«Называлі наймітам на Данбасе». Беларус, якога адмовілася экстрадаваць Польшча, распавёў акалічнасці сваёй справы


У сакавіку Польшча пастанавіла не выдаваць Менску грамадзяніна Беларусі, якога ўлады абвінавацілі ў махлярстве і абвесцілі ў вышук па лініі Інтэрполу. На рашэнне варшаўскага суда і міністра юстыцыі паўплывалі паслявыбарчыя рэпрэсіі ў Беларусі. Паводле польскай Феміды, гэты беларус не можа разлічваць на справядлівы працэс на радзіме. Вадзім Добыш падзяліўся з «Белсатам» гісторыяй ціску на яго і згадаў пагрозы КДБ.

У лютым 2020 года Вадзіма Добыша затрымалі ды арыштавалі ў Варшаве, але праз 10 дзён выпусцілі пасля ўнясення закладу паручальніка, якім выступіла ягоная жонка. Пад вартаю беларус запэўніваў польскіх праваахоўнікаў, што не вінаваты. Бізнесоўца ў Беларусі вінавацілі ў дзвюх справах: у падмане гомельца на $ 22 тысячы ў 2011 годзе і ў махлярствах, здзейсненых у 2014–2017 гадах, на агульную суму каля 145 тысяч рублёў. Нібыта Добыш масава пазычаў грошы ды не вярнуў іх прынамсі сямі асобам. У міжнародны вышук яго абвесцілі ў 2018 годзе, справа ў беларускі суд трапіла толькі ў 2019-м. Сам гомелец з 2017 года жыве ў Варшаве, куды прыехаў у заробкі пасля таго, як у выніку спрэчак з супольнікамі ў 2015-м мусіў выйсці з фітнес-бізнесу, пра які марыў усё жыццё.

Вадзім Добыш. 19 сакавіка 2021 года.
Фота: Дзяніс Дзюба / Белсат
Даведка

Экстрадыцыя – афіцыйная выдача замежнай дзяржаве асобы, якая парушыла законы гэтай дзяржавы.

Польскі суд адмовіў у экстрадыцыі Вадзіма Добыша праз тое, што ў Беларусі, паводле ацэнкі польскага суддзі, парушаюцца правы чалавека і няма шанцаў на справядлівы судовы працэс і абарону, тлумачыць Пётр Савіцкі, адвакат Вадзіма Добыша.

«Польскі суд не высвятляў, ці здзейсніў Вадзім Добыш злачынствы, у якіх яго абвінавачваюць. Ён толькі сцвярджае, што спадар Добыш не можа быць перададзены ўладам Беларусі, бо суддзя асцерагаецца, што ў Беларусі могуць быць парушаныя ягоныя правы і свабоды. У прыватнасці, суд адзначыў, што пасля выбараў дэмакратычныя стандарты ў Беларусі яшчэ больш панізіліся, і ў гэтай краіне ўвесь час парушаюцца правы чалавека».

Суд не вырашыў – вінаваты ён ці не, а толькі адмовіўся выдаць спадара Добыша, рэзюмуе Пётр Савіцкі.

Вадзім Добыш. Варшава, Польшча. 19 сакавіка 2021 года.
Фота: Дзяніс Дзюба / Белсат

Гісторыя пераследу і прыбытковы фітнес-бізнес

У 2014 годзе Вадзім Добыш адчыніў спартовы клуб у Гомлі. У фітнес-бізнес ён прыйшоў мэтанакіравана: скончыў факультэт фізічнай культуры Гомельскага ўніверсітэту імя Скарыны, захапляўся бодзібілдынгам – выступаў на спаборніцтвах і здабыў званне майстра спорту. Пазней распачаў уласную справу:

«Калісьці працаваў грузчыкам, бо трэнерам за $ 100 ісці не было магчымасці. Пачаў цікавіцца амінакіслотамі і пратэінам. Сусед прапанаваў рабіць нешта разам. Так усё пачалося».

Гэтак паўстала спартовая зала «Фітнес Плаза», а пазней у клубе Добыш адкрыў яшчэ і краму спартовага харчавання. Мужчыну давялося закласці свой аўтамабіль, каб атрымаць банкаўскую пазыку $ 25 тысячаў на пачатак дзейнасці. Партнёры з бізнесу бралі грошы ў знаёмцаў. Праз нейкі час Вадзімавы калегі прыйшлі да яго з просьбаю памагчы фінансава. Крэдыторы пачалі патрабаваць вяртання пазыкі, і таварышы з фірмы настойвалі, каб яе сплаціў наш суразмоўца.

«Яны бачылі, што мая крама прыносіць дадатковы прыбытак. Маўляў, у цябе грошы ёсць, ты і плаці. Калі стваралі клуб, яны займаліся афармленнем, у дакументацыю я не заглыбляўся, не разбіраўся, хто, як і за што адказвае, даверыўся супольнікам. Спачатку яны сказалі, што я буду дырэктарам, а насамрэч ніякім дырэктарам я не быў».

Вадзім Добыш з адвакатам Пятром Савіцкім. 19 сакавіка 2021 года.
Фота: Дзяніс Дзюба / Белсат

Дамовіцца з напарнікамі, якія мелі большы ўдзел, не ўдалося. Вадзіму давялося выйсці з бізнесу, каб разлічыцца з банкам і забраць закладзенае аўта. Тады ж, у 2015-м, ён пастанавіў зачыніць краму, у якой прадаўцом быў ягоны знаёмы спартовец Міхаіл К. Бізнесовец выказвае меркаванне, што менавіта з Міхаіла ў яго пачаліся праблемы.

Называлі наёмнікам на Данбасе і пагражалі забраць дзяцей

Выйшаўшы з бізнесу, Вадзім Добыш два гады спрабаваў наладзіць справы ў Гомлі, але нічога прыстойнага знайсці не мог і на пачатку 2017-га з’ехаў у Польшчу, распачаў будаўнічы бізнес. Фірма паспяхова развівалася і пачала даваць добры прыбытак. У канцы 2017 года жонка пазваніла Вадзіму і паведаміла, што да яе прыходзілі з КДБ:

«Ёй сказалі, што я служу наймітам на Данбасе, забіваю людзей. Што калі вярнуся, мяне расстраляюць. Пагражалі, што дзяцей забяруць. Але ў чым канкрэтна мяне вінавацяць і чаму шукаюць, не тлумачылі. Пасля з’явіліся абвінавачанні ў махлярстве. Прыходзілі да сяброў, з якімі мы дзесяць гадоў не бачыліся, пыталі, дзе я. Я спакойна жыў і працаваў у Польшчы, калі даведаўся на пачатку 2018-га, што мяне абвесцілі ў вышук. Толькі ў сярэдзіне 2019-га змог перавезці сям’ю».

Жонка Вадзіма з двума дзецьмі заставалася ў Беларусі да лета 2019 года. Вадзім Добыш сцвярджае, што ўвесь гэты час ёй паступалі пагрозы ад праваахоўных органаў: маўляў, калі яна не намовіць яго вярнуцца, жанчыну таксама чакае пакаранне. Пераслед жонкі Добыш наўпрост звязвае з дзеяннямі Рыгора Асірана – чыноўніка з Лёзна, які з’яўляецца цесцем Міхаіла К. Праз трэцюю асобу ў Беларусі, сцвярджае суразмоўца, ён даведаўся, што Асіран абяцаў паспрыяць у прыпыненні справы супраць яго, калі ён верне так званыя скрадзеныя грошы Міхаілу К. Аднак Добыш адмовіўся ісці на такую «ўгоду», бо лічыць сябе не вінаватым.

Вадзім Добыш (у цэнтры) з адвакатам падчас інтэрв’ю. Варшава, Польшча. 19 сакавіка 2021 года.
Фота: Дзяніс Дзюба / Белсат

Пры чым тут чыноўнік з Лёзна

Вадзім Добыш сцвярджае, што Міхаіл К., які працаваў у ягонай краме, цягам некалькіх гадоў пазычаў грошы у розных людзей і не вярнуў іх. Пазней у міліцыі Міхаіл заявіў, што ў яго няма грошай на аплату даўгоў, бо Добыш іх прысвоіў:

«У Мішы былі буйныя даўгі, ён то гадзіннік закладаў, то кватэру. Бацька ягонай жонкі Рыгор Асіран – начальнік аддзелу адукацыі Лёзненскага раённага выканаўчага камітэту. Міша мне казаў, што цесць шчыльна звязаны з адміністрацыяй Лукашэнкі. Калі стала вядома пра Інтэрпол, я даведаўся, што Міша і ягоны цесць напісалі заяву ў міліцыю, нібыта я завалодаў буйной сумай, маўляў, Міша для мяне ў цесця пазычыў $ 8000, а я не аддаў. І цяпер Асіран хоча з мяне іх спагнаць. Але я ніколі яго не бачыў і нават не размаўляў, ніякіх грошай ніколі не браў і нічога не вінны».

Каб гомельца пачалі шукаць праз Інтэрпол, павінна была назбірацца сума, большая за $ 50 тысяч, тлумачыць Пётр Савіцкі. Адвакат дадае, што менавіта таму беларускія праваахоўнікі імкнуліся знайсці як мага больш сведкаў і намовіць іх на як мага большыя квоты, якія Добыш нібыта скраў.

Сярод пацярпелых, акрамя Рыгора Асірана, быў блізкі сябар Міхаіла К. і некалькі знаёмцаў. Добыш сцвярджаў, што працэс, ініцыяваны ўладамі Беларусі, палітычна матываваны і на радзіме яго чакаюць рэпрэсіі. Адвакаты Добыша пастанавілі выклікаць сведкаў, каб яны пацвердзілі альбо зняпраўдзілі абвінавачванні.

Вадзім Добыш. Варшава, Польшча. 19 сакавіка 2021 года.
Фота: Дзяніс Дзюба / Белсат

Польскі суддзя, які вёў справу, пагадзіўся на іхны прыезд. Нягледзячы на цяжкасці, выкліканыя пандэміяй каронавіруса, некалькі асобаў змаглі атрымаць польскія візы і з’явіліся ў суд, каб пацвердзіць невінаватасць бізнесоўца:

«Яны сведчылі, што іх пагрозамі ўгаварылі абылгаць мяне. Сведкі сказалі, што не маюць прэтэнзіяў, я з імі разлічыўся і не падманваў».

«Сведкі прызналі, што ўсе фінансавыя разлікі былі правільныя, і махлярства не было. Суд пастанавіў, што за патрабаваннем уладаў Беларусі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці спадара Вадзіма стаіць толькі адна мэта – палітычныя рэпрэсіі [сам Вадзім Добыш называе свой пераслед палітычным таму, што, паводле яго, у справе замяшаны чыноўнік з вертыкалі Лукашэнкі – заўвага belsat.eu]», – дадае адвакат Пётр Савіцкі.

Вадзім Добыш. Варшава, Польшча. 19 сакавіка 2021 года.
Фота: Дзяніс Дзюба / Белсат

Фармальна справу ў Польшчы закрылі 25 верасня 2020 года. Згодна з польскім заканадаўствам, канчатковую пастанову пра экстрадыцыю прымае міністр юстыцыі. 20 лютага сёлета міністр юстыцыі адмовіў уладам Беларусі ў выдачы Вадзіма Добыша.

Звязацца з Рыгорам Асіранам і Міхаілам К. на момант публікацыі артыкулу «Белсату» не ўдалося: іх працоўныя нумары не адказваюць.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў