Хроніка пераследу ў Беларусі за 14 траўня

Праваабаронцы паведамляюць пра чарговыя затрыманні, пераслед і ціск з боку сілавікоў на грамадзянаў краіны. 14 траўня сілавікі зладзілі шэраг ператрусаў, суддзі вынеслі чарговыя палітычныя прысуды.

14 траўня суд Ленінскага раёна Менску агучыў прысуд Уладзіміру Севярыну, былому міжнароднаму сакратару БСДП. Уладзімір разам з яго дзяўчынай затрымалі летась і абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 342 КК («Удзел у масавых акцыях»). Суддзя прысудзіў Севярыну 1,6 гады калоніі агульнага рэжыму.

Уладзімір Севярын былы міжнародны сакратар БСДП. Фота: BSDP_Hramada / Telegram

У Лідзе затрымалі 26-гадовага Дзмітрыя Шчыгло. Маладога чалавека схапілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Дзмітрый Шчыгло. Фота: Вясна / Telegram

23-гадоваму жыхару Пінскага раёна інкрымінуюць ч.1 арт.361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Пракуратура ўжо накіравала ў суд крымінальную справу. Абвінавачванне паведамляе, што юнак зняў на відэа вайсковы самалёт, а потым скінуў відэа ў «дэструктыўным тэлеграм-каналам». За гэта маладзёну пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Тэлеграм-каналы «Это Минск, детка» і «Partyzan» прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Сілавікі зладзілі масавыя ператрусы ў валанцёраў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ператрусы адбыліся ў Сяргея Сідарава, Дзмітрыя Альшанікава, Таццяны Стрыжнёвай,Сяргея Чыга, Глеба Браіма, Аляксея Буцерава (Віцебск, ператрус быў на тыдні). Вядома, што ператрусы ладзяць і ў іншых людзей.

У Беларусі больш за 1200 палітвязняў

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны