Беларусь можа сутыкнуцца з абвальнай інфляцыяй. А план на год ужо правалены


Напярэдадні Дня касманаўтыкі Белстат распавёў пра сапраўды касмічныя тэмпы росту інфляцыі ў Беларусі. Гадавыя планы ўладаў адносна яе былі разбітыя ў няроўным баі ўсяго за адзін месяц. Разбіраемся, чаго чакаць далей і ці сапраўды беларускі Нацбанк тут не прычым, бо ў яго «лапкі»?

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Белсат

Спажывецкія цэны на тавары і паслугі ў сакавіку 2022 года ў параўнанні з лютым выраслі на 6,1 %. Гэта больш, чым у Асноўных кірунках грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, зацверджаных на ўвесь 2022 год. Нагадаем, што план уладаў на інфляцыю прадугледжваў, што яна не павінна перавысіць 6 %.

Агулам з пачатку года цэны ў Беларусі выраслі на 9,4 %, а за год – з сакавіка 2021-га да сакавіка 2022-га – на 15,9 %. То бок гадавы паказнік інфляцыі перавысіў планавы ў больш як 2,5 разу.

Сакавіцкія тэмпы росту цэнаў апошні раз фіксаваліся ў Беларусі ў 2011 годзе, адзначае партал «ilex».

Што найбольш падаражэла з пачатку года?

З пачатку года прадукты ў Беларусі падаражэлі на 7,6 %, сярод іх у топ-10 увайшлі:

Loading…

Нехарчовыя тавары за тры месяцы выраслі ў цане на 12,1 %. Лідарамі сярод іх сталі:

Істотна падаражэлі і паслугі – на 8,7 %. Найбольш рост паказалі паслугі:

А вось з тых тавараў, якія патаннелі за тры месяцы, не набярэцца і топ-10. Гэта свежыя агуркі (-16,9 %) і свежая белакачанная капуста (-5,2 %), а таксама непатрэбная ўвесну зімовая вопратка: дублёнкі, скураныя курткі на футры (-2,5 %), шапкі футравыя (-1,6 %), яшчэ адныя дублёнкі (-0,8 %), капелюшы (-0,4 %), шапкі футравыя (-0,3 %) і трыкатажныя (-0,2 %).

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Белсат

А ў сакавіку?

Інфляцыя ў сакавіку ў значнай ступені супадала ў топавых пазіцыях з паказнікамі за тры першыя месяцы. Гэтак, прадукты падаражэлі на 4,2 %, у тым ліку:

Нехарчовыя тавары выраслі ў цане найбольш – на 10,8 %. Сярод іх:

Паслугі ж падаражэлі найменш – толькі на 3,3 %. Лідарамі сярод іх былі паслугі:

Спіс таго, што патаннела, у сакавіку таксама не быў вялікім. Таннейшымі зрабіліся свежыя агуркі (-30,7 %), плашчы (-1,9 %), груца (-1,7%), гарох, фасоля (-0,8 %), паслугі канцэртавых арганізацыяў (-0,7 %), таксі (-0,5 %), ласасёвая ікра (-0,4 %), сасіскі, сардэлькі (-0,2 %) і каўбасы сыравэнджаныя ды сыравяленыя (-0,1 %).

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: ПБ / Белсат

У Нацбанку «лапкі»?

У Нацбанку Беларусі, каментуючы рэзкі рост цэнаў, заявілі, што ў гэтым «знайшлі адлюстраванне рост геапалітычнай напружанасці і ўзмацненне санкцыйнага ціску». Пры гэтым аб прычынах узмацнення санкцыйнага ціску, то бок аб падтрыманні беларускім рэжымам расейскай вайны ва Украіне, там не згадалі.

«Найбольш адчувальна на пагаршэнне паставак замежнай прадукцыі (сыравіны, матэрыялаў), рост транспартных выдаткаў і аслабленне нацыянальнай валюты рэагавалі цэны на імпартаваныя тавары, перш за ўсё нехарчовай групы і садавінагародніннай прадукцыі», – адзначылі ў рэгулятары.

«А ў нас, як кажуць, лапкі», – пракаментавалі заяву Нацбанку аўтары тэлеграм-каналу «Нашы грошы».

Пры гэтым яны нагадалі, што «гэтыя ж лапкі паралельна ўвялі забарону на вываз фізічнымі асобамі з краіны мукі, цукру, солі, розных крупаў больш як 1 кг, алею звыш як 1 літр і кансерваў больш як 3 банкі».

«Усё для гарантавання харчовай бяспекі. Гэта значыць, з харчбяспекай усё настолькі «добра», што ёй пагражае вываз мукі больш за кілаграм на чалавека», – гаворыцца ў свежым каментары эканамістаў.

Ці мог Нацбанк уратаваць цэны?

Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка BEROC, у размове з «Белсатам» адзначыла, што першачарговая задача такіх справаздачаў Нацбанку адносна інфляцыі – паказаць, калі інфляцыя высокая, што гэта не іх віна. Што ёсць нейкія вонкавыя фактары для яе.

«У гэты момант я мушу з імі пагадзіцца, бо сапраўды большая частка росту цэнаў прыходзіцца на той факт, што, па-першае, у рэгіёне адбываецца вайна, а па-другое, Беларусь выступае суагрэсарам у гэтай вайне, на якога накладзеныя санкцыі. Акрамя санкцыяў узнікла пэўная таксічнасць, якая выклікае праблемы ў тым ліку з лагістыкай, з пастаўкамі, са стасункамі з замежнымі партнёрамі. І ўсё гэта, безумоўна, уплывае на цэны», – адзначыла эканамістка.

На цэны ўплывае і рост кошту харчавання, бо Украіна ёсць адным з буйных прадаўцоў харчоў у свеце. Таксама некаторыя тавары даражэюць з прычыны істотнай дэвальвацыі беларускага рубля ў канцы лютага – пачатку сакавіка.

«І калі вытворцы і прадаўцы паднялі цэны, яны вельмі неахвотна іх апускаюць. Нават калі курс стабілізуецца. Яны могуць апусціць, але не на такі памер, як змяненне курсу», – мяркуе Кацярына Барнукова.

Таксама ў выніку санкцыяў зніклі або моцна падаражэлі некаторыя тавары і элементы вытворчасці: офісная папера, сродкі жаночай гігіены ды іншае. І ў такіх сітуацыях нявызначанасці, адзначыла эканамістка, вытворцы стараюцца закладаць разнастайныя рызыкі (валютныя, лагістычныя) у сваю цану.

«Гэта мы пабачылі ў сакавіку. І я не думаю, што Нацбанк мог зрабіць нешта іншае, каб гэты працэс спыніць. У нас і так ёсць вельмі шмат адміністратыўнага кантролю цэнаў, які не вельмі добра працуе. І пагаршаць яго не трэба», – падкрэсліла суразмоўца.

Кацярына Барнукова адзначыла, што падвышэннем ставак і зацісканнем рублёвай ліквіднасці Нацбанк і так здолеў трошкі стрымаць дэвальвацыю і паспрыяць адкочванню курсу назад. Так што, на ейную думку, казаць, што Нацбанк нечага не зрабіў, няправільна.

Комаровский рынок, торговля
Ілюстрацыйны здымак.
Фота: ПБ / Белсат

Што будзе далей?

Што датычыць прагнозу адносна інфляцыі, то тут, мяркуе эканамістка, запланаваны паказнік 6 % за год ужо будзе перавышаны. Нават калі рост цэнаў запаволіцца.

«Гэтак, мы не пабачым, напэўна, у красавіку ўжо 6 %, як у сакавіку. Але цалкам можа быць высокі адсотак. Таму да 6 % [за год. – Рэд. belsat.eu] мы ўжо ніяк не выйдзем», – заявіла Кацярына Барнукова.

Паводле яе, гадавая інфляцыя ў Беларусі будзе ў двухзначным дыяпазоне. З улікам жа прагнозаў, што ў Расеі яна можа скласці 15–20 %, такога ж варыянту можна чакаць і ў Беларусі.

«І гэта будзе моцны фактар для збяднення насельніцтва, бо зніжэнне даходаў будзе адбывацца перадусім праз інфляцыю», – мяркуе эканамістка.

Далей на дынаміку цэнаў у Беларусі будзе ўплываць перадусім сусветны кошт энерганосьбітаў і харчавання. Шмат што будзе залежаць і ад палітыкі Нацбанку. Напрыклад, у 2011 годзе рост цэнаў, выкліканы дэвальвацыяй, спрабавалі кампенсаваць ростам даходаў. У выніку інфляцыя за год склала амаль 109 %.

Калі ж і гэтым разам Нацбанк абярэ палітыку «дадрукавання» грошай, каб або падтрымаць нейкія дзяржпрадпрыемствы, або павысіць узровень даходаў насельніцтва, то тады Беларусь можа сутыкнуцца і з абвальнай інфляцыяй, заключыла Кацярына Барнукова.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў