Абвінавачаны ў карагодзе: Гэтая крымінальная справа адкінула юрыспрудэнцыю на 500 гадоў назад, у сярэднявечча


У судзе Берасцейскага раёну 14 траўня пачаўся судовы працэс у так званай «карагоднай справе», пачалі судзіць чацвёртую групу абвінавачаных. А тым часам першая група ў гэтай справе звярнулася з апеляцыяй у абласны суд, і чакана, як і другая група раней, атрымала адмову.

Не ўсе ахвочыя змаглі трапіць у суд 14 траўня.
Фота: Белсат

Першыя дзве справы ў гэтай крымінальнай справе разглядалі суды Ленінскага і Маскоўскага раёнаў: падзеі, праз якія вінавацяць людзей, адбываліся на мяжы гэтых раёнаў Берасця. Цяпер жа працэс ідзе ў судзе Берасцейскага раёну, які фармальна не мае ніякага дачынення да гэтай справы. Працэс вядзе Сяргей Маручак.

Гэтым разам разглядаюць справы 12 асобаў з чацвёртай групы, тры чалавекі з іх ужо прызнаныя палітычнымі вязнямі.

Самы вядомы ў гэтым тузіне – 59-гадовы пчаляр, паэт Мікола Папека, яму адмовілі ў азнаямленні з матэрыяламі справы на роднай мове.

Калі ў трэцяй групе была маці і дачка, то ў чацвёртай ёсць сын і бацька – Арсеній і Яўген Сінякі. 19-гадовы Арсеній – былы студэнт Берасцейскага тэхнічнага ўніверсітэту, які быў адлічаны з ВНУ пасля пратэстаў, прызнаны палітычным вязнем і з 9 лютага застаецца ў СІЗА № 7. Адтуль жа на суд прывозяць 46-гадовага Рамана Яхіна (ён у берасцейскім СІЗА таксама з 9 лютага) і 34-гадовую Вольгу Глушэнь, якую затрымалі 4 сакавіка.

Ні ў адным працэсе гэтай справы пад арыштам не аказвалася гэтак шмат людзей.

Гісторыі
Маці і дачка, абвінавачваныя ў «карагоднай справе»: Да «хіміі» маральна гатовыя і верым, што хутка ўсё зменіцца
2021.05.06 21:12

Таксама ў справе праходзяць муж і жонка Андрэй і Паліна Ляшко (у іх двое дзетак, да таго ж Паліна цяжарная трэцім дзіцём), Раман Дземідовіч, Марына Дарашук, Вікторыя Каральчук, Алеся Крамчаніна, Святлана Марчук.

Усе ахвочыя зноў не змаглі трапіць у судовую залу. Прадстаўнікі суда тлумачаць гэты тым, што ў новым Доме правасуддзя няма вялікіх залаў, каб размесціць такую колькасць людзей, да таго ж спасылаюцца на каронавірус.

Мікола Папека: Гэта паляванне на вядзьмарак

59-гадовы пчаляр, паэт Мікола Папека стараўся наведваць большасць пасяджэнняў у гэтай крымінальнай справе, і цяпер мужчына ўпэўнены, што працэс вельмі далёкі ад сапраўднага правасуддзя.

Мікола Папека патрабуе, каб у суд дапусцілі ўсіх прысутных. 14 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

– Справа зразумелая, яна адкідае юрыспрудэнцыю на 500 гадоў назад, у сярэднявечча. Гэта паляванне на ведзьмаў, яны знаходзяць на здымках фрагмент чалавека і за гэта яму даюць 1,5–2 гады. Пры гэтым ніякіх доказаў, ніякія пярэчанні не дзейнічаюць. Ды і доказы ніякія ім не патрэбныя, галоўнае – каб чалавек прызнаўся, што ён ступіў нагою на праезную частку, – кажа ў размове з «Белсатам» спадар Мікола.

Папека лічыць: максімум, што людзі парушылі, так гэта правілы дарожнага руху, у нармальнай дзяржаве аб крымінальнай справе тут проста не магло быць гаворкі.

– Нас абвінавацілі ў тым, што мы не падпарадкоўваліся патрабаванням міліцыі, але я ўважліва паглядзеў відэа, і нідзе яе не відаць. І нідзе не даказана, што менавіта я браў удзел у карагодзе. Больш за тое, гэта была выключна мірная акцыя, не быў зачэплены ні адзін тралейбус альбо чалавек. І замест таго, каб размаўляць з інтэлігентнымі і адукаванымі беларусамі, яны робяць расправу ў межах гэтай крымінальнай справы, – адзначае Мікола Папека.

Андрэй Ляшко: Гэта паказальнае пакаранне

У Андрэя і Паліны Ляшко двое дзяцей, 3 і 6 гадоў. Цяпер жанчына чакае трэцяга. 13 верасня мінулага года сямейная пара на тры хвіліны затрымалася ля карагоду, і гэтага хапіла для абвінавачання.

Паліна і Андрэй Ляшко спадзяюцца на лепшае, хаця і разумеюць, што закон цяпер не працуе.
Фота: Белсат

– Нас судзяць з мужам, у нас двое малых дзетак, мы чакаем трэцяга, і нікога гэта не бянтэжыць. Ад суда мы не чакаем нічога добрага, не верым у закон, бо цяпер яго няма. Але мы гатовыя да любога выніку, і разумеем, што мы яшчэ не ў самым горшым стане, і вельмі перажываем за тых людзей, хто страціў здароўе і застаецца цяпер у СІЗА і турмах, – кажа ў размове з «Белсатам» Паліна Ляшко.

Гэтыя тры хвіліны каштавалі сям’і Ляшко не толькі крымінальнай справы, але і страты асноўнай крыніцы прыбытку. Андрэй з верасня мінулага года быў пазбаўлены права працаваць паводле спецыяльнасці.

– Я працаваў кіроўцам-міжнароднікам, ды мне закрылі выезд з краіны, я не магу працаваць паводле спецыяльнасці і карміць сваю сямʼю. Мы не злыдні, мы нават не ўдзельнічалі ў акцыі, не выходзілі на праезную частку. Але мы трапілі на фотаздымкі, і яны [улады] вырашылі правесці над нашай сямʼёй паказальную кару, каб іншым было не панадна, – робіць выснову Андрэй Ляшко.

Абласны суд пакідае выракі без зменаў

А ў абласным судзе сёння прайшла апеляцыя першай дзясяткі ў гэтай справе. Суддзя Андрэй Курылюк пакінуў без зменаў рашэнне суддзі Ленінскага раёну Берасця Святаслава Каліны. Настаўніцы замежных моваў Марыне Глазавай (яна першая ў гэтай справе апынулася ў СІЗА) і Яраславу Ярашуку пакінулі 1,5 года «хатняй хіміі» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу), а студэнтцы філфаку БДУ Марыне Сірэцан – 1 год.

Справу разглядаюць у берасцейскім Доме правасуддзя. 14 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Яшчэ сем удзельнікаў працэсу мусяць адправіцца на звычайную «хімію» (абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу): Мікалай Федарэнка, Яўген Калпачык, Аляксей Якубук, Віктар Дзенісенка і Віталь Літвін – кожнаму 1,5 года, а Максіму Жараву і Вадзіму Варановічу далі 2 гады кожнаму.

Раней абласны суд пакінуў без зменаў прысуд і другой групе людзей: калонію з агульным рэжымам тэрмінам на 1 год і 8 месяцаў Дзмітрыю Буневічу і 1,5 года Аляксею Арцецкаму. 2 гады «хіміі» атрымалі Дзмітрый Абрамук і Павел Брух, 1,5 года «хіміі» – Аляксей Бараноўскі, Дзмітрый Качурка і Уладзімір Талатынік, а Генадзь Місюта – 1,5 года «хатняй хіміі».

За што судзяць

Нагадаем, 13 верасня мінулага года ў Берасці адбывалася чарговая пратэставая акцыя. Людзі маршам прайшлі па праезнай частцы праспекту Машэрава ды спыніліся на яго скрыжаванні з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Некалькі соцень асобаў утварылі карагод. Была музыка, свята, нібыта карнавал – так згадваюць тыя падзеі відавочцы.

Разганяць карагод прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. З таго часу берасцейцы называюць гэтае скрыжаванне вадамётным, а распачатая пазней крымінальная справа завецца карагоднай.

Праз некалькі тыдняў завялі крымінальную справу паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Сілавікі праглядалі камеры відэаназірання і матэрыялы журналістаў, затрымлівалі і апытвалі берасцейцаў. Лік падазраваных пайшоў на дзясяткі: мінімум 10 фігурантаў гэтай справы да сёння застаюцца ў СІЗА № 7, а пошук удзельнікаў тых падзеяў следчыя і міліцыя не спыняюць да сёння. Можна сказаць, што гэта адна з самых масавых крымінальных палітычных справаў у гісторыі Беларусі: у якасці абвінавачваных цяпер праходзяць больш за 70 асобаў.

Hавiны
«Карагодная справа» – адна з самых вялікіх палітычных справаў у Беларусі. Што трэба пра яе ведаць
2021.04.02 08:45

АС, belsat.eu

Стужка навінаў