Не – імперскаму дыскурсу. Як украінцы змагаюцца за байкот расейскага кіно


Канскі кінафестываль, што адкрыецца неўзабаве, рыхтуецца паказаць некалькі ўкраінскіх фільмаў – але ва ўкраінскай кінасупольнасці ўвага самага прэстыжнага кінаагляду не выклікала абсалютнай радасці. З пачатку вайны тут вядуць барацьбу за байкот расейскага кіно, але, нягледзячы на заклікі, побач з украінскімі стужкамі ў Канах пакажуць працу расейскага рэжысёра. Са сваймі перамогамі і паразамі гэта надзвычай эмацыйныя месяцы для ўкраінскай кінасупольнасці – ажно да таго, што часам барацьба за байкот будуецца на прынцыпе «хто не з намі, той супраць нас».

Выпадак Лазніцы

Рэжысёр Сяргей Лазніца.
Фота: Sergei Loznitsa – Official Website

Найлепшая ілюстрацыя гэтаму – выключэнне рэжысёра Сяргея Лазніцы з Украінскай кінаакадэміі, пра што стала вядома яшчэ 18 сакавіка. Прычым досыць эмацыйнае выключэнне, якое суправаджалася абразамі і кпінамі.

Лазніца – адзін з найвядомейшых еўрапейскіх кінааўтараў, улюбёнец Канскага фэсту, рэжысёр фільмаў «Майдан», «Данбас» і «Бабін Яр. Кантэкст», калі казаць толькі пра тэму Украіны. Сёння ён жыве і працуе ў Заходняй Еўропе, але паходзіць з Украіны і называе сябе (прынамсі дакладна называў пасля 24 лютага) украінскім рэжысёрам.

Калі Расея пачала вайну, Лазніца выказаў адназначную асуджальную пазіцыю ў адносінах Расеі і салідарную – у адносінах Украіны. Ён выйшаў з Еўрапейскай кінаакадэміі, бо ў сваёй «ганебнай» рэакцыі на ваенную агрэсію тая, паводле рэжысёра, пабаялася назваць вайну вайной. Неўзабаве ўстанова адказала на падзеі больш жорстка і прыняла заклік украінцаў байкатаваць расейскае кіно. То бок расейскія фільмы гэтым разам не змогуць прэтэндаваць на прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі, якую называюць еўрапейскім «Оскарам».

Кадр з фільму «Данбас» Сяргея Лазніцы.
Фота: Sergei Loznitsa – Official Website

Нягледзячы на, здавалася б, адназначную пазіцыю, Сяргей Лазніца зрабіўся аб’ектам сапраўднага цкавання. Яго асудзілі за ўдзел у фестывалі расейскамоўнага кіно «Univerciné de Nantes» пад слоганам «Ад Львова да Уралу», назвалі здраднікам (і яшчэ шмат як назвалі, напрыклад, мярзотай і падонкам) і выключылі з Украінскай кінаакадэміі. І адной з прычынаў нянавісці стала тое, што Лазніца выказаўся супраць байкоту расейскага кіно.

«Тое, што Лазніца вельмі паслядоўна падтрымлівае бок Украіны, выступае за больш жорсткую рэакцыю супраць расейскай агрэсіі, выказваецца за закрыццё неба над Украінай – усё гэта знікае ў прасторы, як толькі гаворка заходзіць пра тое, што ён супраць байкоту», – расказвае ўкраінскі кінакрытык і фестывальны адбіральнік Аляксандр Гусеў.

Фільм Сяргея Лазніцы «Натуральная гісторыя разбурэння» ўключаны ў праграму Канскага кінафестывалю, што здаралася з амаль кожным ягоным фільмам. Гэта выклікала незадавальненне Дзяржкіно Украіны гэтак сама, як удзел расейскай карціны «Жонка Чайкоўскага» Кірыла Сярэбранікава ў асноўным конкурсе.

У звароце да прэзідэнта Канскага кінафестывалю П’ера Лескюра, адпраўленым кіраўніцаю Дзяржкіно Марынай Кудэрчук пасля абвяшчэння фэстам сёлетняй праграмы, ёсць папрок, маўляў, фільм «украінскага» рэжысёра Сяргея Лазніцы ўключаны ў адну з секцыяў, нягледзячы на тое, што той выступае супраць байкоту расейскага кіно. То бок афіцыйныя асобы мяркуюць, што стаўленне да байкоту ёсць адназначным індыкатарам таго, свой ты ці чужы.

Апраўдацца за ўдзел у Канах

Рэжысёр Максім Наканэчны. Крыніца: donttakefake.com

З украінскіх працаў на сёлетнім Канскім кінафестывалі будуць паказаныя фільмы «Бачанне матылька» Максіма Наканэчнага (ён трапіў у другую паводле значнасці секцыю «Асаблівы погляд») і «Памфір» Дмытра Сухалыткага-Сабчука ў «Двухтыднёвіку рэжысёраў».

Максім Наканэчны пасля абвешчання праграмы Канскага кінафестывалю напісаў допіс у «Фэйсбуку», у якім патлумачыў, чаму ягоны фільм удзельнічае ў фэсце, калі ў паралельнай праграме – расейская стужка.

«Прысутнасць украінскага наратыву побач з імперскім, а потым і замест яго – залог нашага выжывання. Фарысеі не мусяць быць у стане заткнуць нам рот. Украінскія галасы, посткаланіяльны пункт і оптыка гледжання маюць быць дыскамфортнымі і гучнымі».

Рэч у тым, што некаторыя ўкраінскія рэжысёры здымалі сваё кіно з фестываляў або адмаўлялі ім у асабістым удзеле, калі тыя не прымалі закліку да байкоту расейскіх фільмаў. Аліна Горлава адмовілася паказваць сваю карціну «Гэты дождж ніколі не скончыцца» на фестывалі «goEast» у Вісбадэне. Ірына Цілык не паехала на «Visions du Reel» у Швейцарыю, які закрываўся ейнай нашумелай стужкай «Зямля блакітная, нібы апельсін».

Тэма ўдзелу ў міжнародных фестывалях побач з расейцамі і дарэчнай рэакцыі на такое суседства стала адной з самых пякучых ва ўкраінскай кінасупольнасці. З гонарам адмаўляцца ад удзелу або, нягледзячы ні на што, выкарыстоўваць усе мажлівыя пляцоўкі, каб даносіць сваю пазіцыю? Узнікаюць нават параўнанні, што сёння запрасіць украінца на адзін фестываль з расейцам – усё адно, што ў свой час адначасова запрасіць габрэя і прадстаўніка нацысцкай Нямеччыны.

Кадр з фільму «Бачанне матылька» Максіма Наканэчнага. Крыніца: donttakefake.com

Аляксандр Гусеў шкадуе, што барацьба за байкот у пэўных выпадках прысуджае ўкраінскіх аўтараў да маўчання.

«Цяпер выключна спрыяльныя ўмовы, хаця, вядома, ніхто з нас і ў страшным сне не пажадаў бы такой спрыяльнасці, для таго каб знаёміць свет з украінскай культурай, каб галасы ўкраінскіх мастакоў, у тым ліку кінематаграфістаў, гучалі на аўтарытэтных пляцоўках. Неабходна выкарыстоўваць магчымасць, што дасталася нам так цяжка, каб заняць гэтыя пляцоўкі і прасоўваць на іх уласную культуру, а не змагацца з чужой, якой бы варожай і ненавіснай яна для нас ні была».

Знайшліся тыя, хто асудзіў Максіма Наканэчнага за выбар удзельнічаць у Канскім кінафестывалі. У прыватнасці, былы намеснік старшыні Дзяржкіно Сяргей Нэрэцін пад допісам рэжысёра сярод іншага напісаў, што «мастакі – вельмі слабыя людзі». Але большасць, паводле Максіма Наканэчнага, яго падтрымлівае. Пытаю, што цяпер адчувае ўкраінскі рэжысёр, калі яму трэба выступаць на адной пляцоўцы з расейскім калегам?

«Спачатку я адчуў роспач і бездапаможнасць, проста таму што пабачыў, наколькі рэальнасць па-за Украінай… Мы казалі пра гэта восем гадоў: на вайне шмат якія рэчы ўспрымаюцца прасцей, чым там, дзе не чуваць выбухаў. На вайне прасцей вызначыць, хто вораг і хто свой. Я ўбачыў, наколькі ў заходнім кінаістэблішменце ўсё нашмат больш неадназначна і наколькі ўсё прасякнутае расейскай прысутнасцю, і на нейкі час адчуў гэтую роспач. Але потым я зразумеў, што гэта і ёсць мэта расейскага наратыву: каб украінцы пачуваліся бездапаможнымі. Таму цяпер я адчуваю пэўнасць і сфакусаванасць на сваім фільме і данясенні нашых рэаліяў як мага большай колькасці людзей».

За і супраць байкоту

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: festival-cannes.com

Украінскае Дзяржкіно тым часам працягвае дамагацца адмены паказаў расейскіх стужак на Канскім кінафестывалі. 5 траўня з гэтай мэтай адбылася онлайн-сустрэча прадстаўнікоў установы і Канскага кінафестывалю з удзелам Міністэрства замежных справаў Украіны і амбасады Украіны ў Францыі.

«Цяпер мы разумеем, што расейска-ўкраінская вайна шмат у чым абумоўленая прапагандай і ўвогуле імперскім наратывам, якімі працятая і культура, і рэчаіснасць Расеі, – тлумачыць матывацыю байкоту Максім Наканэчны. – Галоўная мэта закліку – данесці да міжнароднай кінаіндустрыі і гледачоў, што расейская культура базуецца на імперскім дыскурсе. Нават тая, што крытыкуе расейскую рэчаіснасць, ёсць часткаю гэтай парадыгмы. За некалькі сотняў гадоў ніводнага расейскага класіка крытыка ўраду не выратавала ад таго, каб быць скарыстаным імперскай машынай у сваіх інтарэсах – для падмацавання і пашырэння сябе».

Да таго ж, паводле рэжысёра, праваўладальнікі расейскіх фільмаў, якімі б тыя ні былі крытычнымі да расейскага рэжыму, з атрыманага на міжнародных пляцоўках прыбытку плацяць падаткі ў Расеі і гэтымі грашыма апасродкавана спансуюць вайну ва Украіне.

Украінскі кінакрытык Аляксандр Гусеў. Крыніца: Детектор медіа

Што да Кірыла Сярэбранікава, ягоны палітычны пераслед украінцаў не пераконвае, маўляў, ён былы сябар шэрага кардынала расейскай улады Уладзіслава Суркова, і ўмоўны тэрмін, што дазволіў яму з’ехаць за мяжу, быў скасаваны падазрона своечасова – акурат перад Канамі.

«Чайкоўскі, гэтак сама як Гогаль і Булгакаў, – глыбока ўпісаная ў імперскі наратыў постаць, – каментуе Максім Наканэчны ўдзел карціны «Жонка Чайкоўскага». – Фільм пра кампазітара падмацоўвае хлуслівы наратыў пра брацкія народы, бо ён быў народжаны на тэрыторыі сучаснай Украіны, а дзеяў на тэрыторыі сучаснай Расеі і выступае гонарам Расейскай імперыі. Зразумела, украінцам гэта не на карысць».

Аляксандр Гусеў рэпрэзентуе меншасць украінскай кінасупольнасці, што не падтрымлівае байкоту. Сам ён ацэньвае, што гэтая меншасць складае ўсяго толькі 10 % прафесіяналаў.

«Замыканне Расеі ў нейкім культурным гета можа нанесці сур’ёзную шкоду прапагандзе нашых інтарэсаў у Расеі. Гэткім чынам мы самі закрываем крыніцы ўздзеяння на розумы тых расейцаў, хто дзякуючы фільмам і іншым інфармацыйным каналам маглі б хай нават не перайсці на ўкраінскі бок, але прынамсі засумнявацца, што іхны ўрад усё робіць правільна. Калі эканамічныя санкцыі аслабляюць магутнасць, то культурныя, калі ўводзіць іх бяздумна, могуць, наадварот, спрыяць намеру супрацьстаяць усяму свету і якому заўгодна эканамічнаму крызісу».

Канскі кінафестываль, як і Берлінскі, і Венецыянскі, і некаторыя іншыя пакуль не мяняе агучанай ад пачатку пазіцыі датычна байкоту: арганізатары не стануць прымаць афіцыйных дэлегацыяў з Расеі, але ў той жа час не закрыюць дзвярэй перад расейскімі фільмамі, знятымі без дапамогі дзяржаўных грошай або блізкіх да ўлады фондаў.

«Агулам кінафестывалі рэагуюць так, што ёсць таталітарныя дзяржавы – і Расея не першая і не апошняя такая дзяржава. Можна ўспомніць што заўгодна, ад Ірану да, не хачу нікога пакрыўдзіць, некаторых еўрапейскіх краінаў накшталт Вугоршчыны, дзе фігуруе дастаткова ўльтраправы наратыў, – разважае Аляксандр Гусеў. – Але гэта не азначае неабходнасці выключыць аўтараў з гэтых краінаў. Гэта зусім не тыя ўяўленні і каштоўнасці, з якімі еўрапейскія кінематаграфісты могуць сябе атаясняць, таму нашыя патрабаванні сустракаюць у іх неўразуменне, а часам – звычайна гэта праяўляецца ў допісах пад пастамі – і дрэнна схаванае раздражненне. І гэта вельмі сумна, мне падаецца, бо можа нам нашкодзіць».

Постсавецкі рэгіён – не Расея

Фестываль дакументальнага кіно ў Амстэрдаме, Нідэрланды.
Фота: amsterdo.com

Тым часам кінематаграфісты перадусім Украіны, а таксама Беларусі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Малдовы ды іншых краінаў падпісалі калектыўны зварот да Фестывалю дакументальнага кіно ў Амстэрдаме (IDFA), або Канаў дакументальнага кіно. Такім чынам яны адрэагавалі на тое, што ў абноўленай камандзе кансультантаў фестывалю пад вызначэннем «нарадзінка постсавецкага рэгіёну» апынулася расейка Вікторыя Чарнуха.

Аўтары звароту выступаюць супраць «блокавага» мыслення, што аб’ядноўвае розныя народы пад адной назвай, тым больш у час, калі адзін з гэтых народаў ваюе супраць другога.

«Краіны Усходняй Еўропы дзесяцігоддзямі цярпелі ад каланіяльнай палітыкі Савецкага Саюзу і яго дзяржавы-пераемніцы, Расеі. Гэтыя краіны ўсё яшчэ мусяць супрацьстаяць стэрэатыпам пра крайнія ці памежныя народы фантомнай імперыі. У прыватнасці, у сферы кінематографу, застаючыся ў ценю Расеі. Ганебная савецкая практыка наўпроставага прысваення Расеяй культурнай спадчыны іншых краінаў, паняволеных імперыяй, з мэтай ператварыць Маскву і Санкт-Пецярбург у «культурніцкія цэнтры (пост)савецкай прасторы», працягвалася і пасля 1991 года праз навязванне няроўных эканамічных, палітычных і культурных сувязяў Расеі з краінамі Усходняй Еўропы».

У лісце адзначаецца, што Вікторыя Чарнуха працавала на вялікай колькасці расейскіх фестываляў і на ніводным ва Усходняй Еўропе, што ў сітуацыі, калі яна рэпрэзентуе постсавецкі блок, стварае чарговыя лабісцкія магчымасці для расейскіх імперскіх наратываў.

Фестываль дакументальнага кіно ў Амстэрдаме, Нідэрланды.
Фота: amsterdo.com

Пакуль незразумела, якім будзе адказ IDFA, але шэрагу перамогаў у сваёй барацьбе ўкраінская кінасупольнасць дасягнула. Некалькі пляцовак падтрымалі патрабаванне байкоту расейскага кіно: апроч ужо згаданай Еўрапейскай кінаакадэміі, гэта фестывалі ў Вільні, Глазга і Стакгольме. Да таго ж французскі рэжысёр Мішэль Хазанавічус праз неўразуменне ўкраінцаў перайменаваў свой фільм, якім сёлета адкрываецца Канскі кінафестываль. Камедыйны горар пра зомбі «Z», што выклікаў асацыяцыю з ваеннай агрэсіяй, цяпер называецца «Final Cut».

«Мы разумеем, што стоадсоткавага байкоту расейскай культуры адразу не адбудзецца, – кажа Максім Наканэчны. – Але мы працягваем да яго заклікаць, і фестываль за фестывалем адмаўляецца ад расейскага прадстаўніцтва, прынамсі на час баявых дзеянняў. Або скасоўвае ўдзел расейскіх дэлегацыяў, або, як мінімум, тлумачыць свой выбар не падтрымліваць байкоту».

Байкот беларускага кіно

Патрабавання байкоту беларускага кіно ва Украіне не чуваць. Перадусім, вядома, таму што беларускае кіно не грае на міжнародных пляцоўках якой-кольвек заўважнай ролі. Але не толькі.

«Усё ж беларуская культура ўспрымаецца ў нечым як аналаг украінскай у яе супрацьстаянні каланіяльнаму кантэксту, – адказвае на пытанне Аляксандр Гусеў. – Абывацельскі настроеныя людзі могуць казаць розныя рэчы, але ўкраінскія кінематаграфісты ставяцца да беларускіх калегаў як да пабрацімаў і, калі хочаце, таварышаў паводле культурнай зброі».

В Варшаве прошёл седьмой фестиваль белорусского кино «Bulbamovie»
У польскай сталіцы прайшоў кінафестываль «Bulbamovie». Шэраг беларускіх фільмаў і кароткаметражак паказалі ў кінатэатры «Iluzjon», таксама на месцы адбыліся дыскусіі і сустрэчы з рэжысёрамі і прадзюсарамі. Варшава, Польшча. 14 лістапада 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

«Усе разумеюць, – кажа Максім Наканэчны, – што, на жаль ці на шчасце, беларускае кіно цяпер у такім стане, што, калі зроблены там фільм выходзіць за межы краіны, ён апрыёры не тое што крытычны, а варожы рэжыму Беларусі. Самім фактам свайго існавання беларускае кіно ёсць варожым рэжыму Беларусі».

Барацьба ўкраінскай кінасупольнасці за байкот часам, асабліва для тых, хто не застаецца на той жа эмацыйнай хвалі, выглядае досыць радыкальнай і надта патрабавальнай. Але працэс запусціў важную для Украіны, а таксама для Беларусі, дыскусію пра расейскую культуру і механізмы яе дамінавання. Нават у выпадку, калі галоўныя кінапляцоўкі свету не падтрымалі байкоту, гэта ўжо значны вынік – і ён можа справакаваць яшчэ больш маштабныя і працяглыя наступствы.

Ірэна Кацяловіч, belsat.eu

Стужка навінаў