«Прайшлі праз фільтрацыю». Гісторыі ўцекачоў з Марыупалю


Жыхары Марыупалю, якія засталіся жывымі, прайшлі праз пекла. Яны хаваліся ад выбухаў, бачылі памерлых сваякоў і незнаёмцаў, глядзелі на свой знішчаны горад. Камусьці ўдалося ўцячы і знайсці бяспеку ў іншых краінах. «Белсат» пагутарыў з марыупальцамі, якія цяпер у Вільні і Лодзі.

Ілюстрацыйны здымак. Парваны сцяг Украіны, павешаны на дроце перад жылым домам, разбураным падчас украінска-расейскага канфлікту. Марыупаль, Украіна. 14 красавіка 2022 года.
Фота: Аляксандр Ярмачэнка / Reuters / Forum

Людміла: Марыупаль – Расея – Менск – Берасце – Варшава – Лодзь

Людмілу з Марыупалю расейскія вайскоўцы напрыканцы сакавіка вывезлі з дачкой у РФ, але яна па дарозе ўцякла і здолела дабрацца да Менску, а потым да Берасця, на мяжу. Беларускія памежнікі выпусцілі яе толькі з унутраным пашпартам, а польскія памежнікі пасля дакладнага правярання пусцілі ў Польшчу. Яна цяпер у Лодзі.

24 лютага пачалася невялікая страляніна за горадам. Людміла спачатку падумала, што нічога асаблівага не будзе – пастраляюць крыху і перастануць. Але потым абрэзалі і святло, і газ, ацяплення і сувязі не было. Ні з кім не было магчымасці звязацца.

«Нас – тры чалавекі ў калідоры. Калідорчык маленькі, мы матрацы клалі. Днём яшчэ так, цярпіма, а ноччу мы клаліся ў калідоры. 1-га мы ўжо спусціліся ў сутарэнне і там правялі тры тыдні», – успамінае Людміла.

Ілюстрацыйны здымак. Мясцовыя жыхары сядзяць каля жылога дому. Марыупаль, Украіна. 12 красавіка 2022 года.
Фота: Аляксандр Ярмачэнка / Reuters / Forum

Людміла расказвае, што дачка гатавала есці на чатырох цаглінах і сетцы. Дрэвы ламалі, секлі. 8 сакавіка выпаў снег – людзі збіралі яго, капалі рыдлёўкамі і рукамі, бо нават вады не было. Апошні раз гэта было ў сакавіку. Людзі пайшлі па ваду і не вярнуліся. 30 чалавек трапілі пад ракетны абстрэл. І дзеці загінулі, і жанчыны, і мужчыны – не вярнуліся дадому.

«Усе параненыя лезлі ў сутарэнні, там мы выцягвалі рэшткі снарадаў, на цёмную, – распавядае Людміла. – Трое вярнуліся параненыя. У шыю моцна. Хлапец адзін меў тры дзіркі наскрозь. У шыю, рукі. Хлапец распавядаў, што цудам застаўся жывы, быццам Бог адцягнуў яму скуру, сонную артэрыю не закранула і праляцела. У нас саміх у каго што было з медыкаментаў – бралі, разразалі і на жывую даставалі».

Людміла не ведае, што за зброю выкарыстоўвалі: «Яно такое падае і ўторкваецца ў зямлю. Мы не чулі, мы гатавалі за пад’ездам. Снарад прыляцеў на дзіцячую пляцоўку. Я цудам зайшла ў пад’езд, бо было шмат параненых. Яно – раз, вылезла з зямлі і выбухнула. Чырвоным такім засвяцілася і разляцеліся аскепкі: каму ў бачыну, каму як лыжкай, быццам з целам мяса вырвалі лыжкай. Ніхто не думаў, што да такой ступені будзе чорны горад. Думалі, што ну ўсё, вось сёння скончыцца і скажуць: «Выходзьце ўжо, мір на дварэ». Мы кожны дзень гэтага чакалі ці з правага боку ці з левага.

Мы маліліся і спадзяваліся, што нешта адбудзецца. Маліліся, бо там засталося вельмі шмат родных і вельмі блізкіх, сяброў страцілі. У дварах варонка выбухае – і там людзей хавалі. Людзей, дзяцей. Варонка з’явілася – і там хавалі. Хто не мог хаваць, бо былі бясконцыя абстрэлы… У нас суседзі ўвечары выбеглі і перад дарогай на лінію клалі трупы. У коўдры загортвалі».

Ілюстрацыйны здымак. Крыжы пастаўленыя на месцы пахавання мясцовых жыхароў, загінулых падчас украінска-расейскага канфлікту ў Марыупалі, Украіна. 12 красавіка 2022 года.
Фота: Аляксандр Ярмачэнка / Reuters / Forum

Аднойчы Людміла з дачкой пастанавілі збегчы.

«Мы беглі, а вакол палалі дамы. Усё вакол чорнае, а мы беглі з дзецьмі. Мы нават пераступалі трупы. Мы беглі, а паўсюль трупы. Мы дабеглі да нейкага пункту, там нас сустрэлі чачэнцы і расейцы. Мы ўзялі прасціну белую і на палку адзелі, матлялі анучай белай, каб нас не застрэлілі, што мы ратуемся. Нас там яны перахапілі і правялі на захопленую зямлю».

Людміла шукала сваю сям’ю і прасіла, каб іх з дачкой нікуды не везлі, пакуль яны не знойдуць родных. У выніку яна знайшла старэйшага брата, нявестку і іхных дзяцей.

«Я стаю плачу, а ён такі да мяне падыходзіць і кажа: ты чаго плачаш? Супакойся, праз гадзіну будзем хімію запускаць у завод – там усе падохнуць, – працягвае Людміла. – У нас знаёмы выратаваўся. Што чачэнцы з ім рабілі… Ён ім з твару не спадабаўся. Жонка плакала, маліла, каб не краналі яго».

Гісторыі
Дзённікі жыхароў Марыупалю: па той бок пекла
2022.04.01 16:26

Потым пад’ехалі аўтобусы, і людзей адвезлі ў Данецк, Старабешава і Безыменнае. Гэта у «ДНР», што расейцы захапілі раней. Там размясцілі Людмілу з сям’ёй. Спалі на асфальце, на кардонках. І рабілі там фільтрацыю, рэгістрацыю.

«Пальцы адбівалі, флюараграфію рабілі, быццам мы злачынцы, – узгадвае Людміла. – Давезлі нас да мяжы, забралі нас, і там у нас былі праблемы. То пусцім з пашпартам, то не пусцім. Адна дзяўчына маладая ехала ў Польшчу працаваць. Не ведаем мы, куды яна ехала. Яна спынілася, і мы папрасілі давезці нас да мяжы. Проста перавезці. Бо нас памежнік не пусціў пешкі і сказаў: «Лавіце цуд». Праз беларускую мяжу трэба на машыне ехаць».

Паводле Людмілы, Польшча вельмі добра прыняла сям’ю. Яны цяпер у Лодзі, перад гэтым былі ў Варшаве. Яшчэ тыдзень таму жанчына чула выбухі ў сваім горадзе.

Аляксандр і Ірына: Марыупаль – «ДНР» – Расея – Вільня

Жыхары Марыупалю Аляксандр і Ірына зараз у Вільні.
Фота: Белсат

Жыхары Марыупалю, сужэнцы Аляксандр і Ірына – пенсіянеры. Яны былі вымушаныя ўцякаць з Украіны ад вайны і цяпер у Вільні. У Марыупалі жылі за 300 м ад тэрыторыі заводу «Азоўсталь», дзе ўвесь час ішлі баявыя дзеянні. У апошні тыдзень перад выездам жылі ў сутарэнні, напярэдадні ўцёкаў побач з Ірынай снарад забіў жанчыну. Гэта і падштурхнула кінуць усё і бегчы пад снарадамі.

«У Марыупалі было пекла. Вакол нашага дому – спаленыя дамы. У сутарэнні пад пастаяннымі бамбёжкамі мы бесперапынна маліліся, і ноччу, і днём», – усхвалявана расказвае Ірына.

Ілюстрацыйны здымак. Згарэлыя аўтамабілі перад пашкоджаным жылым будынкам. Марыупаль, Украіна. 13 красавіка 2022 года.
Фота: Аляксандр Ярмачэнка / Reuters / Forum

Сям’я ўцякла 21 сакавіка праз зялёны калідор у бок самаабвешчанай «ДНР».

«Людзі ад смерці былі гатовыя бегчы куды заўгодна. Наш левы бераг быў адрэзаны ад украінскага кірунку на Запарожжа. То бок жыхары цэнтру маглі нейкім чынам выехаць ва Украіну. Мы – не. На нашым баку ўжо былі блокпасты «ДНР». Таму выбар быў такі: ці цябе тут проста заб’юць, будзеш ляжаць пад заваламі, ці пад бомбамі ты бяжыш на іх блокпост ратаваць сваё жыццё. Што людзі і рабілі, бо ўсім хацелася жыць, ратаваць сваіх дзяцей», – кажа нашая суразмоўца.

Гісторыі
Па той бок пекла. Марыупаль: другі месяц у блакадзе
2022.04.05 08:40

На блокпасце арганізоўвалі аўтобусы, на якіх везлі марыупальцаў у бяспечнае месца. Нашых герояў адвезлі ў лагер за 30 км ад Марыупалю. Там былі намёты, школа і клуб, куды размяшчалі тых, каго вывозілі. Нашых герояў размясцілі ў школе.

«Умовы – ніякія. Знайшоў сабе вольны куточак на падлозе – і ўлёгся на кардоначку. Дзесьці ўварваў сабе коўдрачку і накрыўся. Галоўнае, што на цябе не падаюць снарады, аскепкам цябе не заб’е. Мы чулі, што праз нас з боку Растова на Марыупаль пастаянна лёталі самалёты. Машынальна хацелася закрыць вушы і схавацца, але разумееш, што тут яны бамбіць не будуць», – узгадвае Ірына.

Аляксандр распавядае, што ўсе, каго прывозілі з Украіны ў Данецк, праходзілі фільтрацыю.

«Афіцыйна гэта называюць рэгістрацыяй, але па сутнасці гэта нешта іншае. Мяркуйце самі. У людзей не проста запісвалі звесткі (імя, прозвішча, месца жыхарства), але яшчэ і адбіралі паводле пэўных прыкметаў – напрыклад, здаровых мужчынаў да 65 гадоў. Людзей абшуквалі, уважліва шукалі татуіроўкі. Пасля фільтрацыі людзей адпраўлялі ў розныя гарады Расеі. Увесь цынізм сітуацыі, гэтай пуцінскай вайны ў тым, што вось гэтую тэрыторыю расейцы бамбяць, абстрэльваюць, а праз кіламетр ад яе яны нібыта даюць усе ўмовы і бяспеку», – наш суразмоўца далонямі рассякае паветра на часткі, ілюструючы свае словы.

Ілюстрацыйны здымак. Мірныя жыхары ідуць па Левабярэжным раёне Марыупалю. Данецкая вобласць, Украіна. 12 красавіка 2022 года.
Фота: Сяргей Бобылеў / TASS / Forum

Нашым героям пашанцавала: у іхны лагер прыйшоў чалавек, які прапанаваў вывезці ўсіх пенсіянераў. Так ён забраў і вывез 28 асобаў. Сужэнцы ехалі праз Расею да Вільні, куды прыехалі пару дзён таму, у суботу. У Вільні іх сустрэла дачка Аляксандра Паліна, якая месяц таму эвакуявалася з Кіева.

«Калі я прыехала сюды, не магла спыніцца – увесь час плакала. Тут такі цёплы прыём…» – дзяўчына расчулілася і не можа стрымаць слёзаў.

Спачатку яна згубіла сувязь з бацькамі, якія заставаліся ў Марыупалі. Праз два тыдні даведалася, што яны жывыя і што можна дапамагчы ім з выездам.

«Я зноўку сутыкнулася з вялікай хваляй дапамогі і падтрымання. Усе мае калегі вельмі перажывалі за нас, спрабавалі дапамагчы, прапаноўвалі ўсё – пачынаючы ад ежы і скончваючы жытлом. Я вельмі ім удзячная, у сітуацыі, у якой мы апынуліся, гэта проста бясцэнна. Літва стала другім домам для нас», – кажа яна.

Паліна распавядае, што ўсю перапіску з бацькам старалася нейкім чынам завуаляваць, пісаць намёкамі. Вядома, што ўкраінскіх уцекачоў курыруе ФСБ, таму былі асцярогі, што тэлефоны могуць праслухоўвацца.

«Мы ведалі, што ў некаторых украінцаў забіралі пашпарты, і мы адпраўлялі паведамленні кшталту «будзьце акуратнымі, сфатаграфуйце пашпарт». Былі максімальна асцярожнымі, бо не ведалі, як будзе развівацца сітуацыя далей. Усю дарогу па тэрыторыі Расеі, пакуль яны не мінулі мяжу з Эстоніяй, мы вельмі хваляваліся і не былі ўпэўненыя, што ўсё ўдасца. Здаецца, з-пад бомбаў выехалі, але рызыка для жыцця заставалася. Напрыклад, маглі б на вакзале дачапіцца да майго 70-гадовага бацькі, маўляў, ты азовец. Гэты ўзровень невыноснага цынізму і хлусні расейцаў мы цудоўна асэнсоўвалі, таму былі вельмі асцярожнымі да апошняга», – кажа дзяўчына.

Ілюстрацыйны здымак. Вайсковец прарасейскіх войскаў загружае гранатамёты ў баявую машыну пяхоты падчас баявых дзеянняў ва ўкраінска-расейскім канфлікце каля заводу металургічнай кампаніі «Азоўсталь» у паўднёвым партовым горадзе Марыупаль, Украіна. 12 красавіка 2022 года.
Фота: Аляксандр Ярмачэнка / Reuters / Forum

Паліна перакананая: калі б расяяне сапраўды хацелі выратаваць людзей, як яны заяўлялі, яны б хутка гэта рабілі – арганізоўвалі б зялёныя калідоры, аўтобусы. Так, як рабілі са свайго боку ўкраінцы: пастаянна падвозілі аўтобусы, забіралі людзей і адвозілі іх у бяспечнае месца. Але мэта ў расейцаў была іншая.

«Расейцы стваралі пякельныя ўмовы і правакавалі мясцовых жыхароў на тое, каб яны беглі ў «ДНР». Каб пасля паказаць лічбы – паглядзіце, як шмат людзей туды выехала. Натуральна, яны нікому не тлумачаць, што быў цалкам адрэзаны левы бераг, там пастаянна ішлі абстрэлы, не было ніякай магчымасці паехаць у бок Украіны», – адзначае Паліна.

Пасля такога «вызвалення» расейскай арміяй дзяўчына адчувае сябе цалкам спустошанай.

«Нам будзе вельмі складана. Нават калі нашыя дамы адбудуюць, калі мы вернемся ў нашую краіну, я не ведаю, як нам перамагчы душэўную пустэчу пасля ўсіх гэтых смерцяў і злачынстваў, якія расейцы здзейснілі супраць нас. Я не адчуваю сябе вызваленай імі, я адчуваю нянавісць, якую цяжка апісаць словамі. І такую нянавісць адчуваюць цяпер 99 % украінскага народу», – падкрэслівае Паліна.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра хімічную зброю і пагрозу яе выкарыстання ва Украіне
2022.04.12 18:32

ЗХ/СП/ТК belsat.eu

Стужка навінаў