25-гадовай жыхарцы Менску пагражае два гады «хатняй хіміі» за каментар пра Лідзію Ярмошыну


У судзе Маскоўскага раёна Менску 14 красавіка распачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 25-гадовай Аляўціны Корчык, якую вінавацяць па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу («абраза прадстаўніка ўлады»). Вырак будзе абвешчаны заўтра, паведамляе spring96.org.

Аляўціна Корчык скончыла журфак БДУ, працуе тэхнічнай пісьменніцай і капірайтарам.

Аляўціна Корчык.
Фота: старонка Аляўціны ў Facebook

Паводле следства, Аляўціна 30 кастрычніка, «маючы намер зняважыць прадстаўніка ўлады, з мэтай прыніжэння гонару і годнасці, звязанай з электаральнай кампаніяй і кіруючыся нізкімі памкненнямі», пакінула ў тэлеграм-чаце «Міхалова-чат» каментар: «Большай ш…й, чым Ярмошына, усё роўна нікому не стаць».

Сваю віну Аляўціна ў судзе не прызнае.

З 19 студзеня па 22 студзеня Аляўціна Корчык знаходзілася ў ІЧУ. Яна прызналася ў судзе, што паказанні падчас следства давала пад псіхалагічным ціскам і прымусам сілавікоў, якіе яе палохалі, што адвязуць на Акрэсціна. У выпадку прызнальных паказанняў яны абяцалі адпусціць яе адразу.

Пракурор Яўген Серакоў патрабуе пакараць Корчык абмежаваннем волі тэрмінам на два гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

У апошнім слове Корчык адзначыла, што кожны чалавек можа напісаць глупства. На жаль, яна выкарыстала не самае ўдалае слова, якое было сказана ва ўзрушаных пачуццях. Алеўціна не лічыць, што пакаранне за гэтую памылку павінна быць такім жорсткім.

Справу разглядае суддзя Лідзія Целіца.

Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Са жніўня былі распачатыя больш за 2400 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі, 352 чалавека па стане на 14 красавіка прызнаныя палітвязнямі. Тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, больш за 33 тысячы чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Паводле розных ацэнак, ад 4 да 10 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.

Гісторыі
«Пра Волю казалі, што яна Дон Кіхот». Што вядома пра маці пяцярых дзяцей, якую кінулі ў СІЗА за «пратэставую дзейнасць»
2021.03.23 07:00

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў