Вынесены прысуд за малюнак: 3 і 1,5 года абмежавання волі


У судзе Партызанскага раёну Менску 14 траўня агучаны вырак у крымінальнай справе супраць 37-гадовага Дзмітрыя Таратуна і ягонай 23-гадовай знаёмай Дзіяны Казак.

Суддзя Наталля Дзядкова палічыла іхную віну ў «злосным хуліганстве» (ч. 2 арт. 339 КК) даказанай і асудзіла Дзмітрыя на 3 гады «хіміі», а Дзіяну – на 1,5 года «хатняй хіміі».

У ноч на 6 лютага менчукі Дзіяна Казак і Дзмітрый Таратун нанеслі фарбаю праз трафарэт сэрцайка, кулак і знак вікторыі на сцяне трансфарматарнай будкі ў адным з двароў на сталічнай вуліцы Стаханаўскай. Маладых людзей заўважылі міліцыянты з патрульнай машыны і даставілі ва ўпраўленне ўнутраных справаў Партызанскага раёну. На абодвух склалі пратаколы і адвезлі ў ізалятар на вуліцы Акрэсціна. Дзіяну суд пакараў 15 соднямі адміністратыўнага арышту, а Дзмітрый адседзеў 25 содняў.

Нягледзячы на тое, што і Казак і Таратун адбывалі адміністратыўны арышт, супраць іх распачалі крымінальную справу. Спачатку міліцыянты спрабавалі абвінаваціць графітыстаў у экстрэмізме, але потым вызначыліся з артыкулам – «злоснае хуліганства».

Дзмітрый Таратун і ягоная сяброўка пасля прысуду.
Фота: Белсат

Гарадскія ўлады ацанілі шкоду на суму 32 рублі 90 капеек. Дзіяна, як толькі выйшла на волю, адразу кампенсавала шкоду. Яна самастойна прыходзіла ў суд, а Дзмітрыя на паседжанне прывозіў канвой з СІЗА. Яго трымалі пад вартаю пасля таго, як ён паспрабаваў уцячы за мяжу, парушыўшы такім чынам падпіску аб нявыездзе. Таратун патлумачыў на судзе, што, калі даведаўся пра жорсткі артыкул, то вельмі спалохаўся. Пасля няўдалай спробы трапіць ва Украіну ён пагоршыў свой стан у справе, бо яму дадалі яшчэ адно абвінавачанне.

Дзіяна Казак.
Фота: Диана Казак / VK

Адвакат Дзіяны Казак і падчас следства і на судзе прасіў спыніць гэтую справу праз адсутнасць складу злачынства. Ён звяртаў увагу на тое, што шкода была нанесеная нязначная, і варта яшчэ ўлічыць, што на той трансфарматарнай будцы былі і іншыя надпісы (праўда, далёка не палітычнага зместу). Дый грошы абвінавачаныя адразу заплацілі. Але ўсе аргументы абаронцы былі праігнараваныя. Сардэчка, кулак і вікторыя на бруднай сцяне сталі нагодаю для абвінавачання ў крымінальным злачынстве.

belsat.eu

Стужка навінаў