Вярхоўны Суд адхіліў апеляцыю ў справе застрэленага вайскоўцам Шутава. Сведку забойства – 10 гадоў калоніі


Дачка забітага сілавікамі Генадзя Шутава Настасся Баранчук не спадзявалася на абскарджанне і загадзя рыхтавалася звярнуцца ў міжнародны суд, калі ў Беларусі «пройдзе ўсе прыступкі».

Сведка забойства Генадзя Шутава Аляксандр Кардзюкоў у судзе. 19 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Вярхоўны Суд Беларусі разгледзеў 14 траўня апеляцыю на вырак Берасцейскага абласнога суда ў справе забітага 11 жніўня 2020 года ў Берасці Генадзя Шутава і сведкі забойства Аляксандра Кардзюкова.

На тым працэсе суддзя Святлана Крамянеўская прызнала забітага вінаватым у супраціве сілавікам, але не прызначыла яму пакарання. Кардзюкова вінавацілі ў «супраціве працаўніку органаў унутраных справаў» (ч. 2 арт. 363 КК РБ), пазней абвінавачанне перакваліфікавалі ў «замах на забойства» (ч. 2 арт. 139 КК РБ) – як і патрабаваў дзяржаўны абвінаваўца, яго пакаралі 10 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму. На тым судзе вайсковец Раман Гаўрылаў прызнаў, што страляў у Шутава, але быў прызнаны пацярпелым.

Абноўлена
Узгадваем тых, чые смерці звязваюць з пратэстамі 2020 года. Што сёння кажуць следчыя і сваякі?
2021.05.11 14:00

Канфлікт, які прывёў да забойства Шутава, трапіў на некалькі вулічных камераў назірання. Відэа з іх і разбор пабачанага публікавала «Медиазона»: хоць сам момант забойства не відаць ні на адным запісе, бачна, што, насуперак афіцыйнай версіі, Шутаў і Кардзюкоў не нападалі на вайскоўцаў і не мелі ў руках арматуры ці металічных трубаў.

Таксама на берасцейскім судзе было прызнана, што супраць мірных грамадзянаў падчас пратэстаў выкарыстоўвалі ўзброеныя сілы, што вайскоўцаў выпраўлялі ў горад у цывільным адзенні і з агнястрэльнай зброяй. Загад выкарыстаць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў аддаў камандуючы войскамі Сілаў спецыяльных аперацыяў генерал-маёр Вадзім Дзенісенка, а ён тлумачыў, што падпарадкоўваўся міністру абароны. «Беларускі народны трыбунал» апублікаваў дакумент, з якога вынікае: Аляксандр Лукашэнка дазволіў выкарыстоўваць вайскоўцаў для разгону дэманстрацыяў сакрэтным указам у 2012 годзе.

Што далей

Берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк паведаміў «Белсату», што на паседжанне пусцілі толькі сваякоў удзельнікаў справы – ні яго, ні журналістаў не пусцілі. Суд прайшоў даволі хутка: выслухалі пракурора і адваката, прадстаўніцу абвінавачанага – дачку Шутава. Пастанавілі не задаволіць скаргу, пакінуць вырак абласнога суду без зменаў.

Пра апеляцыйную скаргу Кісляк кажа як пра «фармальнасць, якую трэба выканаць» і не лічыць ні абласны, ні Вярхоўны Суд адпаведным крытэру незалежнасці ў разглядзе гэтай справы. На думку Кісляка, увесь працэс быў накіраваны на тое, каб апраўдаць вайскоўцаў, адзін з якіх учыніў забойства, і абгрунтаваць ужыванне зброі.

«Далей адкрываецца магчымасць абскарджання ў Камітэце правоў чалавека ААН, родныя думаюць над гэтым, – тлумачыць Кісляк. – Большасць рашэнняў Камітэту Беларусь не імплементуе, не выконвае. Але, тым не менш, мы павінны ісці паэтапна, неабходная незалежная экспертыза».

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў