Беласток – Горадня: канец сяброўскіх візітаў?


Мэр Беластоку абвесціў, што пасля леташніх выбараў у Беларусі ён неафіцыйна прыпыняе супрацу з уладамі суседняй Горадні. Рэпрэсіі за ўсходняй мяжою асуджаюць таксама гарадскія радцы і сеймік Падляскага ваяводства. Што гэта азначае на практыцы?

У сталіцы Падляскага ваяводства цяпер ёсць 16 гарадоў-партнёраў: ад літоўскага Каўнаса, праз расейскія Томск, Іркуцк, Пскоў і Калінінград, Іегуд у Ізраілі, Мілўокі ў ЗША і Лусаку ў Замбіі, да кітайскага Чунцзо. Горадня, да якой усяго 80 км (бліжэйшая, чым любая сталіца ваяводства ў Польшчы), у гэтым спісе адсутнічае. Беласток і Горадня ўваходзяць у лік «гарадоў зоны Усходняга партнёрства» – разам з украінскім Луцкам, грузінскім Горы, малдаўскай Бэлцю, армянскім Гюмры і азербайджанскім Сумгаітам.

Помнік Леніну на плошчы Леніна ў цэнтры Горадні. 13 ліпеня 2017.
Фота: Agencja Wschod / Forum

Аднак Беласток шмат гадоў быў у шчыльным кантакце з Горадняй. Першае пагадненне аб супрацы паміж двума гарадамі было падпісанае ў чэрвені 2000 года. Як удакладняюць прадстаўнікі гарадскіх уладаў, кантакты паміж двума цэнтрамі «заснаваныя на абмене інфармацыяй аб функцыянаванні дзяржаўных установаў, рэалізаваных праектах і дзейнасці падпарадкаваных адзінак».

– Прадстаўнікі мэрыі бяруць удзел ва ўрачыстасцях, звязаных з Днямі Горадні, у культурных фестывалях ды іншых урачыстасцях, – кажа Агнешка Блахоўска з аддзелу сацыяльных камунікацый мэрыі ў Беластоку ў інтэрвʼю карэспандэнту belsat.eu. – Прадстаўнікі ўладаў у Горадні штогод атрымліваюць падобныя запрашэнні.

Аднак ёсць шмат прыкметаў таго, што гэтыя сяброўскія візіты на некаторы час прыпыняцца. Прычынаю стала хваля рэпрэсій, якая пракацілася па Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, сфальсіфікаваных рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

– Я не магу сабе ўявіць, як можна легітымізаваць хоць некага з тых, хто прадстаўляе мясцовыя ўлады, пасля такой вычварнай фальсіфікацыі выбараў, – абвесціў мэр гораду Тадэвуш Трускаляскі ў канцы сакавіка. – Давайце не будзем гаварыць пра мясцовае самакіраванне ў Горадні, бо гэта на самой справе не мясцовае самакіраванне, гэта проста парадак дня нейкага губернатара. Пакуль узурпатар мае ўладу, я не буду супрацоўнічаць з уладамі Горадні.

Такім чынам мэр Беластоку падтрымаў пазіцыю гарадскіх радцаў, якія выказалі пратэст супраць нядаўняга пераследу прадстаўнікоў польскай меншасці, якія дзейнічаюць у Саюзе палякаў Беларусі.

Артыкулы
Яна кіруецца прынцыпам «калі не я, то хто». Хто такая Анджэліка Борыс – старшыня Саюзу палякаў у Беларусі
2021.04.09 09:15

– Лукашэнка перайшоў чарговую мяжу, закрануўшы польскую нацыянальную меншасць, – пракаментавала прыняцце пазіцыі гарадской рады Явіта Худзік, радца Грамадзянскай кааліцыі. – Прычыны затрымання і выстаўлення абвінавачанняў прадстаўнікам Саюзу палякаў абсурдныя.

Мэр гораду таксама распавёў пра «вялікую занепакоенасць тым, што адбываецца ў Беларусі, і тым, як дзяржаўныя ўлады ставяцца да нашых суайчыннікаў».

– Усё адбываецца так блізка ад нас, мы не можам заставацца абыякавымі. Менавіта таму мы вырашылі выказаць сваю нязгоду з гэтым і падтрыманне рэпрэсаваным, заняўшы пазіцыю гарадской рады, – растлумачыў ён.

Hавiны
Амаль як у «Gimme shelter»… Як працуе часовы дом для беларусаў у Беластоку
2020.12.12 12:49

Ці азначае гэта, што Беласток скарыстаецца магчымасцямі, якія дае месцазнаходжанне, і будзе актыўна дапамагаць пераследаваным у Беларусі? Прэс-сакратар мэрыі падкрэслівае, што дапамога рэпрэсаваным грамадзянам Беларусі – задача дзяржаўных органаў, якія ствараюць і каардынуюць замежную палітыку. Агнешка Блахоўска запэўнівае, што «горад Беласток падтрымліваў і падтрымлівае дзейнасць беларускай апазіцыі ў Польшчы, а таксама беларускай дыяспары ў нашай краіне».

– Сярод іншага ладзяцца канцэрты падтрымання, напрыклад, «Сэрца з Беларуссю» перад Драматычным тэатрам, альбо «Дзень Волі» у Беластоцкім тэатры лялек, – нагадвае яна.

Магчыма, менавіта таму, што двухбаковыя дачыненні паміж Беластокам і Горадняй маюць даволі нефармальны характар, канкрэтныя дзеянні выглядаюць крыху сімвалічна. На думку гарадскога радцы Пятра Янкоўскага, Беласток усё ж можа быць месцам, дзе людзі, якія ратуюцца ад рэжыму, могуць пачаць шукаць дапамогі.

– Я ўнёс прапанову стварыць свайго роду цэнтр падтрымання ўцекачоў, – кажа Янкоўскі. – Сёння я ведаю, што пры адной з няўрадавых арганізацыяў будзе створаны аддзел у справах уцекачоў, які будзе падтрымліваць не толькі палякаў з Беларусі, што хацелі б з’ехаць, але і беларусаў, палітычных ўцекачоў, якія павінны эвакуявацца з-за рэпрэсіяў, ціску альбо пагрозы пазбаўлення волі ў турмах ці калоніях. Хутчэй за ўсё, гэта будзе Польскі фонд дапамогі, якім я кірую, і цяпер мы разам з супрацоўнікамі абмяркоўваем, у якой форме гэта будзе адбывацца.

Hавiны
«Мэта – выжыць і застацца на свабодзе». Як беларускія ўцекачы хаваюцца ў Польшчы
2020.10.18 14:30

Дапамогу бежанцам з Беларусі з мінулага года аказвае фонд «Беларусь-2020». У снежні з ініцыятывы фонду быў створаны беларускі шэлтар – часовы дом для тых, хто ўцякае ад рэжыму. Ён паўстаў дзякуючы збору сродкаў, арганізаванаму сярод беларускай дыяспары. Плануецца адкрыць падобныя часовыя дамы ў Лодзі і Вроцлаве. Месцы гэтага тыпу таксама павінны быць створаныя ва Украіне і Расеі.

Пазіцыю адносна пераследу прадстаўнікоў польскай меншасці ў Беларусі на мінулым тыдні таксама выказаў сеймік Падляскага ваяводства. Дакумент быў прыняты на спецыяльна скліканай з гэтай прычыны дыстанцыйнай сесіі.

– Сеймік Падляскага ваяводства выказвае рашучы супраціў дзеянням уладаў Рэспублікі Беларусь супраць Саюзу палякаў у Беларусі ды іншых грамадскіх арганізацыяў і польскай меншасці, якая жыве ў гэтай краіне. Мы выказваем салідарнасць з усімі рэпрэсаванымі і беспадстаўна арыштаванымі, у тым ліку Анджэлікай Борыс, кіраўніцай Саюзу палякаў Беларусі, і чальцамі праўлення Саюзу: Анджэем Пачобутам, Ірэнай Бярнацкай і Марыяй Цішкоўскай, – гаворыцца ў дакуменце.

Аналітыка
Лукашэнка абяцаў: калі стане прэзідэнтам, палякі будуць мець столькі школаў, колькі неабходна. Гісторыя Саюзу палякаў Беларусі
2021.04.05 08:00

Маршалкоўскае ўпраўленне Падляскага ваяводства шмат гадоў супрацоўнічае з уладамі Гарадзенскай і Берасцейскай вобласцяў, у тым ліку ў галіне трансгранічнага турызму. А ў выпадку супрацы на рэгіянальным узроўні значэнне мае рэальная дзейнасць, якая фінансуецца, у прыватнасці, з бюджэту Еўрапейскага Звязу.

Радныя ваяводскага сейміка, якія звяртаюцца да ўладаў Беларусі з «пераканаўчай» просьбаю «неадкладна вызваліць усіх арыштаваных і спыніць рэпрэсіі супраць грамадскіх арганізацыяў, у тым ліку польскіх, і польскіх школаў у Беларусі», адначасова заяўляюць пра гатоўнасць працягваць супрацу з беларускімі партнёрамі.

– Мы высока цэнім трансгранічную супрацу з Гарадзенскай і Берасцейскай вобласцямі ды жадаем працягваць яе на карысць жыхароў. Мы спадзяемся, што ўлады Рэспублікі Беларусь будуць вырашаць унутраныя сацыяльныя праблемы шляхам дыялогу, – адзначаюць яны ў пастанове.

Лукаш Леанюк belsat.eu

Стужка навінаў