На двоечку. Эксперты распавялі, ці добра беларусы разбіраюцца ў бюджэце і чаму

Фота: Белсат

Ці разбіраюцца беларусы ў бюджэтнай палітыцы? Адказ прагучаў падчас прэзентацыі 14 красавіка даследавання «Бюджэтная кампетэнтнасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь».

Даследаванне ладзілі ў чэрвені – ліпені 2020 года, а пытанні да яго складалі яшчэ мінулаю вясною. Праводзіў апытанне Беларускі інстытут рэформы і трансфармацыі публічнага трансфармавання (BIPART).

Адзначым, што пры аналізе вынікаў апытання ўлічваліся паказнікі менавіта запланаванага бюджэту на 2020 год. Пазнейшыя яго карэктаванні да ўвагі не браліся.

Што паказала даследаванне

Як распавяла экспертка BIPART Жанна Кулакова, узровень бюджэтнай кампетэнтнасці беларусаў выявіўся даволі нізкім. Яго сярэдняя адзнака склала 2,02 балу з 5. Пры гэтым беларусы лепш за ўсё ведаюць асноўныя стаўкі падаткаў і збораў (2,79 балу), а горш за ўсё – структуру расходаў бюджэту (1,39 балу).

Найлепш беларусы дасведчаныя пра стаўку падаходнага падатку: 76,9 % рэспандэнтаў правільна ацанілі гэты параметр. Горш за ўсё сярод напрамкаў бюджэтных расходаў яны арыентуюцца ў выдатках сацыяльнай накіраванасці: напрыклад, толькі 4,2 % удзельнікаў апытання ведаюць, што на адукацыю планавалася вылучыць найбольш выдаткаў кансалідаванага бюджэту ў 2020 годзе.

Падатковая плануе стварыць падрабязную базу даходаў насельніцтва

Пры гэтым беларусы схільныя значна завышаць ацэнку ўласнай бюджэтнай кампетэнтнасці: каля 80 % рэспандэнтаў лічаць, што яны маюць уяўленне пра аб’ёмы сродкаў, якія выплочваюцца ў бюджэт, але правільна ацаніць памер абавязковых адлічэнняў з заробку здольныя менш за 15 %.

Жанна Кулакова падкрэсліла, што беларусы схільныя змяншаць бюджэтныя выдаткі на сацыяльную сферу і перабольшваць іх на сілавікоў і дзяржаўны доўг. Таксама людзі не вельмі разумеюць розніцы паміж бюджэтамі розных узроўняў.

Прычыны гэтага яна бачыць у недастатковай празрыстасці бюджэтнага працэсу і ў тым, што чыноўнікі надаюць недастаткова ўвагі інфармаванню грамадзянаў. У сваю чаргу звычайныя грамадзяне, не маючы магчымасці ўплываць на бюджэтную палітыку, не выяўляюць цікавасці разбірацца ў гэтым пытанні, падкрэсліла экспертка. Пры гэтым у параўнанні з 2017 годам вырасла колькасць асобаў, якія жадаюць большай празрыстасці бюджэту ў цэлым і дзяржзакупаў у прыватнасці.

Што з гэтым рабіць?

Для змагання з бюджэтнымі міфамі і непісьменнасцю грамадзянаў прадстаўнікі BIPART прэзентавалі шэраг рэкамендацыяў для дзяржаўных уладаў. Гэтак, яны прапануюць распрацаваць праграму павышэння бюджэтнай кампетэнцыі беларусаў і пачаць яе рэалізацыю.

Прапануецца адкрыць магчымасці для ўдзелу грамадзянаў у бюджэтнай палітыцы, публікаваць у адкрытым доступе больш звестак і падаваць іх на запыты.

Мінфін хоча за кошт прыватнікаў напоўніць бюджэт, які апусцеў праз дапамогу дзяржпрадпрыемствам

Таксама BIPART прапануе забавязаць арганізацыі ўлучаць у разліковыя квіткі работнікаў інфармацыю пра поўны абʼём адлічэнняў з іхных заробкаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) і штогод інфармаваць падаткаплатнікаў пра абʼём выплачаных імі падаткаў ды ўнёскаў і асноўныя напрамкі іх расходавання.

Сярод іншых рэкамендацыяў ёсць і абавязак прадаўцоў адлюстроўваць у чэках інфармацыю пра суму падатку на дадатковую вартасць.

Ці зацікаўленыя ў гэтым улады?

Пры гэтым Жанна Кулакова лічыць, што дзейныя ўлады не зацікаўленыя павышаць бюджэтную кампетэнтнасць і падаваць звесткі пра патэнцыйна непапулярныя з’явы:

«Але міфы зніжаюць жаданне плаціць падаткі, ад гэтага можа пакутаваць напаўняльнасць бюджэту і расце незадаволенасць бюджэтнаю палітыкаю».

Адзначыла экспертка і неэфектыўнасць бюджэтных выдаткаў, як, напрыклад, у выпадку з сілавікамі, калі грамадзяне «плоцяць за бяспеку і перамогу закону, а пытанне ў тым, што атрымліваюць за гэтыя грошы».

Павысіць хутка і моцна

У сваю чаргу эксперт Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі, тлумачачы прычыны нізкай бюджэтнай кампетэнтнасці беларусаў, адзначыў, што «людзі значна лепш разбіраюцца ў тым, што больш датычыць іх самых, што яны бачаць у ведамасцях». Для шараговых грамадзянаў няма ніякай розніцы, з якога бюджэту – рэспубліканскага ці мясцовага – фінансуецца медыцына, пагатоў людзі часта «не бачаць розніцы паміж мясцовымі і рэспубліканскімі органамі ўлады».

Прычыны перабольшання выдаткаў на сілавікоў эканаміст патлумачыў недастаткова эфектыўным выдаткоўваннем сродкаў з бюджэту.

«У найбліжэйшыя год-два мы пабачым сапраўдны эканамічны крызіс». Як улады вядуць Беларусь да калапсу

«Улады таксама заяўляюць пра бясплатную медыцыну і адукацыю, якія «як манна нябесная» падаюць з неба, але насамрэч фінансуюцца з бюджэту. Таму і людзі так думаюць», – заявіў ён.

Дзве трагедыі. Адкрылася выстава, прысвечаная працы медыкаў у 2020 годзе. У менскай прасторы «Месца» адкрылі праект «Машына дыхае, а я – не». 29 сакавіка 2021 года. Фота: ТК / Белсат

Леў Львоўскі мяркуе, што вельмі хутка і вельмі моцна ўзняць бюджэтную кампетэнтнасць беларусаў можна, калі зрабіць так, каб выплата падаткаў датычыла кожнага:

«Выдаць на рукі ўсе грошы і потым у канцы года забавязаць выплаціць усе падаткі. Тады кожны літаральна ўбачыць усе свае падаткі».

На думку эканаміста, быць у курсе бюджэтнай палітыкі неабходна, каб праз дзяржаўныя і сацыяльныя механізмы рэгуляваць падаткаабкладанне і выдаткоўванне сродкаў з бюджэту, каб бюджэтная палітыка была бліжэйшая да пажаданняў большасці людзей:

«Інакш людзі хочуць аднаго, а ўлады выдаткоўваюць на іншае. У выніку расце сацыяльная напружанасць».

Агулам, мяркуе эксперт, бюджэтная кампетэнтнасць беларусаў будзе расці «як частка доўгатэрміновага трэнду». Палітызацыя ж грамадства ў 2020 годзе змушае грамадзянаў больш цікавіцца ў тым ліку і фінансавымі ўзаемаадносінамі з дзяржаваю.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны