Выведка ЗША: Расея можа ўварвацца ў Беларусь, калі палічыць гэта неабходным

У штогадовым дакладзе амерыканскай разведкі адзначаецца, што Расея будзе працягваць падрываць уплыў ЗША ў свеце і нарошчваць свой вайсковы патэнцыял. Аднак у простым канфлікце Масква не зацікаўленая, лічаць аналітыкі. Пра гэта паведамляе TUT.by.

Амерыканскія аналітыкі кажуць, што Расеі трэба не адкрытае сутыкненне з ЗША, а кампраміс на ўмовах узаемнага неўмяшання ва ўнутраныя справы і прызнання расейскай сферай уплыву значнай часткі былога СССР.

«У былым Савецкім Саюзе Масква мае добрыя магчымасці павысіць уласную ролю на Каўказе, уварвацца ў Беларусь, калі палічыць гэта неабходным, а таксама працягваць дэстабілізацыйныя намаганні супраць Украіны, у той час як перамовы аб урэгуляванні па-ранейшаму не прасоўваюцца, і там працягваюцца баі нізкай інтэнсіўнасці», – адзначаецца ў справаздачы амерыканскай выведкі.

Аналітыкі прагназуюць, што Расея будзе ўмешвацца ў новыя крызісы, калі яе інтарэсы будуць пад пагрозаю, а кошт такога ўмяшання будзе не надта высокі. Чакаецца працяг супрацы Расеі з Кітаем, рост яе ўплыву ў Сірыі і Лівіі, Венесуэле і на Кубе, а таксама ў іншых краінах Лацінскай Амерыкі за кошт энергетычных кантрактаў і паставак зброі.

Як гаворыцца ў справаздачы, адным з інструментаў для прасоўвання свайго парадку дня і паслаблення ўплыву ЗША будзе выкарыстанне энергарэсурсаў – з 2006 года Расея бачыць энергетыку ў якасці інструмента міжнароднай палітыкі (у тым ліку пастаўкі газу і пагрозу іх магчымага прыпынення ў Еўропу, а таксама будаўніцтва АЭС у розных краінах свету).

Ці Лукашэнка з Пуціным у адным акопе? «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою

ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны