Міліцыянты забралі грошы з гаманца, павесілі сцяг у акно. У Менску судзяць адну з лідарак аб’яднання пенсіянераў

Суд Фрунзенскага раёну сталіцы 14 красавіка разглядае адміністратыўны працэс у дачыненні Таццяны Зялко, лідаркі грамадскага абʼяднання пенсіянераў «Наша пакаленне».

Таццяна Зялко, лідарка грамадскага аб’яднання пенсіянераў «Наша пакаленне». 14 красавіка 2021. Менск, Беларусь. Фота: АК / Белсат

Таццяну Уладзіміраўну абвінавачваюць у тым, што яна вывесіла бел-чырвона-белы сцяг у акно (ч. 3 арт. 24.23 КаАП) і не падпарадкавалася супрацоўніку міліцыі, перашкаджаючы правядзенню ператрусу (арт. 24.3 КаАП).

31 сакавіка да Таццяны прыйшлі пяць супрацоўнікаў міліцыі, яны былі без формы, у масках і кепках, не прадставіліся. Супрацоўнікі сказалі, што ў іх ёсць ордар на ператрус.

Пенсіянеры прыйшлі падтрымаць Таццяну Зялко, лідарку грамадскага аб’яднання пенсіянераў «Наша пакаленне». 14 красавіка 2021. Менск, Беларусь. Фота: АК / Белсат

Па словах Аляксандра, сына Таццяны, які выступіў сведкам, сцяг, які вісеў на балконе, сам супрацоўнік сарваў са сцяны і павесіў на акно, пасля гэта сфатаграфаваў.

З Таццянай Уладзіміраўнай міліцыянты падчас ператрусу размаўлялі рэзка і агрэсіўна: «Ты яшчэ будзеш пытаць? Зараз загрыміш на 30 сутак!», «Абувай абутак без шнуркоў, у турме яны табе не спатрэбяцца».

Аляксандр Зялко, сын Таццяны Зялко, у калідоры Фрунзенскага суда. 14 красавіка 2021. Менск, Беларусь. Фота: АК / Белсат

Пасля ператрусу спадарыню Таццяну павезлі ў Следчы камітэт.

Другім сведкам выступіла суседка Таццяны Зялко. Паводле яе, ніякага сцяга ў гэты дзень на акне Таццяны яна не бачыла.

Разгляд адміністратыўнай справы у дачыненні Таццяны Зялко. 14 красавіка 2021. Менск, Беларусь. Фота: АК / Белсат

Далей суддзя зачытала рапарты супрацоўнікаў міліцыі, якія праводзілі ператрус. Паводле іх, менавіта сама пенсіянерка вывесіла сцяг і тым самым выказала сваю палітычную пазіцыю. У зале суда іх не было.

Ян Грыб і Таццяна Зялко выходзяць з суда пасля абвешчанага перапынку. 14 красавіка 2021. Менск, Беларусь. Фота: АК / Белсат

Суддзя Ярохіна дала слова Таццяне.

«У мяне канфіскавалі не толькі бел-чырвона-белы сцяг, але і сцяг Еўразвязу, і ўкраінскі, які мне падарылі. Я б хацела атрымаць назад мае рэчы. Тое, што маю кватэру разграмілі, – я маўчу, тое, што паламалі скрыні, – я таксама маўчу. Але тое, што яны забралі грошы з майго кашалька і залілі сумку вадою, – я патрабую разбору. Вы судзіце мяне за тое, чаго я не рабіла», – сказала спадарыня Таццяна.

У судзе абвешчаны перапынак да 14:40.

«Вы за нас сядзелі». Як затрыманыя на маршы пенсіянеры аплочваюць штрафы ды якое падтрыманне адчуваюць

АК, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны