Арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуўся да святога Антонія з просьбаю «пра вырашэнне беларускага крызісу»


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас набажэнстваў у Адэльску.
Фота: catholic.by

12–13 чэрвеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на сваёй малой радзіме ў Адэльску, што на Гарадзеншчыне, узначаліў урачыстыя цэлебрацыі ў гонар парафіяльнага адпусту святога Антонія, паведамляе Сatholic.by.

У прамоўленым Божым слове ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што ані пандэмія каронавіруса, ані сучасныя секулярныя тэндэнцыі, ані грамадска-палітычны крызіс у нашай бацькаўшчыне не могуць зацьміць узнёсласць свята ў гонар святога Антонія.

«Святы Антоній, які з’яўляецца апекуном у пошуку згубленых рэчаў, павінен стаць апекуном у пошуку і адраджэнні веры, якую сучасная секулярная культура губляе, але без якой немагчыма вырашыць нашы надзённыя праблемы. Да яго мы таксама звяртаемся сёння з просьбай аб спыненні пандэміі каронавірусу і аб вырашэнні беларускага крызісу», – дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

У гадавіну святарства іерарх узгадаў сваю прыміцыйную імшу, якая адбылася ў касцёле ў ягоным родным Адэльску 40 гадоў таму.

«Сёння перад вачыма стаіць прыміцыя, калі пасля доўгіх змаганняў удалося атрымаць дазвол савецкіх уладаў цэлебраваць імшу ў Адэльску. Гэта было не толькі маё свята, але перадусім свята парафіі, з якой у атэістычныя часы выйшаў святар. Тысячы людзей з усёй ваколіцы прымалі ўдзел у гэтым набажэнстве», – падзяліўся ўспамінам з удзельнікамі ўрачыстасці арцыпастыр.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў