Нацбанк падняў стаўку рэфінансавання да 8,5 %. Эксперт: «Мала падняў»


Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Павышэнне стаўкі рэфінансавання дазволіць запаволіць інфляцыю, але можа прывесці да пагаршэння сітуацыі ў эканоміцы.

Стаўка рэфінансавання – базавы інструмент рэгулявання ўзроўню адсоткавых ставак на грашовым рынку, і яна служыць асноваю для прызначэння адсоткавых ставак па аперацыях прадастаўлення ліквіднасці банкам.

З 21 красавіка 2021 года стаўка рэфінансавання складзе 8,5 % гадавых, стаўка па крэдыце овэрнайт – 9,5 % гадавых, стаўка па дэпазіце овэрнайт – 7,5 % гадавых, паведамляе Нацбанк.

«Пры канцы 2020 года інфляцыйныя працэсы паскорыліся, што было абумоўлена пераносам у цэны таго, што адбылося паслабленне беларускага рубля, а таксама шокамі прапановы на рынках асобных харчовых тавараў.

На пачатку 2021 года інфляцыя працягнула паскарацца пад уплывам далейшага павышэння сусветных цэнаў на харчовыя тавары, а таксама на імпартаваныя нехарчовыя тавары, кошт якіх для спажыўца павялічыўся з-за ўзрослых лагістычных выдаткаў і перабояў з пастаўкамі з прычыны пандэміі», – паведамляецца на сайце Нацбанку.

Навошта Нацбанк павышае стаўку

Павышэнне стаўкі рэфінансавання вядзе да пагаршэння ліквіднасці (даходнасці) банкаў, і яны не могуць дазволіць сабе выдаваць даступныя крэдыты насельніцтву і бізнесу.

Калі павышаць стаўку рэфінансавання, то гэта абмяжоўвае доступ эканомікі да крэдытаў, інфляцыя і дэвальвацыя тармозяцца. Але гэты крок прыводзіць да запаволення эканамічнага росту ў краіне.

Што адбудзецца з укладамі

Банкі прыцягваюць дэпазіты, каб пазней гэтыя грошы размясціць у крэдыты. А калі яны выдаюць крэдыты пад большы адсотак, то яны могуць прапаноўваць людзям вышэйшы адсотак на дэпазітах. Працэнты па ўкладах пры павышэнні стаўкі рэфінансавання павялічваюцца.

Што адбудзецца з крэдытамі

Калі крэдыты прывязаныя да стаўкі рэфінансавання, то пры яе павышэнні яны даражэюць.

Гэтыя захады не дастатковыя

«Стаўка рэфінансавання мусіць як мінімум перавышаць узровень інфляцыі. Калі інфляцыя ў нас складае каля 9 %, то стаўка павінна быць 10–15 %», – патлумачыў прафесар эканомікі, былы старшыня праўлення Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь Станіслаў Багданкевіч.

На меркаванне эксперта, такімі ўскоснымі метадамі Нацбанк уплывае на стабілізацыю валютна-фондавага рынку. Аднак для таго, каб ажывіць эканоміку, трэба паніжаць стаўку рэфінансавання. Тут унутраная супярэчнасць ёсць ва ўладах. Урад бы хацеў, каб стаўкі рэфінансавання былі нізкія, бо ўзровень рэнтабельнасці рэальнай эканомікі вельмі нізкі.

«Мы чуем пра тое, што ў нас прыбытак паніжаецца рэальнага сектару эканомікі. Кошт грошай мусіць зніжацца, тады павышаецца рэнтабельнасць. Але гэта такі спрошчаны погляд, бо гэтыя пытанні трэба вырашаць у эканоміцы: паніжаць выдаткі, павышаць канкурэнтаздольнасць у эканоміцы, стымуляваць павялічванне субʼектаў на рынку, а не рэгуляваць сітуацыю зменаю стаўкі рэфінансавання.

Банк вырашае галоўную задачу – стабільнасць на валютным рынку, калі абясцэньваецца рубель», – мяркуе аналітык.

з 1 ліпеня 2020 года Беларусі стаўка рэфінансавання захоўвалася на рэкордна нізкім узроўні – 7,75 % гадавых, што стала магчымым за кошт некалькіх гадоў нізкай інфляцыі. У лютым гэтага года, калі інфляцыя значна паскорылася, Нацбанк адклаў рашэнне аб змене стаўкі рэфінансавання «ў сувязі з неабходнасцю правядзення дадатковага аналізу прагнознай дынамікі спажывецкіх коштаў і ацэнкі працягласці ўздзеяння ключавых фактараў, якія прывялі да паскарэння росту спажывецкіх коштаў».

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў