесь агляд заняў каля трох гадзін. Але дзяўчыну ўсё ж такі адпусцілі, сказалі проста – «ідзі».

«У буфернай зоне паміж Беларуссю і Украінай нават паветра падалося не такім напружаным. Патэлефанавала маме, супакоіла яе і пайшла да ўкраінскай мяжы. Там былі свае праблемы са страхоўкай, але я ўжо адчувала ў сабе столькі сілы справіцца з любой задачай, што ад такіх «складанасцяў» было нават смешна».

Пасля праходжання ўкраінскай мяжы Наста злавіла машыну: трансфер з Менску ў аэрапорт Барыспаля. Кіроўца апынуўся беларусам і прапанаваў паесці. «Я тады ўпершыню адчула сябе ў бяспецы. Мы з ім разгаварыліся, я распавяла, што бегла ад крымінальнага артыкула, а ён дастаў з сумкі плакаты Ціханоўскай, Цапкалы, Бабарыкі, потым паказаў, якую ён акцыю рабіў. Па выніку нават з мяне ніякіх грошай не ўзяў».

Жыцце пасля пераезду

Дабраўшыся да Кіева, дзяўчына паехала ў хостэл да знаёмых студэнтаў: некаторыя з іх даўно там жылі, а хтосьці таксама збег пасля 12 лістапада.

«Увечары ў нумары мы абмяркоўвалі тое, што адбылося ў «чорны чацвер», памятаю, тады яшчэ ішоў стрым Андрэевай і Чульцовой з Плошчы пераменаў. Я ўжо потым стала абдумваць тое, што адбылося. Калі тваё жыцця за пару гадзін цалкам змяняецца, ты атрымліваеш даволі моцны стрэс і прайсці праз яго, не змяніўшыся, не атрымаецца».

Настя Кривошеева дело студентов
Варшава, Польшча. 1 чэрвеня 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Неўзабаве Наста знайшла працу і пасялілася ў інтэрнаце за горадам, дзе жывуць перасяленцы з Данбасу. Але праз дазволеныя паўгода ва Украіне, пераехала ў Варшаву. Зараз працуе і збірае дакументы для паступлення ва ўніверсітэт.

«Цяпер жыццё зусім не тое, што раней, калі я была ў Беларусі. Адразу згубіўся велізарны яго кавалак, а дакладней, частка сэнсу. Але калі шчыра, усё гэта – чарговыя задачы і я ведаю, што спраўлюся з усім. Толькі перажываю, што не магу забраць сваіх сяброў з СІЗА – ад гэтага вельмі балюча. З таго часу я адчуваю віну за тое, што на волі і не змагла выратаваць астатніх. Але дзяржаве было ўсё роўна: пасадзіць нас або выслаць за мяжу. Яна проста паказала, што можа зрабіць гэта».

АД, belsat.eu

Стужка навінаў