«Пасля затрымання ці выбухаў шмат праяваў будзе выяўляцца праз два-тры месяцы». Калі чалавеку патрэбная псіхалагічная дапамога?


Як зразумець, што чалавеку патрэбная псіхалагічная дапамога, як пра гэта можна яму сказаць, і ці нармальна саромецца візіту да псіхолага? Паразмаўлялі з крызісным псіхолагам Таццянай Палхоўскай, якая расказала, з якімі праблемамі да яе найчасцей звяртаюцца, а таксама аб прычынах зваротаў.

Першая праблема – гэта часцей за ўсё дэпрэсіўны стан. У такім стане людзям вельмі складана кантактаваць з іншымі, складана бачыць сябе ў калектыве, не адчуваць сораму ці трывогі пры камунікацыі.

Другая праблема – гэта звычайна пра самаацэнку, кантакт з блізкімі і сямʼёй, пастаянную віну, пошук уласнай індывідуальнасці.

Трэцяя праблема – стрэс, асабліва ад падзеяў, якія былі ў нас напрыканцы мінулага лета. Калі разглядаць эмоцыі, то гэта віна, трывога і страх.

Чаму такія праблемы здараюцца?

У кожнага індывідуальная прычына. Людзі, што прыходзяць з прыкметамі посттраўматычнага стрэсавага сіндрому, – напрыклад, пасля выбухаў ці чагосьці падобнага, часцей за ўсё пасля выкопваюць вельмі шмат рэакцыяў, якія ўжо былі раней. То бок калі траўмаваныя людзі трапляюць зноў у такую ж трыгерную сітуацыю, то яны горш пераносяць стрэс. Яны часцей звяртаюцца па дапамогу, чым асобы, якія былі ў дастаткова спакойным стане ўсё сваё жыццё і раптам трапілі ў незвычайную сітуацыю.

Псіхолаг Таццяна Палхоўская. Фота з асабістага архіву суразмоўцы «Белсату»

Дарэчы, вельмі часта людзі аказваюцца ў кепскім эмацыйна-духоўным стане ў дастаткова добрых семʼях, дзе бацькі клапоцяцца пра ежу, адукацыю, але зусім не турбуюцца пра ўнутраны стан, умацаванне блізкасці са сваім дзіцем, раздзяленні ягоных эмоцый і г. д. Дарослы чалавек вырастае, як крышачку надкусаны яблычак. Тут яму трэба было неяк самому спраўляцца са сваімі эмоцыямі, там ён вымушаны адмаўляцца ад часткі сябе, там у яго не атрымліваецца рэалізавацца, там не можа раздзяляць свой боль з іншымі ды імкнуцца да чагосьці большага.

То бок прычына заўжды ці ў адсутнасці бяспекі, ці ў адсутнасці блізкасці са сваімі самымі роднымі людзьмі. Але гэта вельмі схематычна, зразумела, бо мы ўсе розныя, і прычыны таксама ў кожнага з нас будуць індывідуальныя, калі іх разглядаць уважліва.

Здымак з праекту «Нябачная траўма».
Фота: Леся Пчолка / Белсат

Як зразумець, што чалавеку патрэбная псіхалагічная дапамога?

Чалавеку патрэбная псіхалагічная дапамога, калі мы бачым, ці лепш – калі ён бачыць, што ён не шчаслівы. І тут не важна, ці добрае ў яго паводле сацыяльных мерак жыццё, ёсць нейкія псіхасаматычныя моманты ці не. Галоўная задача псіхолага – дапамагчы чалавеку знайсці той шлях для ўласнага жыцця, на якім ён будзе шчаслівы. Часам вы бачыце, што ваш блізкі ці знаёмы пастаянна зацыклены на нейкай праблеме, ці няспынна пракручвае ў галаве свае дыялогі з людзьмі ў канфліктных сітуацыях, якія даўно скончыліся. Ён можа ўвесь час думаць: «Ці правільна я сказаў, ці правільна напісаў, ці дастаткова смайлікаў паставіў у паведамленні?» Гэты чалавек заўжды выбачаецца, хвалюецца, што кагосьці пакрыўдзіў. Відаць, што ён злуецца, але тым не менш выконвае ўсё, што яго просяць. То бок, калі мы бачым гэтыя прыкметы, чалавеку патрэбная дапамога, бо ён назапашвае ў сабе дастаткова траўматычны стан, назапашвае напружанасць і адмаўляецца ад чагосьці свайго ўнутранага.

Гісторыі
«Нябачная траўма»: асабістыя гісторыі пацярпелых ад псіхалагічнага гвалту
2021.02.20 08:00

У людзей пасля затрымання ці выбухаў шмат праяваў будзе выяўляцца праз два-тры месяцы. Яны могуць плакаць без прычыны, горш спаць, харчаванне можа сапсавацца, можа пачаць балець сэрца, ці сціскаць страўнік, ці часта здарацца мігрэнь. Можа быць, што людзі будуць торгацца ад вельмі моцных гукаў. Назіраем розныя прыкметы, асабліва цялесныя, бо мы можам не ўсведамляць, што ў нас ёсць праблемы. Нам можа здавацца, што нічога не адбылося, нас не білі, мы не прайшлі праз нейкі гвалт, які зазнавалі іншыя людзі, таму ўсё добра. Але насамрэч цела ўсё памятае. Цела заўжды рэагуе на траўматызацыю, і пазней трыгеры таксама ўключаюць нашае цела. Калі мы адчуваем дыскамфорт у целе, гэта азначае, што нам трэба з гэтым працаваць. Гэтым якраз і займаюцца крызісныя псіхолагі.

Калі я заўважыў, што чалавеку неабходная псіхалагічная дапамога, ці варта яму пра гэта сказаць?

Можна сказаць, але вельмі далікатна, ашчадна і не больш за адзін-два разы. Напрыклад, сказаць: «Я заўважаю, што ты вельмі напружаны, трывожны, усхваляваны. Я бачу, як ты рэагуеш на гукі, навіны, адчуваю, што цяпер у цябе вельмі складаны час. Навошта з гэтым спраўляцца самому, калі ёсць прафесіяналы, спецыяльна навучаныя людзі? Яны дапамогуць больш хутка і эфектыўна, ашчадна выйсці з гэтага стану. Тады якасць твайго жыцця стане нашмат лепшая, я вельмі ў гэтым цябе падтрымліваю. Нічога страшнага ў гэтым няма, таму, калі ласка, давай пашукаем табе спецыяліста». Вам можна каго-небудзь парэкамендаваць. Калі чалавек адмаўляецца, то скажыце пра тое, што гэта ягонае права. Ён можа перадумаць і зразумець, што яму сапраўды могуць дапамагчы.

Здымак з праекту «Нябачная траўма».
Фота: Леся Пчолка / Белсат

Ці нармальна гэта – саромецца звярнуцца да псіхолага?

Тое, што людзям сорамна звярнуцца да псіхолага, гэта і нармальна, і не нармальна. Нармальна ў нашай сітуацыі ў постсавецкіх краінах, дзе людзі, якім трэба было кантактаваць з псіхіятрамі (бо пра псіхолагаў гаворкі асаблівай не было раней), то гэта заўжды пра кляймо, ужо моцныя псіхіятрычныя праблемы. Псіхолагі ж працуюць з нормай, з псіхічна здаровымі людзьмі. Часцей за ўсё да псіхолагаў звяртаюцца найбольш адукаваныя, адчувальныя людзі, якія клапоцяцца пра сябе, пра ўласную будучыню. Важна клапаціцца пра сваіх дзяцей, бо нашыя нявырашаныя псіхічныя праблемы будуць перадавацца ў наступнае пакаленне як спосаб паводзінаў, кантактаў са светам.

Не нармальна баяцца візіту да псіхолага менавіта таму, што да стаматолага мы звяртаемся, па манікюр таксама будзем прыходзіць. Паслуга псіхолага можа зрабіць нашае жыццё ва ўсіх сферах лепшым і больш якасным, таму саромецца гэтага ў такім кантэксце не нармальна.

А ў кантэксце таго, што чалавеку трэба ісці да незнаёмага спецыяліста і распавядаць пра самае асабістае, балючае, то гэта, вядома, нармальна. Важна выбраць добрага спецыяліста, да якога будзеш адчуваць давер, пасля гэты давер умацоўваць і напрацоўваць разам. І толькі потым пачынаецца сапраўдная псіхалагічная праца, такі працоўны альянс, які прыводзіць да добрага выніку. Без даверу і працоўнага альянсу вынік ці зусім не будзе праяўляцца, ці будзе слабы.

Hавiны
«Нармальны водгук на ненармальнасць таго, што адбываецца»: як перажыць псіхалагічны гвалт
2021.02.28 08:00

ДА belsat.eu

Стужка навінаў