У «пінскай справе» патрабуюць паўмільёна кампенсацыі і да 6,5 гадоў калоніі


Улады, якія запанікавалі праз падзеі ў Пінску 9 і 10 жніўня, павінны былі размясціць дадатковыя сілы бяспекі на верталётах. Крыніца: media-polesye.by

Так званую «пінскую справу» ў судзе Маскоўскага раёну Берасця разглядаюць з 23 сакавіка. 14 палітвязняў вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК) у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску, паведамляе «Вясна».

109 супрацоўнікаў міліцыі і чыноўнікаў хочуць атрымаць каля 530 тысячаў рублёў кампенсацыі за свае маральныя пакуты, бо яны «перажылі страх, прыніжэнне, боль і сорам, праз перажытыя падзеі страцілі сон, спакой і апетыт, адчувалі і адчуваюць трывогу».

«Пінскую справу» разглядае сумнавядомы суддзя Яўген Брэган. 14 красавіка пракуроры Дайнэка і Ляшок запыталі ў суда пакаранне для абвінавачаных: ад 5,5 да 6,5 гадоў калоніі:

  • 36-гадовы маналітчык Багнавец Раман – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 20-гадовы фанат ФК «Хваля» Богнат Данііл – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 31-гадовы Гунько Рыгор – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 28-гадовы работнік «Пінскдрэву» Ляжэнка Сяргей – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 43-гадовы дальнабойнік Міхайлаў Станіслаў – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 44-гадовая санітарка Маўшук Алена – 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму;
  • 42-гадовы Маўшук Сяргей – 6,5 гадоў калоніі строгага рэжыму (адзіны на волі пад хатнім арыштам);
  • 20-гадовы Масціцкі Дэвід – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 35-гадовы таксіст Рагашчук Вячаслаў – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 19-гадовы фанат ФК «Хваля» Рубец Алег – 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 37-гадовы актывіст руху «За свабоду» Салавей Ігар – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 35-гадовы Цярэшка Аляксандр – 6,5 гадоў калоніі строгага рэжыму;
  • 32-гадовы Халімончык Артур – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 20-гадовы Шэлямет Вячаслаў – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Усе, акрамя палітзняволеных Данііла Богната, Ігара Салаўя, Станіслава Міхайлава прызналі віну часткова. Данііл, Ігар, Станіслаў віну не прызналі цалкам. Некаторыя тлумачылі, што не збіраліся наносіць траўмы супрацоўнікам міліцыі, а білі толькі па шчытах, іншыя не згаджаліся з колькасцю нанесеных удараў. Таксама яны не прызнаюць, што мелі папярэдні намер і ўступілі ў змову.

Усе, акрамя Сяргея Маўшука, застаюцца ў берасцейскім СІЗА-7. Сяргею абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту, а ягоная жонка ўжо больш як восем месяцаў утрымліваецца пад вартаю.

Супрацоўнікі Пінскага дэпартаменту аховы адмовіліся ад матэрыяльнай кампенсацыі ад 14 фігурантаў «пінскай справы». У адрозненне ад супрацоўнікаў Пінскага РАУС і ГАУС, прэтэнзіяў матэрыяльнага характару да абвінавачаных яны не маюць. Таксама не заявілі патрабаванняў аб кампенсацыі шкоды супрацоўнікі Іванаўскага РАУС, якія прыбылі ноччу з 9 на 10 жніўня ў Пінск на падмацаванне. Аднак іншыя міліцыянты і чыноўнікі патрабуюць ад палітзняволеных у межах гэтай справы агулам каля 530 тысяч рублёў кампенсацыі.

Hавiны
Частка з пацярпелых міліцыянтаў у «пінскай справе» адмаўляюцца ад маральнай кампенсацыі
2021.04.13 22:34

У адказ на канвеерны допыт пацярпелых-міліцыянтаў і іхныя паказанні жыхары Пінску і Пінскага раёну стварылі петыцыю, у якой просяць Упраўленне ўнутраных справаў Берсцейскага аблвыканкаму правесці пазачарговую атэстацыю ўсіх пацярпелых супрацоўнікаў пінскіх ГАУС і РАУС, якія былі задзеяныя ў працы на вулічных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацый выбараў у Пінску 9 і 10 жніўня 2020 года і вызначыць ступень адпаведнасці названых супрацоўнікаў займаным пасадам.

На гэты момант петыцыю падпісалі больш як 3200 чалавек. Гэтая лічба расце.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў