249-ы дзён пратэстаў. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі 14 красавіка – 249-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Вырак блогерам і іншыя палітычныя суды

Берасцейскіх блогераў Пятрухіна і Кабанава пакаралі калоніяй і штрафамі. Суддзя: Вольга Краўчанка. Магілёў, Беларусь. 14 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Суд Кастрычніцкага раёну Магілёва 14 красавіка пакараў блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава 3 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Акрамя таго, палітвязні павінны аплаціць 1500 рублёў як кампенсацыю маральнай шкоды плюс 87 рублёў мыты.

Суддзя Вольга Краўчанка прызнала блогераў вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, і ў абразе прадстаўніка ўлады.

Самі Пятрухін і Кабанаў на судзе адсутнічалі. Суддзя палічыла, што прывозіць іх залішне, а дастаткова прадстаўнікоў іх абароны. Таму прысуд абвяшчаўся без іх.

Cуд у «пінскай справе» ў Берасці.
Фота: Белсат

У Берасці пракуроры Ляшок і Дайнэка запрасілі пакаранне для 14 фігурантаў «пінскай справы»: ад пяці з паловай да шасці з паловай гадоў калоніі.

  • 36-гадовы маналітчык Багнавец Раман – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 20-гадовы фанат ФК «Хваля» Богнат Данііл – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 31-гадовы Гунько Рыгор – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 28-гадовы работнік «Пінскдрэву» Ляжэнка Сяргей – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 43-гадовы дальнабойнік Міхайлаў Станіслаў – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 44-гадовая санітарка Маўшук Алена – 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму;
  • 42-гадовы Маўшук Сяргей – 6,5 гадоў калоніі строгага рэжыму (адзіны на волі пад хатнім арыштам);
  • 20-гадовы Масціцкі Дэвід – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 35-гадовы таксіст Рагашчук Вячаслаў – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 19-гадовы фанат ФК «Хваля» Рубец Алег – 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 37-гадовы актывіст руху «За свабоду» Салавей Ігар – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 35-гадовы Цярэшка Аляксандр – 6,5 гадоў калоніі строгага рэжыму;
  • 32-гадовы Халімончык Артур – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 20-гадовы Шэлямет Вячаслаў – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

14 палітвязняў вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК) у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску. 109 міліцыянтаў і чыноўнікаў хочуць атрымаць каля 530 тысячаў рублёў кампенсацыі за свае маральныя пакуты, бо яны «перажылі страх, прыніжэнне, боль і сорам, праз перажытыя падзеі страцілі сон, спакой і апетыт, адчувалі і адчуваюць трывогу».

Сёння стала вядома, што ў мужа і жонкі Мовшук Алены і Сяргея, якія абодва праходзяць абвінавачанымі па гэтай справе, непаўналетняю дачку забралі ў прытулак. Алена Мовшук пасля выступу пракурора напісала ў сшытку: «Я павешуся!»

Hавiны
Палітвязня судзяць за пудзілаў і налепкі з Пагоняй
2021.04.14 10:16

Суд Іванаўскага раёну Берасцейшчыны прызнаў настаўніцу Алену Пуцыковіч вінаватай у паклёпе (арт. 188 КК) і пакараў яе 2,5 гадамі «хіміі» за рэпост, дзе распавядалася, што міліцыянт Аляксандр Задарожны «здымаў на камеру жанчын з белымі і чырвонымі балонікамі і кветкамі, а потым ілжэсведчыў у судзе супраць іх».

Аляўціна Корчык.
Фота: старонка Аляўціны ў Facebook

У Менску для 25-гадовай Аляўціны Корчык пракурор запрасіў 2 гады «хатняй хіміі» за каментар у тэлеграм-чаце пра старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну. Паводле следства, Аляўціна 30 кастрычніка пакінула ў тэлеграм-чаце «Міхалова-чат» каментар: «Большай ш…й, чым Ярмошына, усё роўна нікому не стаць». На падставе гэтага допіску сілавікі распачалі справу паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу («абраза прадстаўніка ўлады»). Аляўціна сваю віну не прызнае.

Hавiны
Міліцыянты забралі грошы з гаманца, павесілі сцяг у акно. У Менску судзяць адну з лідарак аб’яднання пенсіянераў
2021.04.14 14:51

Лукашэнка ў Баку

Аляксандр Лукашэнка прыбыў з візітам у Азербайджан 13 красавіка. Учора ён правеў сустрэчу з Ільхамам Аліевым у нефармальнай абстаноўцы, а сёння адбылася афіцыйнай частка перамоваў. Па выніках Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Азербайджан дамовіліся перайсці на новую стадыю кааперацыі і эканамічнай супрацы.

Аб’ектыў
Навошта Лукашэнка лятаў у Азербайджан да Ільхама Аліева
2021.04.14 22:59

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі ў размове з belsat.eu адзначыў, што ў Лукашэнкі было некалькі мэтаў, звязаных з гэтым візітам.

«Можа быць нават на першым месцы стаіць мэта піяраўская, бо Лукашэнкі вельмі бракуе легітымнасці пасля леташніх падзеяў. Амаль што нікуды няма магчымасці выбрацца з візітамі. Пасля інаўгурацыі нідзе ён не быў, акрамя як у Сочы, дзе сустракаўся з Пуціным. Таму гэты візіт беларуская прапаганда напоўніцу выкарыстае, дзеля таго, каб паказаць, што няма ніякай ізаляцыі, няма ніякага крызісу легітымнасці».

Класкоўскі не выключае, што паміж Баку і Менска можа ісці размова пра пашырэнне вайскова-тэхнічнай супрацы. Таксама аналітык мяркуе, што канфідэнцыйна на сустрэчы абмяркоўвалася фінансавае пытанне, бо ў рэжыму Лукашэнкі цяпер вялікая патрэба ў грошах.

«Сапраўды ў свой час, у 2010 годзе, Аліеў дапамог Лукашэнку – даў на кароткі тэрмін $ 200 мільёнаў, калі трэба было тэрмінова сплаціць доўг «Газпраму». Але гэта не тыя грошы, якія могуць цяпер вырашыць фінансавыя праблемы беларускага рэжыму. А нейкія больш вялікія сумы на большы тэрмін – наўрад ці можна разлічваць. У Азербайджана цяпер не самая лепшая фінансавая сітуацыя, тым больш пасля нядаўняй вайны. Таму ёсць сумневы, што Аліеў расшчодрыцца на значныя сумы», – кажа эксперт.

Папярэджанне і затрыманне журналістаў

Анджэй Пісальнік, шэф znadniemna.pl.
Фота: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Генпракуратура раніцай 14 красавіка паведаміла, што гарадзенскаму журналісту і прэс-сакратару Саюзу палякаў у Беларусі Анджэю Пісальніку вынесена афіцыйнае папярэджанне за тое, што ён у эфіры польскіх радыёстанцыяў «Radio 24» і «Radio 4» на пачатку красавіка 2021 года выказаў шэраг меркаванняў. Так, Анджэй Пісальнік заявіў, што ў беларускіх СМІ пачалася шырокамаштабная прапаганда супраць Польшчы. І робіцца гэта для таго, каб «стварыць вобраз палякаў як людзей другой катэгорыі», ачарніць іх у вачах грамадства і зрабіць з палякаў ворагаў народу, «як было ў сталінскі час».

Гарадзенская пракуратура пабачыла ў гэтых выказваннях змест, які супярэчыць патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб нацыянальных меншасцях і аб супрацьдзеянні экстрэмізму.

У кватэры Анджэя Пісальніка і ягонай жонкі Інэс Тодрык-Пісальнік міліцыянты правялі агляд. Пасля гэтага іх затрымалі і перавезлі з Горадні ў Менск. Як высветлілася поздна ўвечары, у Менску іх дапыталі і адвезлі назад у Горадню.

Hавiны
Затрыманы былы палітвязень. Ён вярнуўся ў Беларусь да сям’і, хоць яму забаранілі ўезд на 10 гадоў
2021.04.14 14:11

Нацбанк прызнаў інфляцыю

Нацыянальны банк упершыню за шэсць гадоў у Беларусі павысіў стаўку рэфінансавання: праз тыдзень яна складзе 8,5 % гадавых.

«Пры канцы 2020 года інфляцыйныя працэсы паскорыліся, што было абумоўлена пераносам у цэны таго, што адбылося паслабленне беларускага рубля, а таксама шокамі прапановы на рынках асобных харчовых тавараў.

На пачатку 2021 года інфляцыя працягнула паскарацца пад уплывам далейшага павышэння сусветных цэнаў на харчовыя тавары, а таксама на імпартаваныя нехарчовыя тавары, кошт якіх для спажыўца павялічыўся з-за ўзрослых лагістычных выдаткаў і перабояў з пастаўкамі з прычыны пандэміі», – паведамляецца на сайце Нацбанку.

На думку адмыслоўцы – гэта сімвалічны крок, які сігналізуе, што Нацыянальны банк заўважыў інфляцыю.

«Праблема ў тым, што сёння стаўка рэфінансавання не працуе так, як павінна працаваць. Звычайна Нацбанк пад гэтую стаўку выдае крэдыты камерцыйным банкам. У нас сёння выдача гэтых крэдытаў прыпыненая. Яна была прыпыненая яшчэ ў жніўні 2020 года, і з таго часу сітуацыя не змянілася. І не зразумела, ці зменіцца бліжэйшым часам», – падкрэслівае акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.

Аб’ектыў
Схаваць паскарэнне інфляцыі не атрымліваецца
2021.04.14 23:00

«Стаўка рэфінансавання мусіць як мінімум перавышаць узровень інфляцыі. Калі інфляцыя ў нас складае каля 9 %, то стаўка павінна быць 10–15 %», – патлумачыў прафесар эканомікі, былы старшыня праўлення Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь Станіслаў Багданкевіч.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў