Мікалая Карпянкова амаль звольнілі, а ГУБАЗіК ліквідавалі. Інтэрв'ю з былым падпалкоўнікам міліцыі Аляксандрам Азаравым


Падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Азараў перайшоў на бок народу, далучыўся да ініцыятывы «ByPol» і даў Аліне Коўшык сенсацыйнае інтэрв’ю, у якім раскрывае таямніцы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Былы начальнік аддзелу Галоўнага ўпраўлення ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй і выкладчык Акадэміі Міністэрства ўнутраных справаў служыў пад кіраўніцтвам Мікалая Карпянкова, цяперашняга віцэ-міністра ўнутраных справаў і камандуючага ўнутранымі войскамі. Прапаноўваем фрагмент інтэрв’ю. Поўная версія размовы дасяжная на відэа.

Чаму цяпер экстрэмізм шыюць літаральна ўсім? Што гэта значыць? Нашым журналісткам, Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якія сядзяць цяпер у турме, – ім прыпісваюць схільнасць да экстрэмізму. Навошта гэта выкарыстоўваюць?

Гэта ўсё надумана. Таксама для таго, каб паказаць сваю працу. Уся сістэма МУС скіраваная на тое, каб паказаць. Кожнае падраздзяленне імкнецца паставіць сябе вышэй за іншых. Можна сказаць, што да 2015 г. ГУБАЗ быў элітай. Усе імкнуліся туды трапіць. Там працавалі работнікі ад маёра і вышэй. Цяпер там лейтэнантаў, старэйшых лейтэнантаў больш за ўсіх астатніх. ГУБАЗ быў на мяжы ліквідацыі, таму ён імкнуўся паказаць сваю працу. Адпаведна, каб паказаць працу, пісаліся такія дакладныя:

«За мінулы год да крымінальнай адказнасці намі прыцягнута 500 фанатаў». А рэальна гэта былі такія выпадкі – паліць марыхуану з сябрамі ў двары свайго дому ў прыватным сектары. Невядома, ці фанат ён. Ягонае імя ёсць у спісе фанатаў. Хадзіў ён на матчы? Ніхто не ведае.

Але яго прыцягваюць, пішуць, што фанат, актыўны лідар фанацкага руху быў затрыманы і прыцягнуты паводле арт. 328. Гэта толькі раздзіманне статыстыкі, запудрыванне мазгоў насельніцтву.

Рапарт пра звальненне Аляксандра Азарава на фоне ягонага мундзіра

Стварэнне альтэрнатыўнай рэальнасці…

У нас адпрацоўваліся найміты, якія ваявалі ва Украіне на яе баку і на баку ЛНР, ДНР.

Карпянкоў адзін раз у «Савецкай Беларусі» заявіў, што ў нас выявілі 700 наймітаў, якія ваююць. Літаральна на наступны дзень намеснік начальніка ўпраўлення КДБ, які курыруе гэтую дзейнасць, прыйшоў да нас, каб правесці нараду, бо ў іх такой інфармацыі не было, і яны былі ў шоку. Калі сабраліся на нарадзе, Карпянкоў павітаўся і кажа: мне трэба ісці. І сышоў. Намеснік начальніка ўпраўлення кажа: «Так што за спісы? Дайце нам 700 чалавек, у нас столькі няма». А я кажу: «Ідзіце і бярыце ў Карпянкова». Ён усё зразумеў.

Карпянкоў – такі чалавек, які не тое што хлусіць, а раздзімае тое, чаго няма, у шмат разоў больш. У дакладных пішуцца лічбы нашмат большыя, чым ёсць насамрэч. Ён спрабуе выслужыцца перад уладамі, у першую чаргу перад прэзідэнтам.

Мы бачылі, як ён выслужваўся, асабіста біў вітрыны, асабіста курыраваў. Як вы можаце яшчэ яго ахарактарызаваць? Якія выпадкі былі з ягоным удзелам? Вы шчыльна працавалі разам.

Распавядалі, што ён носіць з сабою нож на назе. Большую частку жыцця ён праслужыў у спецназе. Працаўнікі, якім ён гэта наўпрост распавядаў, вельмі дзівіліся і казалі, як гэта характарызуе чалавека. Ён стала носіць нож з сабою, ходзіць па цёмных завулках і чакае, пакуль на яго хто-небудзь нападзе. Але ніхто на яго не нападаў. Ён, мабыць, быў засмучаны гэтым.

Чаму Карпянкоў біў вітрыны? Заканчваўся ягоны кантракт, дзень народзінаў у яго быў, па-мойму, у лістападзе. Кантракты працягваюць за год, таму ён падаваў дакументы на працягненне свайго кантракту за год да гэтага, і яму адмовілі. Нават некалькі разоў ён падаваўся. Яму адмовілі, сказалі: усё, ты дапрацоўваеш і сыходзіш. Хадзілі такія чуткі, што сыходзіць Карпянкоў, і ГУБАЗ расфармоўваюць адразу пасля гэтага.

Карпянкову, відаць, заставалася працаваць некалькі месяцаў. У яго з’явіўся шанец, таму ён сам асабіста пабег, пачаў біць вітрыны, паказваць прыклад. Наколькі я ведаю, не ўсе працаўнікі яго падтрымалі. Вельмі шмат хто нават пакідаў у двары ГУБАЗ гэтыя палкі, якія ім раздавалі. І яны там, казалі, дагэтуль пад ялінкамі валяюцца, можна паглядзець.

ВІДЭА
Ці Віктар можа стаць наступным Лукашэнкам на чале Беларусі? Інтэрв’ю з аўтарам кнігі «Беларускі снайпер»
2021.05.12 18:53

Які цяпер у вас настрой? Ці маеце кантакты з былымі калегамі ў Акадэміі МУС, у ГУБАЗ? Што цяпер адбываецца ў нашай так званай праваахоўнай сістэме?

Цяпер сістэма стамілася ад барацьбы са сваім народам. Людзям сорамна. Першыя дні, я памятаю, форму трэба было ў пакет схаваць і везці, каб ніхто не бачыў. І потым надзяваць яе на працы. Людзям сорамна, бо працаўнік сам працуе, яму прамываюцца мазгі. А ў цывільных арганізацыях працуюць усе ягоныя сваякі, сябры і знаёмыя, якія ведаюць, што адбываецца, і яму пастаянна пра гэта кажуць. Я ведаю, што шмат хто разрываў адносіны. Але яны не бачаць сваёй будучыні без працы ў міліцыі. На сённяшні момант яны лічаць, што пасля звальнення іх ніхто на працу не возьме. Таксама ў іх багата крэдытаў, розных праблемаў, жонкі ў дэкрэтах, і гэтак далей. Іх цяпер сталі заганяць у такія рамкі, што праца становіцца невыноснай. Пры любым падазрэнні яны рэгулярна праходзяць паліграф.

У тым жа ГУБАЗ паліграф прайшлі працаўнікі, якія не праявілі сябе і не білі грамадзянаў на вуліцах. Частку з іх перавялі ў іншыя падраздзяленні. Кагосьці адправілі на пенсію і г. д. Яны імкнуцца пазбавіцца ад такіх. Ім патрэбныя цяпер толькі тыя, хто замараў сябе і каму адступаць больш няма куды, таму ён будзе надалей здзяйсняць злачынствы. У іх рэгулярна правяраюць мабільныя тэлефоны, прымушаюць падпісвацца на «Жёлтые Сливы», на праўладныя каналы. Усё астатняе павінна быць выдаленае.

Размова
Кіраўнік «Belarus Security Blog»: Лукашэнка выгадаваў каманду тупых выканаўцаў
2021.04.26 22:20

Напрыклад, я ведаю, што Бедункевіч сам падпісаны на ўсе апазіцыйныя каналы і чытае іх, але ўсе працаўнікі адтуль выдаленыя. І рэгулярна правяраюць, каб яны нічога не чыталі.

«ByPol», напэўна, таксама чытае?

Вядома, хоць раней, калі толькі з’явіўся «NEXTA», Бедункевіч прымусіў усіх працаўнікоў падпісацца на яго, каб усе чыталі і навіны бачылі. Але цяпер, бо гэта ўжо можа ўплываць на іхную свядомасць, ім усё забаронена. Іх пачалі замбаваць. Ён сам усё ведае і кіруе, а ўсе астатнія мусяць чытаць «Жёлтые Сливы», гэтае трызненне, якое там друкуюць, і думаць, як яны выдатна жывуць.

Можна ж прачытаць у іншых крыніцах. Цяпер ΧΧΙ стагоддзе.

Вядома, шмат хто мае некалькі тэлефонаў, удома – адзін тэлефон, на працы – другі, пусты. Людзі самаразвіваюцца. Я ведаю, што шмат хто імкнецца таемна атрымаць нейкую прафесію. Здаць на правы, каб з’ехаць пры магчымасці. Але цяпер іх там загналі ў такія рамкі, што паставілі ўсім забарону на выезд.

І я ведаю, што працаўнікі, якія спрабавалі паляцець у адпачынак, не ведалі, што пастаўленая забарона. Іх здымалі з самалётаў, а сям’я ляцела.

А працаўнікі КДБ – у іх паставілі не толькі працаўнікоў, але і сваякоў нават. Яны цяпер абмежаваныя ўва ўсім.

Калі прыйдзе крытычны момант, ці будуць сілавікі абараняць Лукашэнку?

Я думаю, што калі прыйдзе крытычны момант, тыя, хто замараў сябе ў крыві, вядома, будуць. Бо яны ведаюць, што безумоўна будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. Усе астатнія – працаўнікі, якія сумняюцца і якія цяпер моўчкі ходзяць на працу, яны могуць у пэўны момант, калі будзе сабраная крытычная маса народу, адмовіцца і перайсці на бок народу.

Размова
Падпалкоўнік МУС Юрый Гушча: Пераходзіць на бок народу будуць цэлымі падраздзяленнямі
2021.04.13 22:20

І вы гэтым займаецеся ў «ByPol», апелюеце, каб тыя людзі, якія ўсё ж такі яшчэ ў сістэме, далучаліся да вас яўна ці таемна, бо такія таксама ёсць?

Вядома, мы працуем з усімі праваахоўнымі структурамі, не толькі МУС, але і КДБ, ААЦ, Камітэт дзяржкантролю, Следчы камітэт, ДФР, з любымі службамі. І нават суддзі ў нас ёсць. Людзі нам пішуць, і мы з імі працуем. Яны ведаюць, што пры змене ўлады мы будзем абапірацца на іх.

Таму я прапаноўваю ўсім, хто хоча працаваць у новай Беларусі, далучацца да нас.

Толькі нашыя сябры, якія з намі працавалі, будуць працаваць у новай Беларусі і зоймуць нават вышэйшыя пасады.

Інтэрв’ю запісалі для праграмы «Прасвет» з Алінаю Коўшык 13 траўня 2021 г.

Стужка навінаў